“Кайф” да суда давядзе

З 1 студзеня ўступіў у сілу Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”.
—“Антынаркатычны” дэкрэт прадугледжвае максімальную актывізацыю намаганняў дзяржорганаў, устаноў адукацыі і аховы здароўя, міліцыі, грамадскіх аб’яднанняў, іншых арганізацый у барацьбе з распаўсюджваннем наркаманіі як пагрозы для дэмаграфічнай бяспекі і здароўя нацыі, — зазначае намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр Траяноўскі.

Амаль кожны дзень з’яўляюцца новыя факты аб спыненні распаўсюджвання спайсаў і ім падобных, затрыманні гандляроў небяспечным “кайфавым” таварам.
Як нагадаў Аляксандр Траяноўскі, за ўжыванне наркотыкаў цяпер прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць, а за паўторнае на працягу года з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ап’янення – крымінальная адказнасць (грамадзянін можа быць абмежаваны волі тэрмінам да 2 гадоў).
Па інфармацыі раённага аддзела Следчага камітэта, у мінулым годзе ўзбуджана 7 крымінальных «наркатычных» спраў, па трох з іх суд вынес прыгавор, які ўжо ўступіў у законную сілу.
На 2 гады пазбавіўся волі раней судзімы 26-гадовы ляхавічанін. Ён быў затрыманы пры зборы маку для далейшага атрымання з яго наркатычнага рэчыва. Паўторна трапіў у поле зроку праваахоўных органаў, калі набываў псіхатропы ў Мінску.
Другога маладога гараджаніна суд прыгаварыў да 2,5 года знаходжання ў выпраўленчых установах адкрытага тыпу за захоўванне спайсаў.
Захоўванне спайсаў прывяло яшчэ аднаго ляхавічаніна на лаву падсудных – ён атрымаў 2 гады абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчыя ўстановы. Аднак, любое супрацьпраўнае дзеянне з боку аматара спайсаў можа прывесці да больш жорсткага пакарання.
У судовай вытворчасці зараз знаходзяцца яшчэ 2 “наркатычныя” справы. Адна з іх па факце збыту спайсаў, падазроны ў злачынстве – 18-гадовы юнак.
Па словах Аляксандра Траяноўскага, антынаркатычныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс, якія датычацца наступлення адказнасці з 14-гадовага (раней 16-гадовага) узросту, закліканы стаць заслонай для тых, хто пажадае “пасябраваць” са спайсамі, іншымі псіхатропамі, наркотыкамі.
Жорсткае пакаранне чакае і за перадачу наркотыка непаўналетняму. За такія супрацьзаконныя дзеянні можна атрымаць ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці ці без яе.
Міністэрствамі адукацыі, унутраных спраў, аховы здароўя распрацаваны комплекс мерапрыемстваў па папярэджванні распаўсюджвання алкаголю, наркатычных і псіхатропных рэчываў сярод школьнікаў і навучэнцаў. Спецыялісты распрацавалі парадак псіхасацыяльнага анкетавання і медыцынскага абследавання, накіраваных на выяўленне тых, хто можа прызвычаіцца да наркотыкаў ці алкаголю. Плануецца ўвесці гэта ва ўсіх установах адукацыі з пачатку 2015/2016 навучальнага года. А ў эксперыментальным рэжыме ў сакавіку гэтага года плануецца анкетаванне на базе асобных устаноў адукацыі.
—Настаўнікам і кіраўніцтву школ не варта баяцца адмоўна паўплываць на імідж установы адукацыі і не паказваць факты ўжывання вучнямі наркотыкаў. Праблему нельга ўтойваць, такім спосабам яе не пераможаш, — перакананы Аляксандр Траяноўскі.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *