Камсорг Ірына працуе ў Ляхавіцкім камунгасе

І ўсё ж добрая ў нас моладзь. І не трэба ставіць ёй у віну сённяшнюю моду, дзёрзкасць планаў, смеласць крокаў. Моладзь ва ўсе часы – народ нераўнадушны, жыццярадасны, прыгожы. Цяперашняя – не выключэнне. Яна і ў будатрадах шчыруе, і “Сто ідэй для Беларусі” прыдумвае, і ў навуку “нырае”, і творчасцю захоплена, і са спортам сябруе, і гісторыю шануе. Хіба пералічыш адрасы яе зацікаўленай увагі – усё гучней заяўляюць пра сябе юнакі і дзяўчаты.
Шмат добрых спраў на рахунку бээрэсэмаўцаў. Гэта і пра пярвічку, створаную ў жылкамунгасе. Трыццаць з тых, чый узрост да 31, тут сіла творчая і шматабяцальная. І непасрэдна працоўныя абавязкі выконваюць старанна, і тыя, якія вынікаюць з дачынення да маладзёжнай арганізацыі. Удзел у спартыўных спаборніцтвах, экскурсіі, конкурсы – усё тое, што плануюць на ”пасля работы”, іх аб’ядноўвае яшчэ больш.
А за галоўнага ў іх, дакладней, за галоўную, – бээрэсэмаўскі лідар пярвічкі ЖКГ Ірына Ходар. Малады спецыяліст, выпускніца Баранавіцкага эканоміка-юрыдычнага каледжа, студэнтка-завочніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта працуе ў камунгасе эканамістам. Работа ёй прыйшлася даспадобы, як і калектыў. Імпануе, што на прадпрыемстве ўважліва ставяцца да праблем моладзі, падтрымліваюць яе пачынанні. А ў выніку ёсць умовы для самаўдасканалення і самавыяўлення.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *