Саветы і справы. На пазачарговай пятай сесіі Ляхавіцкага райсавета гаворка ішла пра выніковасць работы дэпутатаў

Старшыня райсавета Яўгеній Юрлевіч прааналізаваў дзейнасць дэпутацкага корпуса раёна за мінулы год, спыніўся на стане спраў на падведамасных тэрыторыях. У склад 8 сельскіх Саветаў абраны 101 дэпутат. Яны і дэпутаты райсавета стараюцца актыўна ўплываць на жыццё, знаходзяцца ў пастаянным кантакце з насельніцтвам.

Час паказаў, што інфарматыўнай і выніковай формай работы з насельніцтвам з’яўляюцца Дні Савета: дэпутаты і кіраўнікі раёна, раённых службаў наведваюць практычна ўсе сацыяльна значныя аб’екты таго ці іншага сельсавета, сустракаюцца з мясцовымі жыхарамі, цікавяцца іх праблемамі. У мінулым годзе такая прадстаўнічая інспекцыя пабывала ў Альхоўскім і Крывошынскім сельсаветах. Добрай традыцыяй, накіраванай на добраўпарадкаванне населеных пунктаў, стала правядзенне аглядаў-конкурсаў на лепшае сялянскае падвор’е (яго пераможцы ўзнагароджваюцца на святах вёскі).

Важны і значны накірунак работы сельскіх Саветаў дэпутатаў — выяўленне пустуючых жылых дамоў і зямельных участкаў, знос безгаспадарчых пабудоў. За 2014 год, напрыклад, выяўлена 397 пустуючых дамоў, зараз вядзецца пошук іх гаспадароў. Уладальнікі яшчэ 768 дамоў паведамілі пра намер і далей выкарыстоўваць будынкі, забяспечваць за імі і прылеглымі тэрыторыямі належны догляд. Летась знесены 91 безгаспадарчы дом і фундамент. Усе выдаткаваныя на гэтыя мэты з мясцовага бюджэту 623,9 мільёна рублёў асвоены.

Яўгеній Юрлевіч спыніўся таксама на развіцці і перспектывах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, адукацыі, спорту і турызму, аховы здароўя, падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян. На парадку дня сесіі разглядалася і пытанне аб сумеснай рабоце органаў мясцовай улады і дэпутацкага корпуса раёна па вырашэнні праблемных пытанняў, якія ўздымаюцца ў зваротах грамадзян.

Сельскія сходы, штомесячныя дні інфармавання, прыёмы грамадзян па асабістых пытаннях дапамагаюць быць у курсе надзённых праблем. Вывучэнне грамадскай думкі дазваляе больш аператыўна і аб’ектыўна вырашаць многія пытанні і своечасова карэкціраваць дзейнасць мясцовых органаў улады.

У мінулым годзе ў раённы Савет дэпутаў паступілі 42 звароты грамадзян, з якіх 32 у дні прыёму. У асноўным яны датычыліся добраўпарадкавання і асвятлення вуліц, працаўладкавання, аказання матэрыяльнай дапамогі, набыцця жылля, работы гандлёвых кропак, паляпшэння якасці пітной вады. Яўгеній Юрлевіч падкрэсліў, што практычна ўсе звароты вырашаліся станоўча, за выключэннем аднаго — пакуль засталося нявырашаным пытанне паляпшэння якасці пітной вады ў аграгарадках Ліпск і Жарабковічы.

Вынікова дапамагаюць сваім выбаршчыкам дэпутаты райсавета па Ліпскай выбарчай акрузе Сяргей Юшкевіч, Падлескай — Валерый Равінскі, Тухавіцкай — Міхаіл Хаміцэвіч.

— Вельмі дрэнна, калі сітуацыя прыводзіць да калектыўнай скаргі. Не трэба займаць пасіўную і сузіральную пазіцыю пры вырашэнні праблем грамадзян, — перакананы старшыня райсавета. — У рабоце са зваротамі неабходна працаваць канструктыўна і ні ў якім разе не даваць пустых абяцанняў.

На думку кіраўніка дэпутацкага корпуса, больш актыўнай жыццёвай пазіцыі павінны прытрымлівацца і дэпутаты сельскіх Саветаў. Як гэта робяць дэпутаты па Заліпенскай выбарчай акрузе — Валянціна Дыдышка, Жарабковіцкай — Святлана Селяйковіч, Каранеўшчынскай — Валянціна Галота, Гарбачоўскай — Святлана Клімовіч, Тумашоўскай — Наталля Лашчук. Многія з іх па сумяшчальніцтве і старасты вёсак, прычым, некалькіх адначасова. Дарэчы, старасты пастаянна знаходзяцца сярод людзей, як ніхто іншы ведаюць пра іх надзённыя клопаты, дапамагаюць сельвыканкамам своечасова рэагаваць на тую ці іншую сітуацыю. Таму вельмі важна, каб узаемасувязь паміж старастамі і сельвыканкамамі была штодзённай.

Кіраўнік справамі райвыканкама Юрый Несцяровіч на сесіі прааналізаваў звароты землякоў: 60 зваротаў былі ў Адміністрацыю Прэзідэнта краіны (у 2013 – 50 ), 84 — у Брэсцкі аблвыканкам (у 2013 — 108), 244 — у райвыканкам (у 2013 – 224). Як бачна, змяншаецца колькасць зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта і аблвыканкам, а вось у мясцовыя органы ўлады павялічылася. Людзі сталі больш давяраць мясцовай уладзе, якая імкнецца вырашаць усе ўзнікшыя праблемы грамадзян, таму, у першую чаргу, звяртаюцца менавіта сюды.

Сваімі меркаваннямі, як зрабіць больш выніковай работу са зваротамі грамадзян, падзяліліся старшыні пастаянных камісій раённага Савета дэпутатаў па пытаннях законнасці, захавання правоў і свабод грамадзян Дзіна Дуброўка, сацыяльна-эканамічным развіцці і пытаннях бюджэту — Анатолій Жабік, пракурор раёна Сяргей Дзяжко, галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў, старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч, дэпутат Ганчароўскага сельскага Савета, стараста вёсак Набярэжная, Нівішча і Залужжа Валянціна Маслоўская.

Сесія разгледзела іншыя пытанні і прыняла па іх адпаведныя рашэнні.

Галіна КАНЬКО.

ГАВОРАЦЬ УДЗЕЛЬНІКІ СЕСІІ

Анатолій ЖАБІК, старшыня пастаяннай камісіі райсавета па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця і бюджэту:
Сярод пытанняў, якія былі на разглядзе ў камісіі, асаблівае месца займае кантроль за напаўненнем і выкананнем раённага бюджэту, унясенне ў яго своечасовых і неабходных змяненняў і дапаўненняў. Члены камісіі прымалі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы праекта прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2015 год. Сярод разгледжаных пытанняў — стан работы па зборы мясцовых падаткаў; дзейнасць райпо па павышэнні якасці абслугоўвання насельніцтва, навядзенні парадку ў гандлёвых аб’ектах і на сумежных тэрыторыях, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы; эфектыўнасць выкарыстання арандаваных вадаёмаў і захавання на іх прыродаахоўнага заканадаўства.
Людміла СІДОРСКАЯ, стараста аграгарадка Русінавічы:
— На пасадзе старасты ўжо даўно, таму дакладна ведаю, калі, каму і наколькі хутка неабходна дапамога. Безумоўна, можна сабраць людзей на суботнік, што і робім. Нямала ўвагі надаю правядзенню растлумачальнай работы па пытаннях добраўпарадкавання. Неаднойчы разам, талакою жыхары аграгарадка прыбіралі на могілках.
Стараста – першы памочнік сельвыканкама. І ў рабоце па навядзенні парадку, і ў выяўленні гаспадароў пустуючых дамоў, і ў кантролі за неўладкаванымі сем’ямі, і ў прафілактычнай рабоце з парушальнікамі грамадскага парадку.

Валянціна ДЫДЫШКА, дэпутат Крывошынскага сельскага Савета,  стараста вёскі Заліпенне:
—Для мяне вельмі важна апраўдаць давер людзей. Заліпенне, па сённяшніх памерах, вёска немалая: у 176 дамах жыве каля 200 чалавек. І вырашыўшы адны праблемы, даводзіцца сутыкацца з другімі. За апошні час Заліпенне значна добраўпарадкавалася, усе вуліцы – Леніна, Савецкая, Кастрычніцкая і Лясная – асветлены. Арганізоўваем суботнікі, у тым ліку прыбіраем і мясцовыя могілкі. За мінулы год разабралі
4 нежылыя дамы і 7 фундаментаў. У маёй вёсцы жывуць надзвычай шчырыя і добразычлівыя людзі, яны з задавальненнем адгукаюцца на любую ініцыятыву па навядзенні чысціні і парадку.

Святлана СТРАМАВУС,  стараста вёскі Адахаўшчына:
—Пераважная большасць маіх аднавяскоўцаў – людзі сталага ўзросту. У асноўным яны звяртаюцца з просьбай дапамагчы аформіць якую-небудзь даведку, аплаціць камунальныя паслугі ці прывезці прадукты. Больш маштабныя пытанні – добраўпарадкаванне вуліц, асвятленне — вырашаем з дапамогай супрацоўнікаў Навасёлкаўскага сельвыканкама, яны ніколі не адмаўляюць. Старшыня сельвыканкама прыязджае ў вёску, цікавіцца тутэйшым жыццём, праводзіць прыём грамадзян па асабістых пытаннях, стараецца вырашыць узнікшыя пытанні.
Ніколі не адмовіў, у тым ліку і ў фінансавай дапамозе, пры арганізацыі мерапрыемстваў старшыня СВК “Шлях новы” Аляксандр Вашчук.
Як работнік культуры, стараюся зрабіць жыццё вяскоўцаў больш цікавым, разнастайным, багатым на падзеі. Асабліва папулярныя – святы вёскі. На іх не пакідаем без увагі і старэйшых жыхароў, і гаспадароў лепшых падвор’яў. Дапамога і клопат у адносінах да людзей – вызначальныя ў рабоце вясковага старасты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *