”Здаецца, ад яе ў доме свеціць сонца…”.“Якая жанчына здольна зрабіць шчаслівым сапраўднага мужчыну?” – з такім пытаннем напярэдадні свята “ЛВ” звярнуўся да прадстаўнікоў моцнага полу

Даўно заўважылі паэты: вясна і жанчына падобныя. Непрадказальныя і загадкавыя, цудоўныя і прыгожыя… Кожная жанчына непаўторная, як і кожнае абуджэнне прыроды з першымі шчодрымі промнямі сонца. Яна нясе святло новага жыцця, пераадольвае выпрабаванні, упрыгожвае сабою свет.

“Якая жанчына здольна зрабіць шчаслівым сапраўднага мужчыну?” – з такім пытаннем напярэдадні свята “ЛВ” звярнуўся да прадстаўнікоў моцнага полу.

Мікалай БУРБУЦЬ, галоўны ецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама:

– Шчаслівы мужчына, які знайшоў тую адзіную, што для яго самая-самая. Яна ўмее здзіўляць і захапляць. У яе шмат станоўчых якасцяў, але галоўнае, што яна клапатлівая маці. Добразычлівая, умее стварыць утульнасць і камфорт. Гэта ўсё пра маю жонку Святлану. Для нас, трох мужчын (мяне і сыноў Максіма і Сашы), яна самая лепшая, любімая і прыгожая.

8 Сакавіка абавязкова павіншуем і нашых бабуль Ганну і Марыю.

Сяргей МАНЕВІЧ, фельчар аддзялення хуткай дапамогі:

–У сапраўднай жанчыне павінны прысутнічаць загадкавасць і незалежнасць. Калі гаварыць эпітэтамі, то яна прыгожая, разумная, выхаваная, верная і надзейная. Клапатлівая маці і любячая жонка. Яна не спыняецца ў сваім развіцці, а ўдасканальваецца духоўна і фізічна. Мне пашанцавала – усе пералічаныя вартасці я знайшоў у маёй жонцы Інэсе. Дзякуй ёй за ўсё! Асобнае – за сыноў Алега і Ігара.

Эдуард СІЛІЦКІ, кіраўнік ансамбля народнай музыкі “Народныя музыкі”:

– У кожнага мужчыны намаляваны свой вобраз ідэальнай жанчыны. З вышыні гадоў магу ўпэўнена сцвярджаць, што яна пяшчотная, клапатлівая, прыстойная. Усё разумее і не скардзіцца, абавязкова з пачуццём гумару і паважае думкі і погляды свайго спадарожніка. Канешне, добрая гаспадыня. Такая мая жонка Марыя. У Дзень жанчын абавязкова віншую яе кветкамі – ружамі ці цюльпанамі.

Уладзіслаў СІЛІВОНІК, першакурснік ветэрынарнага аддзялення ЛДАКа:

– Як вядома, мужчына любіць вачамі. Таму найперш яна павінна быць акуратнай і прывабнай. Не памылюся, калі скажу, што кожны мужчына хоча, каб побач з ім была мілая, добрая, пяшчотная і добразычлівая палавіна. Самая-самая не проста разумніца – яна мудрая і здольна не параніць мужчынскае самалюбства. Неабходны штрых да завяршэння партрэта –­ адсутнасць шкодных звычак і здаровы лад жыцця. І, канешне, яна добрая гаспадыня, маці, адданая сваім дзецям. Я ведаю такую жанчыну – гэта мая мама Алена.

Сяргей ТАРАНДА, электраманцёр-вадзіцель Ляхавіцкага РЭС:

– Кожны мужчына жадае, каб у яго спадарожніцы ўдала спалучаліся добрая гаспадыня, клапатлівая матуля, прывабная жанчына. І зусім не абавязкова для ”ідэальнасці” хадзіць з мужам на рыбалку ці сачыць за футбольнымі баталіямі. Мы з жонкай Аленай разам 18 гадоў. І ўсе названыя якасці знайшлі ў ёй увасабленне. Свята 8 Сакавіка для мяне асаблівае, бо акружаны трайной любоўю – жончынай і дачушак Любы і Віялеты.

Андрэй ЗАНЬКО, вучань 8 класа Дараўскай школы:

– Для мяне самая лепшая, канешне, мая мамачка. Завуць яе Вольга. Яна самая добрая і клапатлівая, умее выслухаць і лепш за ўсіх разумее мяне, заўсёды падтрымае і дасць мудрую параду. Калі мамачка дома, здаецца, у доме свеціць сонца. Калі мама засмучаная, гавару ёй цёплыя і ласкавыя словы. У дзень 8 Сакавіка я, брат Паша і бацька абавязкова віншуем маму са святам, дорым ёй кветкі . У нашай сям’і заведзена так, што напярэдадні свята мы, мужчыны, прыбіраем у доме, а мама адпачывае.

Што думаюць мужчыны, высвятляла Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *