Глеба просіць «хлеба». У Ляхавіцкім раёне стартавалі веснавыя работы

У гэтым годзе зіма лёгка прызнала сваё паражэнне і ўзняла белы флаг. Не выключана, яна яшчэ паспрабуе паказаць свой халодны нораў, але ініцыятыва – беспаваротна на баку вясны. На сельскагаспадарчых палетках адбылася фактычна імгненная змена фарбаў і дзеянняў. Усё больш ізумруду, руплівасці з боку працаўнікоў-аграрыяў.

Нягледзячы на прыстасаванасць да нізкіх тэмператур, азімыя збожжавыя выходзяць з зімоўкі энергетычна разбалансаванымі, біялагічна беднымі. Значная частка актыўных рэчываў, мікра- і макраэлементаў, якія даюць расліне сілу, садзейнічаюць яе росту, былі зрасходаваны на захаванне жыццядзейнасці ў суровыя месяцы. Як расказаў галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў, каб “падбадзёрыць” азімыя збожжавыя, на старце веснавога перыяду вегетацыі ім патрэбна сілкаванне звонку. Мінеральныя ўдабрэнні азотнай групы – чым не хлеб для раслін, якія паспелі істотна прагаладацца. У тым ліку і гэтым заклапочаны і заняты аграрыі нашага раёна. І гутарка не толькі пра збожжавыя: прыкладна тое ж назіраецца і на рапсавых палетках. Большасць з іх, дарэчы, ужо дастаткова падсохла і не з’яўляецца пасткай для сельгастэхнікі. Факт з аднаго боку станоўчы, з другога – дэфіцыт вільгаці ў яравой глебе заведамы мінус у плане ўраджайных перспектыў.

Пра ўнясенне фосфару, які таксама для азімых зараз зусім не лішні, гаварыць можна, але асцярожна і вельмі дазіравана: пакуль дастатковай наяўнасцю названага віду тукаў не можа пахваліцца ні адна з нашых сельгасарганізацый.

Істотная актывізацыя назіраецца гэтым ранне-веснавым часам на сенажацях і пашавых угоддзях: вядзецца падсеў шматгадовых траў пад азімыя збожжавыя, атрымліваюць падкормку будучыя сенакосы і пашы, праводзіцца іх рамонт. Пад апошнім маецца на ўвазе цэлы комплекс тэхналагічных аперацый і прыёмаў: баранаванне, выраўноўванне, разраўноўванне кратавін, ушчыльненне траў за кошт дадатковага іх пасеву, зграбанне сухой расліннасці і некаторае іншае.

Тыя з сельгаскааператываў, што не змаглі накарміць свае яравыя палеткі калійнымі тукамі з восені, прыступаюць да ўнясення калійнай солі зараз.

Аптымальны варыянт, калі ворыўныя работы становяцца сінонімам асенніх работ. Але такая ідылія складваецца не ва ўсіх і не кожны год. Бягучы не стаў добрым выключэннем, у сувязі з чым некаторыя гаспадаркі вымушаны па вясне даганяць з ворывам.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *