Па лязе брытвы. Сумесная рэйдавая група ў складзе супрацоўнікаў РАНС і карэспандэнта “ЛВ” высвятляла, як выконваецца распараджэнне райвыканкама аб часовай забароне выхаду на лёд вадаёмаў

Хуткаплынныя ўчасткі рэк вызваліліся ад лёду канчаткова. У спакойных, без цячэння месцах вадаёмаў яго яшчэ можна назіраць. Іменна назіраць, паколькі выхад на цяперашні лёд – ініцыятыва яшчэ больш рызыкоўная, чым спроба басанож прайсціся па лязу брытвы.

У прыярытэтным парадку менавіта для такіх асабліва рызыкоўных і дзейнічае распараджэнне райвыканкама аб часовай забароне выхаду на лёд вадаёмаў, размешчаных на тэрыторыі горада і раёна. А як на самай справе, ці пачулі і наколькі прыслухаліся землякі да такога патрабавання? Адказ на гэтыя пытанні шукала сумесная рэйдавая група ў складзе супрацоўнікаў РАНС і карэспандэнта “ЛВ”. Аб’ектамі ўвагі былі “прыкормленыя” у рыбакоў участкі рэк Ведзьма, Шчара і ўтворанага на апошняй вадасховішча “Мінічы”.

Пасляабедзенны час. Лёгкі ўвогуле ветрык ля вады станавіўся адчувальным. Нізкаватае неба, месцамі нешта накшталт дробнага надакучлівага ці то дожджыку, ці то туману з’яўляліся не лепшымі ў ходзе рэйда спадарожнікамі. Магчыма, звярнулі на гэты факт увагу і аматары падлёднай лоўлі, але на працягу прыкладна двухгадзіннага “патрулявання” заўважыць на лёдзе хоць адну жывую душу ў нас не атрымалася.

—Папярэдні раз карціна была іншай, – падвёў вынікі ўбачанаму старшы інжынер РАНС Дзмітрый Новік. – Пару дзён назад таксама арганізоўвалі падобны рэйд. Тады ў 12 гадзін на лёдзе Ведзьмы ў раёне зоны адпачынку знаходзіліся дзве групы рыбакоў — пяць чалавек на адлегласці ў паўтара-два дзясяткі метраў ад берага. Перадвясенні, тым больш вясенні лёд непрадказальны: крохкі, існуе вялікая верагоднасць прамывін у месцах найбольш хуткага цячэння. З мэтай прыцягнуць увагу, на спецаўтамабілі былі ўключаны светлавы і гукавы сігналы. Праз гучнагаварыцельнае ўстройства людзей папярэдзілі аб небяспецы знаходжання гэтым часам на лёдзе. Нагадалі пра распараджэнне райвыканкама і прапанавалі пакінуць лёд. Пасля некалькіх хвілін разважання рыбакі зматалі вуды і выйшлі на бераг. Яшчэ раз – ужо з вока на вока – пагутарылі, папярэдзілі аб магчымасці прымянення санкцый, прывялі статыстыку трагічных выпадкаў на вадзе.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *