Мяса і сыр на адных вагах не сябры

Спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі рэгулярна праводзяць маніторынг санітарнага стану гандлёвых аб’ектаў розных форм уласнасці. Апошні праходзіў з 30 жніўня па 3 верасня і закрануў 6 прадпрыемстваў гандлю раённага спажывецкага таварыства. Падчас праверкі парушэнні рознага кшталту былі выяўлены ў 5 прадпрыемствах.
У гандлёвай зале магазіна вёскі Канюхі пануе беспарадак: на падаконніках мухі, пыл, вокны брудныя. Тэмпература захоўвання рыбных прэсерваў не адпавядае санітарным нормам і правілам (пры неабходным тэмпературным рэжыме ад 0 да мінус 8 градусаў яны захоўваліся пры плюс 4 градусы), для ўзважванння сырой і гатовай прадукцыі выкарыстоўваюцца адны і тыя ж вагі.
Тэрыторыя каля Жарабковіцкага магазіна ніяк не адпавядае аграгарадской: пустазелле не абкошана, вакол шмат смецця. Амаль аналагічная карціна назіраецца і каля сталовай у аграгарадку Начаўскім, да таго ж на вуліцы няма смеццязборніка, а непасрэдна ў аб’екце грамадскага харчавання адсутнічаюць умовы для захавання асабістай гігіены наведвальнікаў, да парадку далёка і ў абедзеннай зале. У мясцовым магазіне адны вагі таксама выкарыстоўваліся для ўзважвання сырой і гатовай прадукцыі.
У магазіне №7 вёскі Падлессе рэалізоўваліся без маркіровачных ярлыкоў рыба свежамарожаная, гатовая мясная прадукцыя, вафлі, пячэнне, пернікі, а паўфабрыкаты з мяса птушкі ўвогуле прадаваліся ў пашкоджанай спажывецкай упакоўцы. Да таго ж у гэтай краме неналежным чынам захоўваецца і малочная прадукцыя.
Парушэнні відавочныя, аднак, у большасці магазінаў у кантрольных журналах службовымі асобамі райпо зроблены запіс ”санітарны стан здавальняючы”. Гэтыя факты сведчаць пра халатныя адносіны работнікаў прадпрыемстваў гандлю да выканання патрабаванняў санітарных нормаў і правілаў.
Па выніках праведзенага маніторынгу да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 3 загадчыкі магазінаў, у адносінах яшчэ 2 вядзецца адміністрацыйны працэс.
Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *