Будзьце добрымі, і свет вакол вас напоўніцца дабрынёй

Як гэта важна – умець правільна паводзіць сябе ў грамадстве. І для гэтага мала проста ведаць і выконваць правілы этыкету. Неабходна паважаць іншых і быць уважлівым да тых, хто побач.
Гэта нармальна, калі малады чалавек у аўтобусе саступае сваё месца цяжарнай жанчыне. Адразу бачна, у якой ён выхоўваўся сям’і. І вельмі прыкра назіраць адваротныя сітуацыі.
А каму прыемна, зайшоўшы ў магазін, адчуць на сабе нядобразычлівасць і агрэсію прадаўца? І асабіста мяне ў падобным выпадку зусім не супакойвае, што жанчына апраўдвае такія свае адносіны да пакупніка стомленасцю, загружанасцю, асабістымі праблемамі і г.д. Па маім перакананні гэта вынікі адсутнасці ўяўлення пра элементарную культуру паводзін і ўзаемаадносін.
Вучыць элементарным правілам паводзін неабходна і ў сям’і, і ў школе, і ў сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах. Бо веды ў спалучэнні з культурай паводзін дапамогуць дабіцца многіх пастаўленых перад сабой мэт, заслужыць аўтарытэт, наогул, дасягнуць многага ў жыцці.
Нашы мудрыя продкі заўважылі: “Якім будзе прывітанне, такім будзе і адказ”. На справе так і атрымліваецца: калі ставішся да чалавека прыветна, з павагай, то і яго адносіны да цябе адпаведныя.
Трэба часцей задумвацца над сваімі паводзінамі, над тым, што сказалі і што зрабілі, наколькі зручна, лёгка і прыемна з намі іншым людзям. Будзьце добрымі, і свет вакол вас напоўніцца дабрынёй.
Вольга ТУРЭЦ, навучэнка ЛДАКа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *