Спажывецкі дзень. 15 сакавіка – Дзень спажыўца ў нашай краіне і Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў

15 сакавіка – Дзень спажыўца ў нашай краіне і Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў.

Прадалі пратэрмінаваны ёгурт, абразілі на рынку, няякасна зрабілі манікюр… Кожны пакупнік, атрымальнік паслуг можа абараніць свае правы і інтарэсы не толькі праз грамадскія арганізацыі і суды, але і праз органы дзяржаўнай улады і кіравання. У нашым раёне спецыяльна ўпаўнаважаным органам па абароне правоў спажыўцоў з’яўляецца аддзел эканомікі райвыканкама. Спецыялісты аддзела кантралююць захаванне правілаў гандлёвага, бытавога і іншых відаў абслугоўвання насельніцтва на тэрыторыі раёна, разглядаюць звароты, заявы і скаргі грамадзян па даных пытаннях, кансультуюць. Дапамогу ў гэтым аказвае юрыдычны аддзел райвыканкама.

Як паведаміла галоўны спецыяліст аддзела эканомікі Юлія Глобуз, у 2014 годзе ва ўпаўнаважаны орган паступіла 9 зваротаў. Сёлета – адзін. Мінулагоднія датычыліся няякаснай устаноўкі вокнаў прадпрымальнікам, вырабу мэблі. Скардзіліся на няветлівае абслугоўванне ў аб’ектах грамадскага харчавання, на асартымент прадуктаў у гандлёвых кропках.

У выпадку, калі прадавец ці выканаўца паслугі адмаўляецца задаволіць законнае патрабаванне спажыўца добраахвотна, можна звяртацца ў суд з іскамі аб абароне правоў спажыўцоў. У мінулым годзе і ў нашым раёне адна з такіх спраў вырашылася ў судовым парадку.

Ёсць яшчэ адзін аспект. Іншы раз і самі пацярпелыя вядуць сябе не лепшым чынам – абражаюць, палохаюць, зневажаюць. А трэба ўсяго толькі граматна, дакладна і карэктна выказаць сваю нязгоду, зварот ці прапанову. Давайце будзем узаемаветлівымі.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *