Забяспечыць! Ляхавіцкі райвыканкам прыняў рашэнне

На чарговым пасяджэнні райвыканкама разгледжана пытанне аб ходзе рэалізацыі мерапрыемстваў па выкананні дзяржаўнай праграмы ўстойлівага развіцця вёскі на 2011 – 2015 гады. Намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Баргамон адзначыў, што тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў грамадскім сектары за апошнія 4 гады склаў 121,9 працэнта пры прагнозе 127,9. Станоўчыя вынікі атрымалі толькі летась: пры заданні 104,5 працэнта тэмп росту валавой прадукцыі склаў 109,3 працэнта. Забяспечылі выкананне чатырохгадовага задання СВК “Ляхавіцкі”, ЗТАА “Белдан”, СВК “Жарабковічы”.

З самага пачатку рэалізацыі праграмы дапусцілі зніжэнне тэмпу росту валавой прадукцыі СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”. У цэлым па раёне выканана толькі заданне па вытворчасці цукровых буракоў. Адзін СВК “Ляхавіцкі” атрымаў зерневых (з улікам кукурузы), бульбы, насення рапсу, малака згодна прагнозных заданняў.

Не дасягнулі сельгас-прадпрыемствы раёна і запраграмаванага паказчыка па павелічэнні колькасці пагалоўя кароў: на пачатак 2014 года ў грамадскім статку налічвалася 10808 жывёл — 94 працэнты ад запланаванага.

На жаль, не справіліся аграрыі і з заданнем па паляпшэнні ўрадлівасці земляў. Нават арганікі ўнесена 90 працэнтаў ад таго, што планавалася, а мінеральных угнаенняў — усяго 63 працэнты.

Каб выканаць дзяржаўную праграму ўстойлівага развіцця вёскі неабходна атрымаць 71,5 тысячы тон зерня, 81,3 – цукровых буракоў, 8,6 — насення рапсу, 17,7 – бульбы, 9,6 тысячы тон ільнотрасты, нарыхтаваць 59,9 тысячы тон кармавых адзінак травяных кармоў.

Райвыканкам указаў кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, якія не справіліся з заданнямі, на недастатковую работу па забеспячэнні прыросту валавой прадукцыі, а некаторым зніжана надбаўка да зарплаты за сакавік 2015 года.

На пасяджэнні райвыканкама абмяркоўвалася і падрыхтоўка сельгаспрадпрыемстваў да вясеннепалявых работ і ўборкі ўраджаю 2015 года, нарыхтоўкі кармоў. Райвыканкам паставіў задачу забяспечыць нарыхтоўку ўсіх відаў кармоў у аб’ёме не меншым як 38 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, унесці патрэбную колькасць арганічных і мінеральных угнаенняў, назапасіць дастатковую колькасць сродкаў аховы раслін. Да 15 сакавіка неабходна правесці сортазмены і сортаабнаўленні, выбарку і рэалізацыю арыгінальнага і элітнага насення яравых збожжавых і зернебабовых культур, ільну, шматгадовых траў, да 15 красавіка – бульбы, а таксама набыць неабходнае насенне кукурузы і цукровых буракоў. Да 1 сакавіка павінны быць падрыхтаванымі трактары, глебаапрацоўчая і пасяўная тэхніка, да 1 красавіка – корманарыхтоўчая, да 1 чэрвеня – збожжаўборачныя камбайны і зернеачышчальна-сушыльныя комплексы. Асобны пункт рашэння датычыць кадравага забеспячэння работ. Устаноўлена персанальная адказнасць кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў за паспяховае правядзенне сельскагаспадарчых кампаній.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *