Датэсціраваліся да студэнтаў

Яшчэ літаральна некалькі дзён, і школьны званок пакліча хлопчыкаў і дзяўчынак у падарожжа па краіне ведаў. Навучальныя ўстановы поўнасцю гатовы прыняць сваіх выхаванцаў і па традыцыі сустракаюць і навічкоў-першакласнікаў, і пасталеўшых 11-класнікаў чысцінёй і ўтульнасцю. З нецярпеннем чакаюць сустрэчы адміністрацыя школ, настаўнікі, бацькі і, безумоўна, галоўныя дзеючыя асобы – вучні.
Асаблівы дзень 1 верасня і для тых, хто сёлета стаў студэнтам. Здаецца, яшчэ зусім нядаўна для выпускнікоў гарадскіх і вясковых школ Ляхавіччыны прагучаў апошні званок, разам з аднакласнікамі і настаўнікамі яны сустракалі світанак, хваляваліся перад тэсціраваннем, губляліся ў выбары будучай прафесіі і ўважліва сачылі за вынікамі маніторынгу ўступнай кампаніі. А з якой радасцю знаходзілі сваё прозвішча ў спісе студэнтаў той ці іншай ВНУ!
Як расказала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік, з 330 юнакоў і дзяўчат раёна, якія два з паловай месяцы таму атрымалі атэстаты сталасці, 156 (47 працэнтаў ад агульнай колькасці) сталі студэнтамі ВНУ. Вынік паспяховы, хаця гэтая лічба на некалькі працэнтаў ніжэйшая за мінулагоднюю.
Па традыцыі найбольш высокі працэнт выпускнікоў, якія паступілі ў ВНУ, — у гімназіі (92 працэнты, прычым пераважная большасць – на бюджэтную форму навучання). Сярод сельскіх школ у лідэрах Фе-дзюкоўскі ДС — САШ: з 9 выпускнікоў 5 ужо студэнты-першакурснікі ВНУ. Добра справілася з тэстамі палова выпускнікоў Дараўскага ДС- САШ, якія таксама сталі першакурснікамі ВНУ.
Пацвердзілі трывалыя веды і высокія адзнакі сёлетнія медалісты: цяпер ужо былыя гімназісты Антон Мацейчык, Яўгеній Ермаковіч, Максім Ціхан — студэнты-першакурснікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Тут жа будуць вучыцца залатыя медалісткі з САШ №2 Вольга Несцяровіч і Настасся Масель. Яшчэ адна выпускніца гэтай навучальнай установы Кацярына Маліхтаровіч будзе спасцігаць прафесію менеджэра-эканаміста ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Медалістка Крывошынскай САШ Кацярына Гайшун залічана студэнткай Палескага дзяржаўнага ўніверстэта і ў будучыні плануе звязаць свае жыццё з фінансамі і крэдытамі. Залатая медалістка Жарабковіцкай САШ Вольга Кухарчык ужо прымерала на сябе белы халат і з верасня пачне вучыцца самай гуманнай прафесіі ў Мінскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. А яшчэ адзін выпускнік гэтай навучальнай установы Уладзімір Холад — першакурснік Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта.
Увогуле, як адзначыла Марыя Саракавік, найбольш папулярнымі сярод сёлетніх выпускнікоў былі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт і Палескі дзяржаўны ўніверсітэт. Яшчэ адна важная акалічнасць: сёлета ўсе выпускнікі школ працягнуць вучобу далей — у ВНУ, ССНУ, ПТВ і ліцэях.
Яшчэ адна прыступка — паступленне на вучобу — пройдзена. Пачынаецца праца над асваеннем будучых прафесій.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *