У Мінску дамовіліся аб спыненні агню

Галоўны вынік мінскага саміта: з 0 гадзін 15 лютага ў Данбасе будзе спынены агонь. Цяжкае ўзбраенне будзе адведзена на бяспечную адлегласць. Зроблены важны крок для ўстанаўлення міру ва Украіне.

Лідары «нармандскай чацвёркі» – канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнты Расіі Уладзімір Пуцін, Украіны Пётр Парашэнка і Францыі Франсуа Аланд – 12 лютага завяршылі перагаворы ў Мінску, якія доўжыліся амаль 16 гадзін. Па іх выніках была дасягнута дамоўленасць аб спыненні агню.

«Я вельмі задаволены, што Беларусь выканала сваю функцыю, сваю ролю. Але галоўныя дзеючыя асобы, вядома, былі кіраўнікі дзяржаў», – так Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пракаменціраваў вынікі праведзеных у Мінску перагавораў у «нармандскім фармаце».

«Яны (лідары «нармандскай чацвёркі» – заўвага БЕЛТА) – проста малайцы, яны вытрымалі гэты марафон, але вы не перабольшвайце тое, што гэтыя перагаворы ішлі так доўга. Пытанні вайны і міру вырашаюцца месяцамі, а то і гадамі, а тут удалося дасягнуць згоды аб прыпыненні вайны на працягу ўсяго толькі 15 гадзін. Малайцы!» – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што галоўнае яшчэ наперадзе. І неабходна на справе рэалізаваць усе дасягнутыя дамоўленасці.

У прынятай па выніках перагавораў дэкларацыі гаворыцца, што «Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка, Прэзідэнт Французскай Рэспублікі Франсуа Аланд і Канцлер Федэратыўнай Рэспублікі Германія Ангела Меркель пацвярджаюць поўную павагу суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Яны цвёрда перакананы ў безальтэрнатыўнасці выключна мірнага ўрэгулявання, цалкам гатовы прыняць любыя магчымыя меры як паасобку, так і сумесна ў гэтых мэтах».

У гэтым кантэксце лідары адабраюць Комплекс мер па выкананні мінскіх пагадненняў, прыняты і падпісаны ў Мінску 12 лютага 2015 года ўсімі, хто таксама падпісаў мінскі пратакол ад 5 верасня 2014 года і мінскі мемарандум ад 19 верасня 2014 года. Лідары будуць уносіць уклад у гэты працэс і выкарыстоўваць свой уплыў на адпаведныя бакі, каб садзейнічаць выкананню гэтага комплексу мер, падкрэсліваецца ў дэкларацыі.

«Гэта сур’ёзная надзея, – сказаў Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд па выніках перагавораў. – Гэта вялікае аблягчэнне для Еўропы».

Аланд пацвердзіў, што «была дасягнута дамоўленасць аб спыненні агню і палітычным урэгуляванні» ўкраінскага канфлікту. Разам з тым французскі лідар адзначыў, што яшчэ чакаецца работа па ажыццяўленні дасягнутых пагадненняў.

Канцлер Германіі Ангела Меркель станоўча расцэньвае вынікі завершаных 12 лютага ў Мінску перагавораў па Украіне. «Цяпер ёсць іскра надзеі», – цытуюць канцлера нямецкія СМІ.

Прэзідэнт Беларусі па выніках саміта даў інтэрв’ю вядучаму праграмы «Весткі ў суботу» на тэлеканале «Расія 1». Размова адбылася пасля завяршэння мерапрыемстваў у рамках сустрэчы на вышэйшым узроўні ў «нармандскім фармаце».

«Хачу, каб вы ведалі, мы гэта не афішыравалі, але свае прапановы і сваю пазіцыю да перагавораў (аб урэгуляванні ўкраінскага крызісу) мы выказалі, і ўсе ўдзельнікі яе ведалі», – адзначыў у ходзе інтэрв’ю Аляксандр Лукашэнка.

«Упэўнены, што наша пазіцыя па Украіне ў бліжэйшай будучыні будзе запатрабавана. Магчыма, гэта неяк паўплывала на тое, што вось у такім фармаце перагаворы адбыліся ў Мінску», – адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанні, што датычацца перспектыў далейшага развіцця адносін Беларусі з Захадам, станаўлення Еўразійскага эканамічнага саюза.

Плануецца, што інтэрв’ю будзе паказана ў вячэрнім эфіры тэлеканалаў «Расія 1» і «Расія 24» у суботу 14 лютага.

Пункт погляду

Старшыня Еўрапарламента Марцін Шульц вітае дасягненне ў Мінску пагаднення аб спыненні агню ва Украіне. Аб гэтым ён заявіў у Бруселі. У сваю чаргу прэм’ер-міністр Італіі  Матэа Рэнцы, які прыбыў у Брусель, назваў вынік мінскіх перагавораў «выдатным рэзультатам».

«Сёння ў нашай краіне адбываюцца падзеі сусветнай геапалітыкі. Беларусь стала цэнтрам свету, цэнтрам прымірэння. Аб гэтым гавораць замежныя пісьменнікі, што ў Беларусі такі лёс – адыграць гістарычную ролю. Нам гэты лёс падарыў, вядома, не толькі Усявышні. Гэта самі беларусы ў свой час вызначылі курс развіцця краіны, выбраўшы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку», – такое меркаванне выказала журналістам міністр інфармацыі Лілія Ананіч у час XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу.

Яна таксама дадала, што дзякуючы  мудрай палітыцы, што праводзіцца ў краіне на працягу ўсяго перыяду развіцця беларускай дзяржавы, Беларусь змагла стаць гэтай пляцоўкай міру.

Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *