Калі попыт апераджае прапанову

Заслужаны работнік прамысловасці Рэспублікі Беларусь, дырэктар ААТ «Торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі» Васілій Іваноў больш як чвэрць стагоддзя паспяхова кіруе прадпрыемствам

Стартавыя тоны торфу былі здабыты з тухавіцкіх балот у канцы 60-ых. А праз некалькі гадоў тут быў пабудаваны пад багатую мясцовую сыравінную базу цэх вы-творчасці бытавых паліўных брыкетаў і даў першую прадукцыю. Ішоў 1973-ці…

Вады ў магістральных каналах меліярацыйнай сістэмы ТБЗ “Ляхавіцкі” з той пары ўцякло нямала, аднак, прынцып не змяніўся, схема працуе. Канец вясны-лета – сезон нарыхтоўкі фрэзернага торфу ў якасці сыравіны, і ўвесь год (за выключэннем прыкладна месяца, калі цэх спыняецца пад рамонтна-рэгламентныя работы) – вытворчасць паліўных брыкетаў.

Людміла Петрашэвіч, Антаніна Волкава (сядзяць злева направа), Юлія Кузюрына, Лідзія Рыбакова, Ганна Барташэвіч, Аксана Кендыш, Наталля Хоміч. Капітальна выкананы побач з офісным будынкам прадпрыемства надпіс паведамляе і пра тое, што “бытавым палівам штогадова забяспечваецца больш як 50 тысяч домаўладанняў. Прадукцыя валодае высокай якасцю, мае памяркоўныя цэны, даступная ўсім”. Абсалютная праўда, што тычыцца цаны, якасці, іх суадноснай адпаведнасці. А вось наконт татальна-імгненнай даступнасці тухавіцкіх торфабрыкетаў можна і паразважаць. Прынамсі, апошнім часам, па вобразна-дакладным выказванні дырэктара завода Заслужанага работніка прамысловасці Рэспублікі Беларусь Васілія Іванова, прадукцыі прадпрыемства спадарожнічае ажыятажны, не суразмерны вытворчым магутнасцям попыт. Назіраецца падобнае ўжо каля двух месяцаў, з канца восені–пачатку зімы. Сітуацыя стала нечаканай для многіх з нас, хто ўзяў за звычку клапаціцца пра паўнату ўласных паліўных засекаў ці не ў самы апошні момант. Хуткія, не ў прыклад апошнім гадам, сур’ёзныя і працяглыя маразы сталі дадатковым таму каталізатарам, яшчэ больш “падагрэлі” да прадукцыі ТБЗ “Ляхавіцкі” спажывецкі інтарэс. Паліўныя брыкеты гэтым часам разлятаюцца яшчэ гарачымі, ці не адразу з кулерын. У розныя канцы Брэстчыны, некаторыя з рэгіёнаў іншых абласцей краіны. Зрэшты, пра прыблізную геаграфію паставак можна даведацца, паназіраўшы за чаргой, што ўтвараецца перад заводскай прахадной. Дзесятка з паўтара транспартных сродкаў: МАЗы, КамАЗы, ЗіЛы, як правіла, з прычэпамі, паўпрычэпамі. З Пінска, Драгічына, Ганцавіч… Усяго ж тухавіцкім энерганосьбітам грэюцца 14 раёнаў вобласці. Факт вельмі яскравы ў многіх адносінах.

Улад  Матчэня і Канстанцін Данільчык
Дзеля абсалютнай дакладнасці адзначым: так было не на ўсім працягу года мінулага. У іншыя месяцы ўнутраны рынак нагадваў штыль у ціхай гавані. Прадпрыемства працавала бадай адзіна на экспарт. Накірунак для ТБЗ не новы, аднак, мінулы год атрымаўся ў гэтым сэнсе асабліва вынікова-паспяховым. Намаганнямі кіраўніцтва прадпрыемства ў кааперацыі з галаўной арганізацыяй ДВА “Белпалівагаз” Міністэрства энергетыкі Рэспублікі Беларусь удалося развіць старыя і наладзіць новыя знешнегандлёвыя кантакты. “Адносны дабрабыт калектыву, вы-творчы прагрэс 2009 года сталі магчымымі дзякуючы экспартным пастаўкам, іх паслядоўнасці і рытмічнасці”, – адзначае Васілій Іваноў.

У параўнальна нязначнай колькасці Польшча, Літва, Латвія, але ж абсалютна прыярытэтным замежным партнёрам ТБЗ “Ляхавіцкі” з’яўляецца Швецыя. Ці ёсць неабходнасць гаварыць, што няякасны, нейкім іншым “бокам” неканкурэнтаздольны тавар у “сытай” Скандынавіі не патрэбен і дарам?

Мікалай Палуян, Адам і Леанід Грыцкевічы Расклад наступны: са 110 тысяч тон брыкетнай прадукцыі, вырабленай заводам у 2009 годзе, на экспарт адпраўлена 51 тысяча тон. Ледзь ці не палова аб’ёмаў, як бачым. Разлічаныя на 30 тысяч тон папярэднія дамоўленасці–планы давялося, такім чынам, карэкціраваць на карысць прадпрыемства, яго людзей ды і краіны ў цэлым.

Вядома ж, максімальна шырокі і разнастайны экспарт з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў развіцця эканомікі краіны. Тым не менш, сітуацыя, што назіраецца апошнімі днямі, тыднямі, месяцамі, некалькі падкарэкціравала маркетынгавую стратэгію ТБЗ “Ляхавіцкі” на карысць сваіх, айчынных спажыўцоў.

Як бадай і любому вытворцу, прадпрыемству не соладка, тым не менш. Няпроста трымаць сябе ў эканамічным тонусе, абнаўляцца тэхнічна, весці рэканструкцыю. Яшчэ і таму, што айчынныя машынабудаўнікі толькі нядаўна і не надта рашуча адгукнуліся на патрэбы тарфяной галіны. Да таго амаль выключна ўсё абсталяванне брыкетных заводаў, а таксама і машыны па здабычы торфу і падрыхтоўцы тарфяных залежаў вырабляліся ў Расіі, Украіне, у меншай ступені ў далёкім замежжы. Больш таго, і там многае з неабходнага ўжо не вырабляюць. Даводзіцца “круціцца”: на дапамогу прыходзяць старыя карпаратыўныя сувязі, рацыяналізатарска-наватарскія здольнасці рабочых, спецыялістаў, кіраўніцтва і іншае. Сёння ж адзін са сталічных станкабудаўнічых заводаў, напрыклад, асвоіў і ўвасобіў ужо ў метале канкрэтна для ТБЗ “Ляхавіцкі” брыкетны прэс. Асабліва матэрыялаёмісты выраб мяркуецца даставіць і зманціраваць у бліжэйшыя месяц-два. Замест аднаго з сямі старых – равеснікаў завода. Завершаны таксама і мантаж тэхналагічнага абсталявання катла заводскай кацельні – новага на месцы аднаго з чатырох увогуле. Засталося правесці выпрабаванні, мулярныя работы і… Гэта, дарэчы, дазволіць некалькі падняць вы-творчыя здольнасці брыкетнага цэха, атрымліваць дадатковыя – на продаж – запасы цеплаэнергіі.
Капейка да капейкі: з мэтай зніжэння сабекошту гатовай прадукцыі, у чым вельмі значная доля кошту электраэнергіі, прадпрыемства апошнім часам асабліва “сябруе” з энергазберагальнай тэхнікай і тэхналогіямі. У брыкетным цэху, для прыкладу, праведзена замена вядомых сваім апетытам лямп напальвання, на значна больш эканомныя, але роўнай светлавой магутнасці энергазберагальныя. Адчувальны эканамічны эфект дало і ўключэнне ў схему прываду электрарухавікоў так званага частотнага рэгулявання. “Разумная” схема падстройвае спажыванне энергіі ў адпаведнасці з неабходнай у даны момант нагрузкай машыны ці механізма. Калі ж больш канкрэтна, то ў мінулым годзе прадпрыемства зрасходавала электраэнергіі прыкладна на 10 працэнтаў менш, чым за аналагічны папярэдні перыяд. Пры гэтым прадукцыі было выраблена на столькі ж працэнтаў больш.

Дзмітрый Асіповіч, Святлана Кішко, Аляксандр Бацвінка Пачынаецца тэхналагічны ланцужок вытворчасці таварнай прадукцыі на ўчастку па здабычы фрэзернага торфу – былым балоце. Нягледзячы на перыядамі выключна “мокры” мінулы сезон, прадпрыемства здолела поўнасцю справіцца з нарыхтоўчымі планамі. 195 тысяч тон паднятага фрэзторфу і ёсць аб’ём, неабходны для гадавой загрузкі брыкетнага цэха і работы заводскай кацельні.

Кадры вырашаюць калі не ўсё, то вельмі многае. У дачыненні ТБЗ “Ляхавіцкі” будзе правільным удакладніць: старыя кадры. Маецца на ўвазе вопыт найперш, а не ўзрост. Веданне справы. Карпаратыўная вернасць, калі аднойчы і назаўсёды, калі прадаўжаюцца працоўныя дынастыі.

Але ж і маладых ды спецыялізавана падрыхтаваных таксама вабіць праца ў Тухавічах. У мінулым годзе, напрыклад, на прадпрыемства працаўладкаваліся 5 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Эканаміст, інжынеры займаюць зараз адпаведныя пасады, паспяхова спраўляюцца з абавязкамі.

Такі вось зусім няпоўны расповяд пра прадпрыемства, попыт на прадукцыю якога апераджае вытворчасць. Пра гэта мараць усе вытворцы, аднак, маюць нямногія.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *