Вадзіцелі, уключыце святло!

Аўтадарогі рэспубліканскага значэння, што праходзяць па тэрыторыі нашага раёна (граніца Расійскай Федэрацыі–Крычаў–Бабруйск–Івацэвічы, Баранавічы–Ляхавічы, Клецк–Ляхавічы, Баранавічы–Асіповічы), – патэнцыяльна аварыйна-небяспечныя месцы, якія трымаюцца пад асаблівай увагай супрацоўнікаў ДАІ. Для кантролю за дысцыплінай удзельнікаў дарожнага руху тут найчасцей выкарыстоўваюцца відэафіксатары.
Адно з найбольш распаўсюджаных парушэнняў ПДР вадзіцелямі – незахаванне скорасных рэжымаў. Дарэчы, калі вадзіцель двойчы на працягу года затрымліваецца за перавышэнне больш як на 20 кіламетраў у гадзіну дазволенай скорасці, то, згодна часткі 4 артыкула 18.13 КоАП, ён пазбаўляецца вадзіцельскага пасведчання тэрмінам на 12 месяцаў або на яго накладаецца штраф у памеры ад 4 да 15 базавых велічынь.
Вялікае значэнне для дарожнай бяспекі мае захаванне ПДР усімі ўдзельнікамі дарожнага руху, у тым ліку пешаходамі, веласіпедыстамі, возчыкамі гужавога транспарту. На выкарыстанне апошнімі святлоадбівальных элементаў Дзяржаўтаінспекцыя пастаянна звяртае самую пільную ўвагу. Прычым, не толькі карае парушальнікаў, але шмат увагі надае прафілактыцы. 21 жніўня супрацоўнікі АДАІ праводзілі чарговы рэйд, на гэты раз на тэрыторыі Альхоўскага сельсавета, падчас якога абсталёўвалі веласіпеды і гужавыя павозкі мясцовых жыхароў святлоадбівальнымі элементамі.
Складанай на дарогах Брэстчыны застаецца сітуацыя з дзіцячым траўматызмам: па стану на 20 жніўня адбылося 38 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, адно дзіця загінула і 39 атрымалі траўмы (у тым ліку адно дзіця – на тэрыторыі нашага раёна). Аналіз аварыйнасці сведчыць, што павелічэнне колькасці ДТЗ з удзелам дзяцей прыпадае на заканчэнне летніх канікулаў і пачатак новага навучальнага года. У сувязі з гэтым з 23 жніўня па 8 верасня на тэрыторыі раёна праводзіцца спецыяльны комплекс мерапрыемстваў “Увага – дзеці!”, падчас якога вадзіцелям рэкамендуецца рухацца з уключаным бліжнім святлом фар, у тым ліку і ў светлы час сутак.
Мікалай ДЫЛЕЎСКІ, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *