Новые имена. В Ляховичах прошёл районный этап конкурса «Новые имена Беларуси»

Удзельнікі раённага этапу конкурсу «Новыя імёны Беларусі».

У апошні дзень зімы ў гарадскім Доме культуры прайшоў раённы этап вакальнага конкурсу. Прадстаўнікоў розных прафесій і інтарэсаў, натхнёных і ў меру амбіцыйных аб’яднала любоў да песні, жаданне тварыць і дарыць радасць іншым сваёй творчасцю. Акрамя таго, усе яны члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і прафсаюза (апошняе­ — абавязковая ўмова для ўдзелу ў конкурсе). 10 самадзейных артыстаў — педагог-арганізатар СШ № 1 Алена Дзянішчык, выхавальнік Падлескага ДС-БШ Кацярына Паўлоўская, настаўніца замежных моў Навасёлкаўскай СШ Анастасія Далідзік, маляр-тынкоўшчык СВК “Жарабковічы” Кацярына Бурак, настаўнік фізкультуры Свяціцкай СШ Андрэй Сокал, акампаніятар цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міхаліна Гатоўчыц, настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Ліпскай СШ Эдгар Шырко, інжынер па лесакарыстанні лясгаса Алена Амялешка, лабарант
ЛДАКа Надзея Цямчык, мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК Андрэй Цямчык — уразілі журы конкурснай праграмай. Гучалі творы беларускіх і замежных аўтараў, на беларускай, рускай, англійскай і нават сербскай мовах. Маладыя ляхавічане спявалі пра каханне і любоў да Радзімы, у сваіх песнях выказвалі бязмежную ўдзячнасць і павагу салдатам Перамогі і проста радаваліся жыццю.
Як адзначалі многія з канкурсантаў, менавіта песня дапамагае ім і ў будні, і ў святы.
Ці можна не захапляцца мілагучным голасам Алены Дзянішчык, якая выконвала песню “Васільковае неба”.
—Колькі памятаю сябе – спяваю, гэта ў мяне ад мамы, яна калісьці спявала ў хоры. Выступала на сцэне, калі вучылася ў Востраўскай школе, потым – у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. А яшчэ пішу вершы, малюю пад настрой. Апошнім часам захапілася здымкай відэаролікаў — навокал столькі ўсяго цікавага, — расказвае малады педагог.
—Мінулы год праходзіў пад знакам 70-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, сёлета – юбілей Вялікай Перамогі. Мая песня – удзячнасць і нізкі паклон нашым шаноўным ветэранам, — сказала Кацярына Бурак, якая падрыхтавала да конкурсу песню “Баявыя ордэны”.
Не толькі гледачы ў зале падтрымлівалі Кацярыну. Дома ў Зарытаве ў яе таксама балельшчыкі – муж, дзеці. Шасцігадовая Віка і трохгадовы Мікіта таксама любяць спяваць.
Прыклад бацькі, вядомага ў Ляхавіцкім раёне музыканта Мікалая Сокала, натхняе яшчэ аднаго канкурсанта — Андрэя Сокала. Ён паспяхова закончыў музычную школу па класе баяна, а калі прыйшла пара выбіраць прафесію,то стаў …настаўнікам фізкультуры. Пасля заканчэння Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна вось ужо трэці год працуе ў сваёй роднай школе.
—Песня дапамагае раскрыць унутраны свет, падзяліцца эмоцыямі з іншымі, — сцвярджае Андрэй Сокал, які на конкурсе спяваў на сербскай мове.
Гэтую стыльную, прывабную дзяўчыну нельга было не заўважыць. Упершыню Анастасія Далідзік выступіла перад ляхавіцкімі гледачамі ў мінулым годзе ў калектыве, які паказваў неонавае шоу.
— Неон-поінг – не проста любімы занятак, ён дае велізарнае натхненне для маёй настаўніцкай работы. Спрабавала і спяваць. А цяпер такі шанц – чаму б не паспытаць свае сілы? — разважае Насця. Яна надзвычай камунікабельны, добразычлівы і прыветны чалавек, даволі хутка знайшла агульную мову са сваімі калегамі і з вучнямі вясковай школы. А песня на англійскай мове ў суправаджэнні неон-шоу сарвала апладысменты залы.
Пералічваць конкурсы і фестывалі, на якіх Андрэй Цямчык станавіўся пераможцам і лаўрэатам, можна доўга. Усякі раз, калі чуеш яго непаўторны голас, сэрца замірае. Кожная песня ў яго выкананні – маленькі сола-спектакль. На гэты раз ён выбраў для конкурсу песню “Жураўлі”.
Кожны з творчай дзясяткі ўдзельнікаў імкнуўся паказаць усё, на што здольны. Многае атрымалася, магчыма, нешта – не зусім. Адно відавочна — падобныя конкурсы дазваляюць адшукаць новыя таленты, якія будуць сваёй творчасцю радаваць сваіх землякоў.
Дыпломы пераможцаў і падарункі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц уручыла Андрэю і Надзеі Цямчыкам, Міхаліне Гатоўчыц.
…Канцэрт быў цудоўны. Адно псавала агульную карціну – у зале большасць месцаў пуставала. Напэўна, маглі б актыўней падтрымаць сваіх прадстаўнікоў і працоўныя калектывы, і моладзі прыйшоўся б творчы конкурс даспадобы.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

One thought on “Новые имена. В Ляховичах прошёл районный этап конкурса «Новые имена Беларуси»

  • 12/03/2015 в 12:43
    Permalink

    Я, конечно, не профеесионал и в жюри не входил. Но мне очень понравилось выступление Анастасии Далидик. Оригинально, красиво, запоминающе! Согласен с тем, что очень мало было зрителей. При большей поддержке и выступали б ребята увереннее.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *