Што пасееш, аграном?

Сёлета сіноптыкі прагназуюць раннюю вясну. А гэта значыць, што хлебаробу застаецца ўсё менш часу на падрыхтоўку да выхаду ў поле. Між іншым, у некаторых гаспадарках шмат нявырашаных пытанняў, у тым ліку, і падрыхтоўка насення да сяўбы.

Як расказала начальнік раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Наталля Грынкевіч, сёлета абавязковы і страхавы насенныя фонды павінны скласці 1900 тон, падрыхтавана 2798 тон. Насенне даведзена да пасяўных кандыцый. Што датычыць якасных характарыстык насеннага матэрыялу, то элітнага ёсць 335 тон, першай рэпрадукцыі – 1127, другой – 1305, 31 тона зернебабовай сумесі радавой рэпрадукцыі.

Як і кожны год, з “запасам” засыпаны насенны фонд у СВК “Жарабковічы”. Па якасным складзе насенне адпавядае першаму і другому класу, 5 тон элітнага плануюць набыць. Закладзена на захоўванне і 900 тон насеннай бульбы, вырашчанай на сваіх палетках. Сельгаскааператыву трэба закупіць насенне кукурузы (звычайна дагавор заключаецца з Івацэвіцкім кукуруза-калібровачным заводам) і буракоў (прамыя пастаўкі замежных селекцый).

Няма праблем з насеннем і ў СВК “Шлях новы”. Прычым, гэта гаспадарка ў раёне мае найбольш насення класу эліта – 230 тон. Запас бяды не чыніць: сельгаскааператыў мяркуе прадаць іншым гаспадаркам 81 тону ячменю першай рэпрадукцыі. Як, дарэчы, СВК “Ляхавіцкі”, дзе таксама назапашана насенне не толькі для сваіх патрэб: ёсць на продаж ячмень, авёс, грэчка першай рэпрадукцыі. Элітнага зерня тут плануюць высеяць 94 тоны.

У той жа час, падкрэслівае Наталля Грынкевіч, агранамічнай службе СВК “Ліпнянка” і “Востраў-Агра” патрэбна паклапаціцца, каб правесці сортазмену і сортаабнаўленне насення. У абодвух сельгаскааператывах насенныя фонды ёсць, але па рэпрадукцыйным складзе ўсе 100 працэнтаў – другі клас пасяўнога стандарту. Дагаворы на закупку насення першай рэпрадукцыі яшчэ не заключаны, хоць зрабіць гэта пара.

Даўно вядома – што пасееш, тое і пажнеш. Таму трэба тэрмінова паклапаціцца пра добры насенны матэрыял – аснову будучага ўраджаю.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *