Капальнікі скарбу

”Першы”, “другі” і … разлік далёка не закончаны. Наадварот, сельскагаспадарчы ўборачны сезон працягвае свой адлік. За этапам – этап, і з рознай інтэнсіўнасцю, калі асобныя работы ідуць паралельным курсам ці змяняюць адна другую. Відавочна, аднак, што менш іх не становіцца, і падобны марафон абяцае доўжыцца да позняй восені. Здаецца, што толькі ўчора аграпрацаўнікі пакінулі збожжавую ніву – завяршылі ўборку хлеба, як выспеў і выйшаў на парадак дня “хлеб другі”. Усё дакладна так: у раёне распачата ўборка бульбы.
Зразумелыя і без тлумачэння сёлетнія сезонныя асаблівасці параўнальна рана вывелі бульбаводаў на палеткі. Так наш самы стабільна-паспяховы бульбавытворца СВК “Ляхавіцкі” ў баразне ўжо каля дзесятка дзён. У ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” – а гаворка пакуль ідзе выключна пра дзве названыя гаспадаркі – убіраць бульбяныя клубні пачалі ў мінулы аўторак – на наступны дзень пасля таго, як на прадпрыемства з канкрэтнай мэтай прыбылі іх даўнія дзелавыя партнёры. Больш за 2 дзесяткі жыхароў Столінскага раёна размясціліся ў блізкіх да 130-гектарных кампактных пасадак бульбы ААТ “Ляхавіцкі райаграсервіс” вёсках Волька і Малое Гарадзішча — па некалькі чалавек у дамах, дзе па розных прычынах часова адсутнічаюць пастаянныя жыхары. Намаганнямі прымаючага боку для іх арганізавана дастаўка гарачых абедаў непасрэдна ў поле. А працуюць столінцы, па словах начальніка сельскагаспадарчага філіяла “Комплекс” ААТ Ляхавіцкі райаграсервіс” Сяргея Кучуры, добра.
Акрамя таго, у бульба-ўборачных работах на прадпрыемстве заняты мясцовыя і жыхары няблізкай вёскі Востраў. На ўчарашні дзень выкапана было каля 5 гектараў пры сярэдняй ураджайнасці нязначна “за” 200 цэнтнераў з кожнага.
У СВК “Ляхавіцкі” ўраджайнасць бульбянога гектара таксама саступае “фірменнай”. Прынамсі, пакуль, калі кожны з убраных на гэты час 25 гектараў “скарбу” даў у сярэднім 228 цэнтнераў. Відавочна, што гэта былі далёка не самыя лепшыя плошчы. Аднак, як адзначыў начальнік вытворчага ўчастка Іван Юнік, анамальная і працяглая ліпеньская спякота і адсутнасць дажджоў, канешне ж, не прайшлі бясследна, нягледзячы на аптымальнасць і дакладнае выкананне ўсіх аграхімтэхнічных прыёмаў.
Уборка – каля 2 соцень стартавых гектараў – у “Ляхавіцкім” ажыццяўляецца камбінавана: пры дапамозе адмысловага бульба-ўборачнага камбайна і традыцыйным ручным спосабам. Калі не лічыць кіроўцу МТЗ-82, які агрэгаціруе камбайн, у склад экіпажа ўваходзяць 4 работнікі, што сочаць за канвеерам бульбы і аддзяляюць ад апошняй выпадковае каменне. Працуе “немец” нязвыкла ціха і досыць прадукцыйна. Зрэшты, фарсіраваць уборку, па словах Івана Юніка, задача не ставіцца: “Працуем па меры неабходнасці…” Неабходнасць гэта, наколькі можна зразумець, дыктуецца наяўнасцю пакупніцкага попыту на русінавіцкія клубні.
Яшчэ на бульбяных палетках СВК “Ляхавіцкі” працуюць паляводы гаспадаркі і зборная брыгада ў складзе ў асноўным жыхароў райцэнтра. Збіраюць клубні за бульбакапалкай. “Буйная фракцыя” непасрэдна на полі затарваецца ў сеткі-мяшкі і становіцца таварам, уся астатняя — нядрэнным дапаўненнем і папаўненнем рацыёну жывёльнага статка гаспадаркі. Для нарыхтоўкі насеннага матэрыялу і закладкі на доўгатэрміновае захоўванне яшчэ не час.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *