Гісторыя з працягам. ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” — адрас вядомы і за межамі раёна

Тэрыторыя льнозавода сустракае добраўпарадкаванасцю.

Рэканструкцыя і мадэрнізацыя вытворчасці не здымаюцца з парадку дня многіх прадпрыемстваў раёна. Тым больш, перад вачамі – рэальныя прыклады дзейсных змен. ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” — адрас вядомы і за межамі раёна. За апошні год тут рэканструявана, мадэрнізавана і з 1 верасня 2014 года ўступіла ў строй сучасная вытворчасць.Завод з больш чым 40-гадовай гісторыяй сёння не пазнаць. І цяпер нават не верыцца, што ў кастрычніку 2013 года, як гаворыцца, з нуля пачыналася будаўніцтва новага цэха і спадарожных яму кацельні, шохаў, іншых вытворчых памяшканняў.

Будаўніцтва праходзіла пад кантролем Брэсцкага аблвыканкама, які ў значнай ступені фінансаваў рэалізацыю праекта.Не ўсё, дарэчы, было гладка. Праекціроўшчыкі, якія не справіліся з узятымі на сябе абавязкамі, былі заменены на іншых. Пасля інспекцыйных праверак больш гаспадарскі падыход да расходавання дзяржаўных сродкаў праявілі і будаўнікі – у асноўным прадпрыемствы “Пінсксаўгасбуда”, дзейсна далучылася да справы раённая ўлада, актывізавалася кіраўніцтва льнозавода.

Наколькі вынікова і эканомна патрачаны без малога 200 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў? Наведаем мадэрнізаваную вытворчасць. Змены на льнозаводзе адчувальныя з першых крокаў па тэрыторыі. Усё добраўпарадкавана, нічога лішняга. Нават стары цэх завода цяпер выглядае, як новы: падфарбаваны, падрамантаваны, у ім ствараюцца больш камфортныя ўмовы для працаўнікоў. Пакуль у пусканаладачным рэжыме працуе новая кацельня.

Па дарозе да новага цэха звярнулі ўвагу на загружаныя пад завязку льнотрастой шохі. Іх чатыры, адна – новая.

— Наш новы цэх — такі ж, як і на Пружанскім ільнозаводзе, быў першым і паспяховым вопытам мадэрнізацыі льноперапрацоўчага прадпрыемства на Брэстчыне. Непараўнальна палепшыліся якасць прадукцыі, умовы, прадукцыйнасць працы. Адпаведна, вырасце і зарплата, — адзначае галоўны інжынер прадпрыемства Ірына Антановіч.

Яна сцвярджае, што ўмовам работы пружанскіх, а цяпер і ляхавіцкіх ільноперапрацоўшчыкаў, зайздросцяць многія іх калегі, якія працуюць на льнопрадпрыемствах у Расіі і Украіне:

— Безумоўна, такі крок наперад стаў магчымы дзякуючы ўвазе кіраўніцтва краіны да развіцця галіны, рэалізацыі мэтавых дзяржаўных праграм. Работа камп’ютарызаванага цэха пачынаецца з сыравіннага тамбура. Сюды паступаюць рулоны з ільнотрастой. Пагрузчыкі дастаўляюць іх у цэх, які працуе 24 гадзіны ў суткі, 6 дзён у тыдзень. Тут заняты 40 работнікаў. Вытворчая магутнасць лініі — да 2500 кілаграмаў ільнотрасты ў гадзіну, на льнозаводзе пакуль выдаюць 1300. Але гэта, як зазначае Ірына Антановіч, часовая з’ява. Якасная, адпавядаючая неабходным стандартам прадукцыя — доўгае і кароткае льновалакно — запатрабаваны не толькі на беларускім рынку, але і ў замежжы, у прыватнасці, Літве і Кітаі.

— Спачатку працавалі ў тэставым рэжыме. Амаль усе з тых, хто перайшоў у новы цэх, вопытныя работнікі, таму новую тэхналогію, як і тэхніку, асвоілі без праблем. Спадзяёмся, што з новым ура-джаем вырасце і заработная плата, — гаворыць майстар Надзея Баршчэўская, чый працоўны стаж на прадпрыемстве набліжаецца да 30 гадоў. Яе муж Уладзімір, дарэчы, таксама старажыл ільнозавода, застаўся працаваць у старым цэху аператарам.

— Калі прапанавалі перайсці сюды, адразу згадзілася. Канешне, было страшнавата: вельмі дарагое абсталяванне ўстаноўлена. Але асвоілі хутка. Цяпер, калі праблема ўзнікае, камп’ютар адразу паказвае, дзе і што нарабілася. Прастояў з-за гэтага менш, — расказвае загрузчыца сыравіны Ірына Цэменя.

— Умовы працы тут, канешне, выдатныя: няма пылу, у памяшканні цёпла. Забыліся, што такое скразнякі, — дадае яе калега Наталля Катко.

Лінія па перапрацоўцы трасты аўтаматызавана. Большасцю аперацый на шляху пераўтварэння сыравіны ў валакно кіруе электроніка. Але і тут без граматнага спецыяліста не абыдзешся. Самая каштоўная прадукцыя завода – доўгае валакно. Цяпер яго ўдзельная вага ў вытворчасці складае да 55 працэнтаў, у старым цэху было 25-30 працэнтаў. Прадукцыйнасць, глыбіня перапрацоўкі трасты, якасныя паказчыкі атрыманага валакна істотна палепшыліся, таму і запатрабаваны на экспарт. Менавіта з доўгага валакна вырабляюць бялізну, сурвэткі, абрусы, тканіну.

На Ляхавіцкім ільнозаводзе выпрацоўваюць таксама кароткае валакно, з адходаў вытворчасці – кастрабрыкеты, атрымліваюць ільнонасенне.

— У гэтым яшчэ адзін вялікі плюс. Калі на старой вытворчасці льнонасенне адкідвалася ў адходы, то тут завод атрымлівае дадатковы прыбытак, — тлумачыць галоўны інжынер.

У новым цэху адпрацавана тэхналогія збору ўзважаных рэчываў. Пыл, які выдзяляецца падчас перапрацоўкі трасты ў немалой колькасці, акумулюецца ў спецыяльных ёмістасцях. Як адзначае галоўны інжынер, атэстацыя рабочых месцаў пацвердзіла, што і ўзровень шуму адпавядае нарматывам.

Эканаміст прадпрыемства Наталля Бурбіцкая прывяла наступныя лічбы. З моманту запуску новага цэха тут перапрацавана 1302 тоны трасты, выраблена 361 тона льновалакна, з якіх 188 тон – доўгага. Для параўнання: за гадзіну ў старым цэху перапрацоўваецца 525 кілаграмаў трасты, у новым у сярэднім –1322 кілаграмы.

Зразумела, каб выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю, неабходна мець якасную сыравіну. Таму вялікая ўвага — вырошчванню гэтай стратэгічна важнай культуры. Сёлета пад яе плануецца адвесці толькі на палетках ільнозавода 1,5 тысячы гектара.

Дзяржава дапамагла, але яна ж і спытае, адзначыў падчас аднаго з наведванняў завода старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч. У першую чаргу, адказ будзе “прымацца” колькасцю і якасцю вырабленага і прададзенага льновалакна.

Канешне, чакаць поўнага вяртання расходаў на мадэрнізацыю ў бліжэйшы час не выпадае. Але, як паведамілі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, па выніках 2014 года аб’ём вытворчасці прадукцыі ў адпускных цэнах павялічыўся на льнозаводзе на 39,4 працэнта ў параўнанні з 2013 годам, выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг – на 31,7 працэнта, прадукцыйнасць працы па выручцы ад рэалізацыі прадукцыі ў сярэднім на аднаго працаўніка – на 29,6 працэнта.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Галоўны інжынер Ірына Антановіч значную частку рабочага дня праводзіць у цэхах.

Майстар Надзея Баршчэўская і здымшчыца доўгага валакна Валянціна Сліва правяраюць якасць доўгага валакна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *