Два бакі жылкамунгаса. На апаратнай нарадзе ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама ў мінулы панядзелак “камунгасаўскае” пытанне было галоўным

Камунальнікі – добрыя гаспадары. І цэнтр горада, у тым ліку, гэта засведчвае.

Бываюць і іншыя прыклады. Мінулай восенню зав. Еўлашэўскага быў «у асфальце». Пасля маштабных работ жылкамунгаса тут цяпер, на жаль, зусім іншая карціна – ні эстэтыкі, ні камфорту, а ўкладзеныя ў асфальтаванне сродкі ператвораны ў тое, што бачым...

Ніхто не будзе аспрэчваць відавочнае: мясцовы жылкамунгас робіць многае і даволі вынікова для таго, каб умовы пражывання ў райцэнтры і вёсках былі камфортнымі. Маюцца на ўвазе навядзенне парадку і добраўпарадкаванне на вуліцах, у дварах, пад’ездах, забеспячэнне цяплом, рамонт, перакладка і абслугоўванне цеплавых, водаправодных, каналізацыйных сетак, падтрыманне ў належным стане жылых дамоў і будынкаў, якія знаходзяцца на балансе ЖКГ, аказанне паслуг бытоўкі (пашыў і рамонт адзення, цырульніцкія, пральныя, пракат рэчаў і інш.), рытуальных, работа аварыйнай службы, лазняў, гасцініцы, кацельнай гаспадаркі, збор другаснай сыравіны і інш.

Практычна ўсё гэта патрабуе безварыянтнага падыходу – каб працавала дакладна, як гадзіннік. А яшчэ шматгаліновая вытворчасць КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” павінна развівацца і ўдасканальвацца і, натуральна, укладваць у гэта заробленыя сродкі. Практычна ўсе паслугі прадпрыемства платныя, за іх аказанне камунгасу плацяць грамадзяне, некаторыя аказваюцца за бюджэтны кошт.
А вось цяпер азначым другі, “неплюсавы”, бок ЖКГ: па выніках 2014 года тут спрацавалі са стратамі, якія склалі 4 мільярды 305 мільёнаў рублёў. На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама ў мінулы панядзелак “камунгасаўскае” пытанне было галоўным. І гэта невыпадкова. Менавіта “камунгасаўская” тэма часцей іншых прысутнічае ў зваротах грамадзян у розныя інстанцыі, і менавіта па рабоце ЖКГ, як падкрэсліў старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч, людзі часта робяць высновы аб рабоце ўлады. Такі вось індыкатар.
Кіраўнік раёна ставіў мэтай прааналізаваць складальнікі дапушчаных страт і шляхі выхаду прадпрыемства з няпростай эканамічнай сітуацыі. Перш за ўсё неабходна забяспечыць эфектыўнасць вытворчасці і трываласць эканомікі. Карацей кажучы, работа над памылкамі павінна ісці сістэмна, па дакладна распрацаваным плане паэтапнага выхаду на эфектыўную дзейнасць. На думку Вячаслава Сельмановіча, істотна паўплываюць на стан спраў тры “бясплатныя” ўмовы: дакладна наладжаныя ўлік, кантроль і дысцыпліна.
Дырэктар жылкамунгаса Аляксандр Мядзвецкі прызнаў, што прадпрыемства аказалася не гатовым да работы па планава-разліковых цэнах на паслугі ЖКГ. Гэта адна з прычын стратнасці, але не адзіная. Камунгасу, як і любому калектыву, трэба жыць па сродках. Аляксандр Мядзвецкі сярод пунктаў праграмы павышэння эфектыўнасці вытворчасці назваў аптымізацыю штатнай структуры прадпрыемства, плануемае скарачэнне адміністрацыі больш чым на 30 чалавек (дырэктар падкрэсліў, што на пасады, якія вызваляюцца, новых людзей набіраць не будуць на працягу года – адбудзецца ўнутраная ратацыя кадраў). За кошт такой меры фонд заработнай платы, падлічылі, замест
2 мільярдаў 900 мільёнаў рублёў складзе каля 2 мільярдаў 200 мільёнаў. У камунгасе вымушаны пайсці і на часовыя змяненні ўмоў працы адміністрацыйнага апарату. Усё гэта, натуральна, павінна быць без парушэнняў заканадаўства, што падкрэсліў Вячаслаў Сельмановіч.
Адным з рэзерваў аптымізацыі штатнага раскладу ў ЖКГ старшыня райвыканкама назваў ухіленне неадпаведнасці колькасці ІТР і рабочых. Ілюстрацыя ў тэму: на 16 рабочых участка жылфонда “прыходзіцца” начальнік участка і 3 майстры.
Але толькі скарачэннем долі аплаты працы ў расходах сітуацыю не паправіш. Галоўнае – скараціць стратнасць вытворчасці, забяспечыць прыбытковую работу. Патэнцыял тут вялікі. Намеснік дырэктара па эканоміцы Алена Ксёнжык называла паказчыкі, якія прадпрыемства плануе мець па выніках года, – чакаецца, што страт не дапусцяць, а будзе
няхай невялікі, але прыбытак. Што плануецца зрабіць, каб зменшыць стратнасць лазняў; калі акупяцца безумоўна патрэбныя, але даволі дарагія рамонт і рэканструкцыя ляхавіцкай гасцініцы — укладзена каля 2,5 мільярда рублёў, а сёння каэфіцыент запаўняльнасці ”Эдэльвейса” 0,4 і істотныя страты за мінулы год; якія крокі па выва-дзе “на арбіту” бытоўкі?
Кіраўнік раёна пытанні паставіў востра і адказы патрабаваў канкрэтныя і дакладныя. Сярод задач – карэкціроўка дзейнасці па ўсіх напрамках вытворчасці, у тым ліку – участка добраўпарадкавання. І рашэнне вельмі далікатнага пытання – арганізацыі поўнага аб’ёма рытуальных паслуг. Гэта тэма набалелая, выпакутаваная: як жа невыносна цяжка і абсурдна ў час, калі з жыцця пайшоў блізкі чалавек, шукаць тых, хто дапаможа з арганізацыяй пахавання… Да 21 сакавіка такая служба ў камунгасе павінна быць сфарміравана.
Намеснікі дырэктара Эдуард Каласоўскі, Вячаслаў Кучэйка, Алена Ксёнжык, галоўны інжынер Аляксандр Жук, галоўны бухгалтар Таццяна Шчука, адказваючы на пытанні кіраўніка раёна, спрабавалі дэталізаваць удзел сваіх падраздзяленняў у вывадзе прадпрыемства на эфектыўную бясстратную работу. Ад іх раённая ўлада чакае большай актыўнасці: расслабіліся і многае пусцілі на самацёк, заўважыў у адрас першых галоўных памочнікаў дырэктара старшыня райвыканкама. А слушны аналіз эканамічнай сітуацыі, якую вывучалі спецыялісты фінансавага аддзела райвыканкама, яго начальнік Ірына Маляр падагуліла важкім аргументам: усе расходы па ЖКГ за мінулы год райвыканкам прафінансаваў поўнасцю.
Канкрэтныя заданні па “камунгасаўскім” пытанні атрымалі і намеснікі старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба і Вячаслаў Самахвал. Яно застаецца на пастаянным кантролі ў райвыканкаме, у ліпені будуць заслуханы вынікі работы прадпрыемства за першае паўгоддзе. Заданні дадзены і старшыням сельскіх выканкамаў.
На апаратнай нарадзе кіраўнік раёна таксама засяродзіў увагу на неабходнасці навядзення парадку ў населеных пунктах і на вытворчых тэрыторыях, у лясной гаспадарцы, выканання задання па зборы другаснай сыравіны. Вялася размова аб аптымізацыі ўстаноў адукацыі, аховы здароўя. Закраналіся шматлікія іншыя пытанні.
Па ўсіх іх дадзены канкрэтныя даручэнні.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *