Пагоны абавязваюць адпавядаць. Прафесійнае свята адзначаюць беларускія міліцыянеры, у тым ліку калектыў Ляхавіцкага райаддзела ўнутраных спраў – яго супрацоўнікі і ветэраны

Сёння  прафесійнае свята адзначаюць беларускія міліцыянеры, у тым ліку калектыў нашага райаддзела ўнутраных спраў – яго супрацоўнікі і ветэраны.

Калі большасць з нас адпачывае, людзі ў міліцэйскай форме нясуць службу. У любы час сутак і ў любое надвор’е выязджаюць па выкліку туды, дзе неабходна дапамога: уціхамірваюць хуліганаў і дэбашыраў, раскрываюць крадзяжы і забойствы, расследуюць дарожна-транспартныя здарэнні і робяць многае іншае, ад чаго залежыць правапарадак у раёне, наш з вамі спакой і дабрабыт, а часам здароўе і нават жыццё. А яшчэ вядуць рэгістрацыю грамадзян, выдаюць пашпарты і дазволы. І, канешне, працуюць на прафілактыку супрацьпраўных дзеянняў і паводзін, у зоне іх асаблівай увагі – непаўналетнія і адзінокія пенсіянеры, неўладкаваныя сем’і, аматары згубных звычак, раней судзімыя асобы і іншыя, хто патэнцыяльна можа стаць парушальнікам законаў ці ахвярай.

Без перабольшвання, тварам міліцыі з’яўляюцца тыя, хто працуе непасрэдна з людзьмі і па чыёй дзейнасці звычайныя грамадзяне найчасцей і робяць высновы пра работу ўсёй міліцыі, – участковыя інспектары. Менавіта ім сёння прысвечана асобная старонка “ЛВ”.

Але, безумоўна, у паспяховай і надзейнай рабоце міліцыі адыгрываюць сваю ролю ўсе без выключэння яе падраздзяленні. У тым ліку група тылавога забеспячэння. Некалькі гадоў запар па выніках эфектыўнасці аператыўна-службовай дзейнасці гэта служба Ляхавіцкага РАУС становіцца пераможцай сярод абласных калег. Сёлета яна зноў пацвердзіла статус лепшай службы. Пасведчанне аб гэтым уручана яе кіраўніку і адзінаму прадстаўніку – старшаму інспектару групы тылавога забеспячэння Дзмітрыю Чаркасу (на здымку).

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *