Мы выбіраем. Нас выбіраюць. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы прайшло размеркаванне

Ціха! Ідзе размеркаванне.

Мінулы аўторак у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы для 127 навучэнцаў стаў днём асаблівым і надзвычай эмацыянальным — размеркавальным.

Як расказала Наталля Кірмель, якая не першы год з’яўляецца адказным сакратаром камісіі па размеркаванні, папярэдне выпускнікі з усіх трох аддзяленняў выбіралі будучае працоўнае месца са спісу адрасоў. Многія там і праходзілі пераддыпломную вытворчую практыку. Калі кіраўніцтва гаспадаркі зацікаўлена ў далейшым працаўладкаванні выпускнікоў каледжа, а тых задавальняюць тамашнія ўмовы працы, бытавыя, то туды каляджане і размяркоўваюцца.
— Як і ў папярэднія гады, найбольш сваіх “купцоў” да нас дэлегавалі Баранавіцкі, Івацэвіцкі, Пружанскі, Камянецкі, Карэліцкі, Жабінкаўскі раёны, — расказвае Наталля Кірмель. — Сёлета прысутнічалі больш за 30 патэнцыяльных работадаўцаў. І гэта – яскравае сведчанне запатрабаванасці кадраў, якія рыхтуе каледж. Другі год запар былі і прадстаўнікі сельгаспрадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна: СВК “Жарабковічы”, “Востраў-Агра”, ДП “Нача”, райаграсэрвіса.
На размеркаванні ішла сапраўдная барацьба за маладых аграномаў, ветэрынараў, заатэхнікаў, плодаагароднінаводаў. Некаторыя сельгаспрадпрыемствы і арганізацыі зараней паклапаціліся пра новыя кадры: папярэдне з навучэнцамі заключалі дагаворы аб працаўладкаванні і накіроўвалі запыты ў каледж на іх размеркаванне. У гэтым накірунку найбольш плённа працуе ААТ “Ружаны-Агра”: рабяты, якія маюць бал не ніжэй за 8, штомесячна пасля заключэння дагавора атрымліваюць па мільёну рублёў да стыпендыі. Варта павучыцца таму, як зацікавіць маладых спецыялістаў, у “купцоў” з Баранавіцкага раёна: яны не стамляліся расказваць пра перавагі працаўладкавання ў іх рэгіёне. Намеснік дырэктара
ЛДАКа Ірына Прыступа-Юнік задаволена тым, што ляхавіцкія выпускнікі запатрабаваны. Аднак неабходна аб’яднаць прафарыентацыйныя намаганні не толькі выкладчыкаў ЛДАКа, але і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемстваў, зацікавіць рабят гэтымі прафесіямі яшчэ ў школе. Канешне ж, юнакі і дзяўчаты хваляваліся асабліва. Як заўсёды, былі побач, падбадзёрвалі куратары груп, загадчыкі аддзяленняў. Дзяржаўная камісія па размеркаванні на чале з дырэктарам Аленай Абаравай адстойвала інтарэсы кожнага навучэнца.
Першымі за размеркаваннем заходзяць тыя рабяты, у каго самы высокі рэйтынг (выводзіцца па сярэднім бале паспяховасці, улічваюцца актыўная грамадская работа і спартыўныя дасягненні). Тыя, хто паступаў на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі і вучыўся за кошт гаспадаркі, адправяцца працаваць у гэта прадпрыемства.
У навучэнкі 42 групы аддзялення ветэрынарнай медыцыны Аліны Закарытнай сярэдні бал паспяховасці — 9,18, таму яна першая сярод сваіх аднакурснікаў паўстала перад камісіяй. Дзяўчына, якая прыехала ў Ляхавічы вучыцца з Данецка, выбрала СВК “Свіцязянка-2003” (Гродзенская вобласць). Дарэчы, у гаспадарцы ёй паабяцалі даць кватэру для ўсёй яе сям’і, якая ў хуткім часе пераедзе ў Беларусь з Украіны. Яшчэ два юнакі, таксама з Украіны, размеркаваліся ветфельчарамі ў СВК “Жарабковічы”. У гэтай жа гаспадарцы будзе працаваць іх аднакурснік Яўгеній Мароз з Вострава. Колішняя выпускніца Крывошынскай СШ, а хутка і ЛДАКа, Валянціна Касаван дачакацца не можа, калі пачне рабіць самастойныя крокі ў прафесіі:
—Толькі СВК “Ляхавіцкі”! Там выдатная вытворчая база, добрыя ўмовы працы, дастойная зарплата. Да таго ж, муж працуе ў гэтай гаспадарцы механізатарам. Пакуль будзем здымаць жыллё, але абяцаюць, што праз некаторы час дадуць службовае.
Размеркаванне доўжылася не адну гадзіну. Выбраць сваю будучыню — няпростая задача. Што атрымаў наш раён па выніках сёлетняга размеркавання ў ЛДАКу? 8 маладых спецыялістаў. Ці надоўга яны затрымаюца — пакажа час. А пакуль у іх на парадку дня дзяржаўныя экзамены і атрыманне доўгачаканага дыплома.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргей ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *