Дочкі-маці, ці Адкуль у слабой жанчыны столькі сілы. Паразважаем?

Адпавядаць і быць, згадзіцеся, розныя паняцці. Напрыклад, адпавядаць вобразу сучаснай жанчыны і быць такою. У першым варыянце дапускаецца прымесь штучнасці, другі – натура.

Пра яе, пра “быць жанчынай”. Сучаснай. Справа тут не ў модных фасонах адзення, не ў касметычных сеансах па абанеменце ў СПА-салоне, не ў кар’ерных амбіцыях і валоданні прэстыжнымі атрыбутамі заможнасці. Усё значна прасцей і значна складаней – справа ў жаночай існасці, місіі, прызначэнні і зусім асаблівай душы, якая складаецца з абсалютнай любві, гатоўнасці на самаахвярнасць. Гучыць непаддымна, у жыццё ўвасабляецца проста і, як гавораць у журналісцкім асяроддзі, масавым тыражом, таму што суперроля – звычайны-незвычайны лёс кожнай жанчыны. І на “Оскара” за гэта не намінуюць. Не ігрой у кінастужцы ўразіла гераіня, а проста ў быцці-жыцці крочыць па наканаваным маршруце. Наўрад ці ўсё на ім вызначаюць сваім размяшчэннем зоркі і штосьці дакладнае падкажуць гараскопы. Але мяжа магчымасцей жаночай душы, як гарызонт, – колькі ні ідзі, нават не наблізішся. Сцвярджаю так не таму, што сама жанчына, а хутчэй насуперак гэтаму. Паміж намі, прапрапра…ўнучкамі Евы, гэта нават не абмяркоўваецца. Мусіць, у кровазвароце, у кожнай чырвонай кропельцы з бачнымі пад мікраскопам эрытрацытамі-лейкацытамі знаходзіцца невядомая, неадкрытая, недзялімая часцінка, ад якой так цёпла цэламу свету і без якой гэтага света проста не было б. Нобелеўскай прэміі варты вынаходнік, што стаў бы “Перальманам” у доказе заўсёднай восьмасакавіцкай тэарэмы (чамусьці гэта дата яе «абвастрае» і запрашае да роздуму на зададзеную тэму): адкуль у слабой жанчыны столькі сілы.

Паразважаем? Ледзь стала крошка з задорнымі банцікамі на ногі, як пачала гуляць у дочкі-маці. Мішкі-зайкі-пупсы – яе лялечныя дзеткі. Як жа сціскаецца ад пяшчоты сэрца, калі бачыш шчырую спробу малышкі капіраваць маму: вавёрачцы трэба шалік завязаць, каб не  змерзла; для лісічкі – чаёк падагрэць; любімага сабачку – памыць у ванначцы і закруціць у махровы халацік… Вырастаюць дзяўчыначкі, і з дзіцячай гульні ў дочкі-маці яны застаюцца ў такім самым, але ўжо дарослым і бясконца адказным жыццёвым сюжэце. І наканавана ім па ўласным жаданні, проста таму, што інакш не ўмеюць, сваімі клопатамі, пяшчотай, уседаравальнасцю, часам самаахвярнасцю песціць, даглядаць, дапамагаць…трымаць у сваіх маленькіх далонях усю любоў і ўсё жыццё цэлага зямнога шара.

Маміна калыханка, бабуліны казкі, сястрычкіны і сяброўкіны сакрэты… Метад спроб і памылак… Жаночая дружба і жаночая логіка… Работа – дом, дом – работа… Надзейнае мужчынскае плячо і ”зноў смецце не вынесена”… Папялушка і каралева… Абдыму неабдымнае і ўсё надакучыла… Няма чаго апрануць і ў шафе месца не засталося… Стамілася на рабоце і якія ж доўгія выхадныя… Хачу на мора і “а хто будзе моркву палоць?…”

Пазналі, канешне? Бы ў люстэрка зірнулі і ўбачылі там шарм непрадказальнасці, супярэчлівасці і гатоўнасці на “ўперад!”. Так хочацца ўсё-усё паспець, спаталіць смагу любові зямной да дарагіх сэрцу людзей, мясцін, падзей і кветкамі ўпрыгожыць куточак родны, каб побач з рамонкамі і валошкамі – архідэі і іншыя заморскія цуды. Так хочацца, каб у сутках было 24 гадзіны +. Так хочацца зрабіць, сказаць, занатаваць пра самае галоўнае і пра тое, што гэта галоўнае сілкуе. Не за прэстыжную ўзнагароду, не за цюльпаны да 8 Сакавіка, не за каву ў ложак і не за тое, “каб на старасці было каму вады падаць, каб было што ўспомніць і прагартаць у прыемных успамінах”. А па прычыне таго, што мы створаны такімі, і што з дзіцячай гульні ў дочкі-маці кожная з нас пачынае свой лёс “не пад капірку”, але ўсё ж прыведзены ў нечым да адной роўніцы – жаночы.

Са святам, сяброўкі! Няхай не пакідае вас вясна.

Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *