Па-чэмпіёнску. І па-суседску. Спаборнічаюць ляхавіцкія спартсмены

Фізкультура і спорт. Яны заўсёды ідуць побач, нягледзячы на тое, што знаходзяцца на розных полюсах. Без першага няма другога, а спорт і ёсць фізічная культура, даведзеная да мастацтва. Спачатку пра “мастацтва” з усходнім каларытам. Зноў Магілёў. На гэты раз спарткомплекс “Алімпіец” прымаў першынство Рэспублікі Беларусь па дзюдо сярод юніёраў.  Гэта значыць, што ўзрост удзельнікаў турніру абмяжоўваўся 21 годам, а яго адкрыты статус дазваляў спаборнічаць і барцам з-за мяжы нашай краіны. Чым не прамінулі скарыстацца дзюдаісты з Расійскай Федэрацыі, Украіны, Малдовы. Вагі турніру надаваў і той факт, што разглядаўся ён у якасці аднаго з этапаў адбору кандыдатаў на ўдзел у юніёрскім кантынентальным першынстве.

Сваё высокае майстэрства пацвердзіў наш Уладзіслаў Цярпіцкі. Былы выхаванец Ляхавіцкай ДЮСШ, які ў вагавай катэгорыі “плюс 100” узначальвае на гэты час рэспубліканскі юніёрскі рэйтынг, стаў лепшым і на магілёўскім татамі. Паездку “на Еўропу” гэта вікторыя не гарантавала, аднак зрабіла яе яшчэ больш рэальнай.

Прыкладна ў тыя ж дні на базе Русінавіцкага ФАКа спаборнічалі аграгараджане. У госці да гаспадароў наведаліся фізкультурнікі з Начы. Матчавая сустрэча, якая атрымала назву “Добрыя суседзі”, была першым падобным вопытам у раёне. Але не ў краіне: у шэрагу рэгіёнаў гэта ўжо трывалая традыцыя. Валейбол, настольны тэніс, міні-футбол, більярд, дартс, шашкі, шахматы і перацягванне каната – дысцыпліны, што складалі праграму “суседскіх” гульняў. Перамагло сяброўства: у палове з названых відаў першынствавалі госці, столькі ж перамог пакінулі за сабой гаспадары турніру. Асноўныя арганізатарскія клопаты па яго правядзенні ляглі на ФСК “Колас”, спонсарскую нагрузку ўзялі на сябе СВК “Ляхавіцкі” і ДП “Нача”. Ядро каманд і складалі працаўнікі названых гаспадарак.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *