Фатальная “асалода”

Напэўна, няма ніводнага чалавека, які б не чуў пра шкоду наркотыкаў. Усё больш яны распаўсюджваюцца сярод моладзі. У мінулым годзе падлеткі ўчынілі на тэрыторыі Брэстчыны 60 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных і псіхатропных рэчываў, што больш чым у 4 разы перавышае ўзровень 2013 года. Узрост спажыўцоў наркотыкаў, у пераважнай большасці спайсаў і ім падобных, маладзее.

У нашай вобласці ў 2014 годзе ў двух выпадках ужыванне спайсаў закончылася трагічна. На жаль, і сёлета ад іх памерлі двое маладых людзей.
Нямала прыкладаў, калі наркатычныя курыльныя сумесі ламалі жыццё падлеткаў, прыносілі шмат болю і гора іх блізкім. Непаўналетні (1997 года нараджэння) навучэнец Брэсцкага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа станоўча характарызаваўся па месцы вучобы, удзельнічаў у мастацкай самадзейнасці. У лютым 2014 года яго жыццё рэзка змянілася – юнак упершыню ўжыў спайс. Думаў, нічога страшнага, у любы момант здолее адмовіцца. Аднак, за паўгода сфарміравалася ўстойлівая залежнасць, якая прывяла да цяжкіх парушэнняў функцый галаўнога мозга. Неаднойчы юнак уцякаў з дому, прыцягваўся да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасці, лячыўся ў псіханеўралагічным дыспансеры – нічога не дапамагала. У кастрычніку ён быў накіраваны ў спецыяльную закрытую лячэбна-выхаваўчую ўстанову для непаўналетніх.
Найбольш характэрнымі прыкметамі, якія сведчаць пра ўжыванне спайсаў, з’яўляюцца пачырванелыя, як быццам пасля бяссонніцы, вочы, ацёкшыя рукі, расцягнутая і незразумелая гаворка. Рухі становяцца запаволенымі. З’яўляюцца дэпрэсія, парушэнні сну, губляецца апетыт, адчувальныя нервовасць і раздражняльнасць. Акрамя таго, падлетак праяўляе павышаную цікавасць да фармакалогіі, просіць значна больш грошай на кішэнныя расходы, крадзе дробную хатнюю маёмасць, наведвае сайты, якія раней былі яму нецікавыя (спайсы часта рэалізуюцца пад выглядам розных прыпраў, пахучых сумесей) і г. д. Наяўнасць хаця б некалькіх вышэйназваных змяненняў у паводзінах непаўналетняга з’яўляецца для бацькоў і настаўнікаў сігналам для неадкладнага звароту да медыкаў, у міліцыю — каб разам прыняць меры і спыніць бяду.
Супрацоўнікі органаў унутраных спраў пастаянна праводзяць навучальныя трэнінгі з педагогамі, накіраваныя на распазнаванне сімптомаў ужывання навучэнцамі наркотыкаў, а таксама на выяўленне асоб, якія распаўсюджваюць забароненыя рэчывы, у тым ліку і ва ўстановах адукацыі.
Для забеспячэння абароны жыцця і здароўя грамадзян, стварэння ўмоў для бяспечнага развіцця дзяцей і моладзі, спынення распаўсюджвання наркаманіі як пагрозы для дэмаграфіі і здароўя нацыі, грамадства і дзяржавы Прэзідэнт краіны падпісаў Дэкрэт № 6 “Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які дзейнічае з 1 студзеня гэтага года. Устаноўлены шэраг новаўвядзенняў у заканадаўства, якія закліканы стаць бар’ерам на шляху нарказлачыннасці ў нашай краіне.
Наркаманія – гэта ў многім не злачынства, а хвароба. Галоўная задача ўсіх зацікаўленых ведамстваў і неабыякавых грамадзян – папярэдзіць сам факт, паставіўшы перашкоду магчымаму ці ўжо ўзнікшаму наступству – супрацьпраўным паводзінам.
Генадзій ВАЙТОВІЧ,
начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі
УУС Брэсцкага аблвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *