Маю гонар быць міліцыянерам. Ляхавіцкаму РАУС — 75 гадоў

Начальнік РАУС Аляксандр Ермакоў штодзень праводзіць апаратную нараду з кіраўнікамі падраздзяленняў.

Некалькі апошніх гадоў Ляхавіцкі раённы аддзел унутраных спраў прызнаваўся лепшым па выніках дзейнасці сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны. І гэта – вынік зладжанай і прафесійнай работы супрацоўнікаў розных службаў і падраздзяленняў міліцыі. Людзі ў міліцэйскіх пагонах ахоўваюць наш агульны спакой і дабрабыт, сочаць за парадкам на вуліцах і дарогах вёсак і гарадоў.

—Усе нашы службы і супрацоўнікі імкнуцца якасна і бездакорна выконваць ускладзеныя на іх абавязкі, паказваюць не толькі кампетэнтнасць, але і нераўнадушнасць да праблем людзей. Нашым супрацоўнікам пад сілу рашэнне самых складаных і важных задач, — зазначае начальнік РАУС палкоўнік міліцыі Аляксандр Ермакоў.

Апошнім часам на службу прыйшло нямала маладых, здольных, са спецыяльнай адукацыяй. Яны ўдасканальваюцца ў прафесіі разам з вопытнымі супрацоўнікамі, вучацца ў іх. Узмацняецца прафілактычная работа, павышаецца раскрывальнасць злачынстваў. Дзякуючы ўзаемадзеянню з іншымі зацікаўленымі службамі, змяншаецца колькасць супрацьпраўных дзеянняў, учыненых на тэрыторыі раёна.

— Міліцыя слухае. Чым можам дапамагчы? – такія словы чуюць тыя, хто тэлефануе ў аператыўна-дзяжурную службу РАУС. Менавіта “дзяжурка” прымае заявы, выклікі, просьбы аб дапамозе.

Напружаны штодзённы графік работы ва ўсіх аддзяленнях РАУС. У аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі хоць раз у жыцці звяртаецца кожны чалавек, напрыклад, за атрыманнем пашпарта.

Не толькі аўтааматары і вадзіцелі-прафесіяналы, але і пешаходы добра ведаюць у твар супрацоўнікаў аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі. Участковыя – візітоўка РАУС. Менавіта па іх рабоце многія мяркуюць пра міліцыю ў цэлым.

Наогул, у аддзеле няма другарадных службаў. Усе – важныя і неабходныя.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *