Тэма тыдня: праграма для ўрада

Сцэнарыі развіцця
Беларускія дэпутаты адобрылі праграму дзейнасці ўрада на  2015 год. Адпаведнае рашэнне прынята 25 лютага на пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання. На пытанні парламентарыяў адказаў Прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.
Дакумент складаецца з сямі глаў. Праграма ахоплівае ўсе напрамкі дзейнасці ўрада. У кожным раздзеле адзначаюцца канкрэтныя мэты, задачы, механізмы рэалізацыі і адказныя выканаўцы. Асобныя раздзелы адведзены асноўным напрамкам рэгіянальнай палітыкі, захаванню і ўмацаванню чалавечага патэнцыялу, а таксама забеспячэнню эканамічнай бяспекі краіны.
Галоўнай мэтай дзейнасці ўрада на гэты год вызначана забеспячэнне макраэканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ва ўмовах нарастання знешніх выклікаў і пагроз, якаснае завяршэнне бягучай пяцігодкі і стварэнне ўмоў для дынамічнага эканамічнага развіцця Беларусі ў 2016-2020 гадах і доўгатэрміновай перспектыве.
У ліку важнейшых мэт – правядзенне эфектыўнай макраэканамічнай і грашова-крэдытнай палітыкі, мадэрнізацыя сістэмы дзяржаўнага рэгулявання эканомікай, развіццё канкурэнцыі, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, нарошчванне і дыверсіфікацыя экспарту, паслядоўнае паглыб-ленне інтэграцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе, распрацоўка праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2016-2020 гады.
Урадам і Нацыянальным банкам падрыхтаваны сцэнарныя прагнозы развіцця эканомікі краіны на бягучы год у залежнасці ад цаны на нафту і дынамікі курсу расійскага рубля, якія з’яўляюцца найбольш непрадказальнымі параметрамі, што ўплываюць на макраэканамічную сітуацыю ў Беларусі. Для кожнага са сцэнарыяў распрацаваны меры рэагавання і эканамічнай балансіроўкі.
У якасці базавага для Беларусі на 2015 год прапануецца сцэнарый з цаной нафты $50 за барэль і курс расійскага рубля 62 за $1.
«Наш варыянт сацыяльна-эканамічнага развіцця, які ўзяты за аснову і цяпер рэалізуецца, даволі жорсткі, – згадзіўся Прэм’ер-міністр. – Калі сітуацыя будзе больш спрыяльнай, а для гэтага ёсць падставы, мы змякчым у другім паўгоддзі 2015 года эканамічную палітыку, аднавіўшы некаторыя бюджэтныя назначэнні».
Кіраўнік урада растлумачыў, што абмежаванні ў бюджэтнай палітыцы павінны забяспечыць выкананне даўгавых абавязацельстваў краіны. У прыватнасці, валютныя плацяжы па дзярждоўгу ў 2015 годзе складуць $4 млрд. «Парушэнне абавязацельстваў па іх выплаце і абслугоўванні недапушчальна», – падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Для вырашэння гэтай задачы, паводле яго слоў, ёсць тры складнікі: нарошчванне экспарту тавараў і паслуг, рэфінансаванне доўгу і скарачэнне ўласных расходаў. Урад вядзе работу па ўсіх трох напрамках, адзначыў прэм’ер.
«З урадам Расіі мы распрацавалі план па паглыбленні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прадугледжваецца зняцце абмежаванняў па доступе на рынкі дзвюх краін па шырокім спектры тавараў. Вызначаны механізм узаемадзеяння ў галіне адзінай прамысловай палітыкі і фінансавай сферы», – канстатаваў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, у пачатку сакавіка гэтыя прапановы плануюцца да разгляду на Вышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы.

Грошы павінны  даваць аддачу
«Ва ўрадзе прынялі рашэнне, зыходзячы з нашых фінансавых магчымасцей: усё, што мае гатоўнасць больш як 80 працэнтаў, прафінансуем у 2015 годзе, дабудуем. У нас рэалізаваны даволі вялікія праграмы мадэрнізацыі ў цэлых галінах. Гэта і дрэваапрацоўка, і малочнатаварныя фермы, і ў будаўнічым комплексе шэраг прадпрыемстваў будуецца. Цяпер галоўная задача ў тым, каб тое, што мы з вамі стварылі, эфектыўна працавала, рэалізоўвалася на экспарт, каб генерыраваўся прыбытак», – адзначыў Андрэй Кабякоў.
«Нельга заставацца ў нязменным стане. Мы прадугледжваем у далейшым пытанні дзяржаўнай падтрымкі перавесці на конкурсную аснову. Усе моманты, звязаныя з дзяржпадтрымкай, ільготным крэдытаваннем, пераносім у Банк развіцця. І там ужо будзе не па прынцыпе, каму трэба, а па прынцыпе, хто з лепшымі ўмовамі прыйдзе за гэтымі грашамі, той іх і атрымае. Грошы павінны ісці туды, дзе яны дадуць максімальную аддачу», – падкрэсліў Прэм’ер-міністр.
«Рэалізуецца новая парадыгма: крэдытавання вытворчасці на склад і прыросту дэбіторскай запазычанасці не будзе. Гэта прынцыповы падыход у макраэканамічнай палітыцы. Арыенцір не на павелічэнне, а на захаванне існуючых аб’ёмаў крэдытавання, на павышэнне эфектыўнасці вытворчага працэсу. Прасцей кажучы, на зніжэнне затрат і атрыманне аддачы ад разгрузкі складоў і вяртання валютнай выручкі, што завісла за мяжой», – канстатаваў Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, асаблівая ўвага ўрада і Нацыянальнага банка будзе ўдзелена зніжэнню інфляцыйных чаканняў і дэдаларызацыі эканомікі. «Па-першае, гэта аснова для зніжэння працэнтных ставак, па-другое, стымул для росту зберажэнняў у нацыянальнай валюце, па-трэцяе, каталізатар інвестыцыйнай актыўнасці», – адзначыў Прэм’ер-міністр. Ён падкрэсліў, што ўжо ўдалося стрымаць інфляцыйную хвалю. Рост спажывецкіх цэн на 17 лютага склаў 3,3 працэнта пры аслабленні беларускага рубля на 25 працэнтаў. «Гэта ніжэй за Расію і Украіну, за нашых асноўных суседзяў», – падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

Вялікі клопат пра вялікую сям’ю

«24 лютага ўрад у тэрмін, названы Кіраўніком дзяржавы, прыняў пастанову №128 аб зацвярджэнні палажэння аб парадку і ўмовах назначэння фінансавання і распараджэння сродкамі сямейнага капіталу», – сказаў Прэм’ер-міністр.
Пастанова, у прыватнасці, прадугледжвае, што сем’і, у якіх у гэтым годзе нарадзілася трэцяе і наступнае дзіця, могуць рэалізаваць сваё права на назначэнне сямейнага капіталу на працягу шасці месяцаў з даты нараджэння дзіцяці.
«Гэта значыць усе працэдуры, у тым ліку якія формы, дакументы для гэтага неабходна запаўняць, прадугледжаны пастановай», – адзначыў Андрэй Кабякоў.
У Беларусі з 1 студзеня 2015 года ўведзены дадатковыя меры дзяржпадтрымкі сем’яў з дзецьмі. Яны прадугледжаны ўказам «Аб дадатковых мерах дзяржаўнай падтрымкі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей» і накіраваны на стымуляванне нараджальнасці другіх і наступных дзяцей. Галоўныя навацыі ўказа – сямейны капітал і новы від дзіцячай дапамогі. Сямейны капітал – гэта безнаяўныя грашовыя сродкі ў памеры $10 тыс., якія прадастаўляюцца сем’ям для выкарыстання ў Беларусі ў поўным аб’ёме або па частках у безнаяўным парадку. Гэтыя грошы можна будзе выкарыстоўваць па адным або некалькіх напрамках: паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі; атрыманне паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя; фарміраванне накапляльнай (дадатковай) пенсіі маці (мачахі) у поўнай сям’і, аднаго з бацькоў у няпоўнай сям’і.

Пра будаўніцтва і зарплаты бюджэтнікаў
Адказваючы на пытанне дэпутата Юрыя Дарагакупца, Андрэй Кабякоў адзначыў: «Ёсць пастанова № 1055 урада, у якой запланаваны ўвод жылля ў 2015 годзе 2,5 млн кв.м з дзяржаўнай падтрымкай. Тым не менш з улікам магчымасцей, якія бягучы год нам прадастаўляе, урад вядзе работу па аптымізацыі гэтага плана фінансавання, таму прагноз будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай пакуль скарэкціраваны ў меншы бок – прыкладна на  30 працэнтаў».
Пры гэтым Прэм’ер-міністр звярнуў увагу, што з пункту гледжання сацыяльнай справядлівасці ўсе падыходы захоўваюцца.
«Размова ідзе аб тым, што жыллё для шматдзетных і іншых сацыяльна неабароненых катэгорый нашых грамадзян не змяншаецца. І нават скажу, што па шматдзетных (сем’ях. – Заўвага БЕЛТА) ёсць даручэнне пабудаваць крыху больш, чым звычайна. Дарэчы, гэта датычыцца і жылля для ваеннаслужачых – там таксама ёсць адпаведны рост. Але агульны аб’ём жылля з дзяржпадтрымкай будзе меншым, чым гэта было першапачаткова прадугледжана».
«Але падкрэсліваю, такое рашэнне прынята пакуль. Калі эканоміка згенерыруе большы аб’ём рэсурсаў, будзем будаваць больш», – запэўніў ён. Прэм’ер-міністр з упэўненасцю дадаў, што «ўсё, што пачата ў 2014 годзе, і тое, што пачата літаральна ў пачатку бягучага года, будзе ўведзена ў 2015 годзе». «Ніякіх недабудаў, ніякіх праблемных дамоў мы не дапускаем наогул», – падкрэсліў ён.
Дэпутат Уладзіслаў Цыдзік пацікавіўся, ці можа паўплываць пагашэнне знешняга дзярждоўгу Беларусі на чарговасць і своечасовасць выплат у поўным аб’ёме заработных плат медработнікам і настаўнікам. Андрэй Кабякоў адказаў: «Пры любых варыянтах развіцця падзей, нават самых экзатычных, якія мы разглядалі, пытанні выплаты бюджэтнікам зарплаты і яе своечасовасць не падлягаюць ніякаму сумненню».
Наконт крыніц пагашэння знешняга дзярждоўгу, Прэм’ер-міністр адзначыў, што, сапраўды, у Беларусі даволі высокія плацяжы ў бягучым годзе. «Але мы пра іх ведалі, мы да іх рыхтаваліся, таму вялі адпаведныя перагаворы з нашымі партнёрамі», – сказаў ён. Перш за ўсё, паводле слоў Прэм’ер-міністра, у бюджэце прадугледжаны пункты, звязаныя з абслугоўваннем знешняга дзярждоўгу.
У прыватнасці, Андрэй Кабякоў сказаў, што на гэтыя мэты будуць накіраваны атрымліваемыя вывазныя пошліны на нафту і нафтапрадукты – гэта вынік дамоўленасцей з расійскімі партнёрамі. Акрамя таго, пазыковыя сродкі – як на ўнутраным рынку, так і знешнія пазыковыя сродкі, якія дадуць магчымасць Беларусі рэфінансаваць знешні доўг.
«Адпаведная работа вядзецца планава, таму я ўпэўнены, што ўсе міжнародныя абавязацельствы мы выканаем у тыя тэрміны, якія прадугледжаны дагаворамі», – рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.

У прыярытэце – заканатворчасць
«Праграма непасрэдна прадугледжвае распрацоўку звыш 10 законапраектаў, работа над якімі павінна мець прыярытэтны характар», – сказаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка, нагадаўшы пры гэтым, што ў парламенцкім партфелі вясенняй сесіі ўжо больш за  50 законапраектаў, прычым парадак дня будзе пастаянна пашырацца.
Паводле яго слоў, паспяховая рэалізацыя рашэнняў, прынятых у адпаведнасці з праграмай, у многім залежыць ад эфектыўнасці работы рэгіёнаў. І тут сваю ролю таксама павінны адыграць парламентарыі. «У нас дастаткова паўнамоцтваў і прафесіяналізму, каб аказаць максімальнае садзейнічанне мясцовым органам улады ў дасягненні намечаных мэт. Асабліва гэта важна ва ўмовах адаптацыі беларускай эканомікі да рэалій Еўразійскага эканамічнага саюза», – заўважыў ён.
Адносна вываду краіны на траекторыю ўстойлівага эканамічнага росту з прывязкай да праграмы дзейнасці ўрада старшыня Палаты прадстаўнікоў выказаў меркаванне, што дасягненне гэтай мэты ў няпростых сучасных умовах дыктуе неабходнасць сур’ёзнага аналізу сітуацыі, а таксама выпрацоўкі механізмаў, якія даюць магчымасць аператыўна і гібка рэагаваць на любыя змяненні.
«Менавіта з такіх пазіцый у праграме расстаўлены акцэнты ў дзейнасці Савета Міністраў і кіраўнікоў усіх узроўняў па фарміраванні эфектыўнай сацыяльна-эканамічнай стратэгіі», – сказаў ён.
Уладзімір Андрэйчанка таксама дадаў, што галоўнымі прыярытэтамі і для распрацоўшчыкаў праграмы, і для дэпутатаў, якія прынялі актыўны ўдзел у яе абмеркаванні і ўнеслі канкрэтныя прапановы, былі і застаюцца якасць жыцця грамадзян, павышэнне дабрабыту грамадства, выкананне сацыяльных абавязацельстваў.
Па інфармацыі БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *