Вартавы неба Дзмітрый Калядзіч

Ваеннаслужачыя супрацьпаветранай абароны – гэта вартавыя неба. А, значыць, яны кругласутачна ахоўваюць паветраную мяжу нашай Радзімы. Толькі самым мужным, стойкім, упэўненым у сабе мужчынам давяраецца гэта адказнейшая справа, якая патрабуе ад іх рашучых дзеянняў у розных сітуацыях. Хуткае прыняцце правільнага рашэння – вось галоўная рыса ваеннаслужачага гэтага роду войскаў. Адзначу, што войскі супрацьпаветранай абароны – зброя калектыўная, і ад выканання пастаўленай задачы кожным салдатам і афіцэрам на сваім пасту залежыць поспех усяго баявога разліку каманднага пункта.

Адным з такіх пастоў з’яўляецца перадаючы радыёцэнтр, які адказвае за забеспячэнне сувязі палка з камандаваннем ВПС і войскаў СПА. Там і служыць вадзіцель-электрык каманднага пункта 115-га зенітна-ракетнага палка радавы Дзмітрый Калядзіч. Родам ён з Русінавіч Ляхавіцкага раёна. Вучыўся ў СШ № 1 райцэнтра. Пасля школы паступіў у Лунінецкі дзяржаўны політэхнічны каледж на спецыяльнасць электрамеханіка. Звычайная біяграфія маладога чалавека, які быў прызваны на службу ў армію. У салдацкім страі ён зарэкамендаваў сябе з найлепшага боку: паказаў, што мае такую прафесійную падрыхтоўку, якая дазваляе выконваць службовыя абавязкі на высокім узроўні. Дзмітрый добра вывучыў давераныя яму тэхніку і ўзбраенне, пастаянна ўдасканальвае свае веды. Жыве і служыць, як і належыць, па статуце. Быццам бы стандартная характарыстыка: пастаўленыя задачы выконвае дакладна і ў тэрмін… у калектыве карыстаецца аўтарытэтам… пастаянна працуе над павышэннем узроўню сваёй фізічнай падрыхтоўкі… Але за гэтым сур’ёзныя будні воіна, адказная служба, самаўдасканаленне і ўсведамленне высокай місіі – быць абаронцам Айчыны.

Яшчэ больш чым паўгода службы ў Дзмітрыя Калядзіча. Няхай яны пройдуць для яго побач з надзейнымі таварышамі, якія добрасумленна выконваюць свой воінскі абавязак.

Андрэй ШПЭНДЗІК,

намеснік начальніка каманднага пункта

па ідэалагічнай рабоце.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *