Гарачае лета ў Кабуле. 15 лютага Беларусь чарговы раз адзначыць Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў

Войны, узброеныя канфлікты ў розных кутках свету, дзе прымалі ўдзел грамадзяне Беларусі, Алжыр, Ангола, Егіпет — далёка не поўны пералік кропак, гарачыню якіх у прамым і пераносным сэнсах адчулі на сабе нашы суайчыннікі – воіны-інтэрнацыяналісты. Асабліва драматычная старонка звязана з афганскай вайной. 15 лютага 1989 года апошні савецкі салдат пакінуў Афганістан. Менавіта 15 лютага і стала ў Беларусі Днём памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Праз афганскае пекла за дзесяцігоддзе прайшлі 28832 грамадзяніна нашай краіны, у сумным спісе 723 загінуўшых значацца і 3 нашы землякі-ляхавічаніна.

“Афганцы” — людзі асаблівай загартоўкі, высакародныя і надзейныя, мужныя і стойкія, сапраўдныя верныя сябры. Салдаты, якія пад кулямі душманаў, пад спякотным сонцам выканалі свой воінскі абавязак і засталіся вернымі прысязе. Ветэранамі баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін сёння лічацца 54 нашы землякі, сярод якіх – 2 жанчыны. Ужо сталі дарослымі іх дзеці, у многіх падрастаюць унукі, але гулкае афганскае рэха час ад часу нагадвае пра тыя страшныя падзеі і ў снах усплываюць імгненні далёкіх баёў, твары загінуўшых аднапалчан…

— Атрымаў павестку. Хутка ў армію! — гэтай радаснай навіной Пеця Бурбіцкі вясной 1982 года адразу падзяліўся з бацькамі і сябрамі, якіх у родным Ліпску ў яго было шмат. Дужы, смелы, жыццярадасны юнак трапіў у элітныя паветрана-дэсантныя войскі.

Армейскую вучэбку на працягу 6 месяцаў праходзіў у Прыбалтыцы, недалёка ад Каўнаса.

— Я воін Узброеных Сіл, даваў прысягу. Таму, куды Радзіма накіравала, туды і пайшоў служыць — у Афганістан. Значыць, так было неабходна. Загады ў арміі не абмяркоўваюцца, — гаворыць Пётр Пятровіч.

Тады ён яшчэ не ведаў, што ў розных гарачых кропках Афганістана будуць ваяваць яшчэ чацвёра яго аднакласнікаў, выпускнікоў Ліпскай СШ 1981 года.

Радавы Пётр Бурбіцкі пачаў службу 26 кастрычніка 1982 года ва ўзводзе, які дыслакаваўся недалёка ад сталіцы Афганістана – Кабула. Што можа быць страшней ваеннага пекла? І праз дзесяцігоддзі наш зямляк сцвярджае, што такое і перажыць цяжка, а забыць немагчыма, нават калі вельмі хочацца. Час ад часу ён перагортвае чарговы раз старонкі армейскага альбома.

Пятру пашчасціла: за 19 месяцаў 13 дзён службы на тэрыторыі Афганістана, калі кожнае імгненне магло стаць апошнім, ён не быў нават паранены, кулі нібы абыходзілі дэсантніка бокам. Магчыма, гэта салдацкае шанцаванне, а можа маміны вочы, маміны словы, маміны слёзы і тое, як хваляваліся за свайго Пецю, пісалі яму пісьмы, радавалі добрымі весткамі з дому бацькі, два браты і сястра.

7 ліпеня 1984 года – асаблівая дата ў яго жыцці. Намеснік камандзіра ўзвода Пётр Бурбіцкі, ўзнагароджаны за мужнасць і гераізм медалём “За баявыя заслугі”, і ваеннаслужачыя, якія былі на борце самалёта, пачулі доўгачаканыя словы штурмана:

– Усё, мяжу з Афганістанам праляцелі, праз 2 гадзіны будзем у Ташкенце.

Успамінае, як накрыла хваля аблягчэння, ні з чым не параўнальнага пачуцця, што нарэшце ўсё завяршылася.

Летняя вясковая раніца. Ліпск. Ціхі стук у дзверы вясковай хаты. Адчыніла маці. На парозе стаяў яе Пеця — жывы, здаровы, памужнелы і пасталелы, такі родны і любімы. Як жа яго чакалі дома! На шчасце, вярнуліся з Афганістана жывымі і яго аднакласнікі.

Мірнае жыццё закружыла юнака ў віхуры падзей, знаёмстваў. Вучыўся ў Мазырскім геафізічным тэхнікуме, пасля яго заканчэння працаваў па спецыяльнасці. Але каханне і вяселле памянялі планы. Пётр вярнуўся на радзіму. Цяпер з сям’ёй жыве ў Ляхавічах, працуе вартаўніком у лясгасе.

Шчаслівы бацька мае трох сыноў. Старэйшы 24-гадовы Яўгеній ваенны, служыць у Баранавічах, падарыў разам з жонкай бацькам унучку. Сярэдні Уладзіслаў — будучы электрасувязіст, малодшы Антон – школьнік.

…Пётр Пятровіч кожны год з асаблівым хваляваннем чакае непадобныя на іншыя даты: 15 лютага – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і 2 жніўня – Дзень дэсантніка, калі зноў сустрэнецца з сябрамі-аднапалчанамі. Каб падзяліцца ўспамінамі, пагаварыць і абавязкова прыгадаць тых, каго няма ў жывых, але хто назаўсёды застаўся ва ўспамінах, расказах, фотаздымках.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і  з сямейнага архіва.

Перад самай адпраўкай у Афганістан у вайсковую часць, дзе служыў юнак, прыехалі яго бацькі і стрыечная сястра.

Яшчэ амаль год Пётр Бурбіцкі быў у Афганістане. На фотаздымку ён разам з сябрам-аднапалчанінам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *