Ганарымся вамі, Свянтэцкія

Сяргей Свянтэцкі. Сціплы юнак, сапраўдны салдат, які не скарыўся злачынцам. Такім ён назаўсёды застанецца ў памяці родных і блізкіх, аднавяскоўцаў і незнаёмых людзей. У ліпені 1997 года цаной уласнага жыцця на чыгуначнай станцыі “Баранавічы-Палескія” ён затрымаў бандытаў, якія спрабавалі ўцячы з-пад варты падчас перапраўкі ў калонію ўзмоцненага рэжыму.
Подзвіг салдата высока ацэнены дзяржавай: Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь радавы Сяргей Свянтэцкі ўзнагароджаны ордэнам “За асабістую мужнасць” (пасмяротна). Яго імя назаўсёды занесена ў спіс асабовага саставу вайсковай часці № 7404, у якой тады служыў юнак. Імя героя носіць і вуліца ў роднай вёсцы Крывошын.
Пра свайго выпускніка памятае і школа. Вучні і настаўнікі трымаюць цесную сувязь з вайсковай часцю, дзе нёс службу Сяргей, сумесна праводзяць разнастайныя мерапрыемствы і сустрэчы ў гонар салдата-героя. На будынку Крывошынскай школы размешчана мемарыяльная дошка, якая нагадвае аб подзвігу яе выпускніка. Зусім нядаўна на тэрыторыі вайсковай часці, дзе служыў Сяргей, памяць пра яго ўвекавечана ў помніку.
Старэйшы брат героя Эдуард — таксама выпускнік Крывошынскай школы. Гэты сціплы і шчыры чалавек кожны год да Дня ведаў прыносіць падарункі роднай школе.
Вось такіх сыноў выгадавалі і выхавалі звычайныя вясковыя рупліўцы Ала Іванаўна і Рычард Уладзіміравіч Свянтэцкія.
Мы ганарымся вамі, Свянтэцкія.
Настасся ДЗЯДЗЕЧКА,выпускніца Крывошынскай САШ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *