Незаробленая зарплата

Зарплату трэба зарабіць.  Летась прадукцыйнасць працы перавышала тэмп росту сярэднямесячнай зарплаты ў СВК “Шлях новы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, ДП “Нача”, ільнонасенстанцыі. У гэтых сельгаспрадпрыемствах выпрацоўка на аднаго чалавека склала ад 247 да 322 мільёнаў рублёў. А вось у СВК “Ліпнянка”, “Тальмінавічы”, “Востраў-Агра” заработная плата расце на 16 працэнтаў хутчэй, чым выручка.

Адчуваючы недахоп уласных абаротных сродкаў, сельгаспрадпрыемствы бяруць крэдыты на іх папаўненне. Размер фінансавых абавязацельстваў на пачатак года склаў 310,6 мільярда рублёў і павялічыўся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 8,2 працэнта. У тым ліку крэдыторская запазычанасць складае 183,5 мільярда рублёў (з якой пратэрмінаваная – 33,8 мільярда), запазычанасць па крэдытах і пазыках – 127,1 мільярда рублёў (пратэрмінаваная – 2,2 мільярда рублёў). Маючы пратэрмінаваную крэдыторскую запазычаснасць, прадпрыемствы не могуць планаваць свае расходы, бо, згодна пастаноў эканамічнага суда, робіцца спісанне выручкі. Такія сельгаспрадпрыемствы не могуць атрымаць ільготныя крэдыты на набыццё гаруча-змазачных матэрыялаў, мінеральных угнаенняў. Выснова відавочная: каб не залазіць у даўгі, трэба працаваць з прыбыткам. Па сцвярджэнні намесніка старшыні райсельгасхарчу па эканоміцы Ірыны Страмавус, эканамічны аналіз гадавой дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў раёна, паказвае: некаторым вытворцам сельгаспрадукцыі да поспеху яшчэ вельмі далёка. Радуе тое, што па выніках работы за мінулы год сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна няма банкрутаў. Страты ад рэалізацыі прадукцыі атрымалі СВК “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”, “Ліпнянка”. Збожжавыя ў гэтых сельгаскааператывах далі з кожнага гектара па 21 – 24 цэнтнеры (з улікам урадлівасці зямельных угоддзяў планавалі атрымаць не менш як 30). У выніку сабекошт тоны збожжа склаў 2 мільёны рублёў, сярэднераённы паказчык – 1 мільён 239 тысяч рублёў. У “Ліпнянцы” і “Востраве-Агра” стратным аказалася вырошчванне рапсу. На вытворчасць цэнтнера зерня гэтай культуры па раёне затрачана ў сярэднім 0,5 чалавека-гадзіны, а ў Востраве – 2,7, Ліпску – 0,8. Летась у “Востраве-Агра” сеялі лён. З 30 гек-тараў валавы збор склаў 14 тон ільновалакна пры ўраджайнасці 4,7 цэнтнера з гектара. Усё вырашчанае так і засталося ў гаспадарцы – якасць не адпавядае патрабаванням. Затраты на вытворчасць прадукцыі значныя, а выручка нулявая. Не парадаваў і агарод, хоць моркву, сталовыя буракі, цыбулю вырасцілі нядрэннымі, ды няўдала збылі – фермерскай гаспадарцы ў Віцебскую вобласць, якая да сённяшняга дня не разлічылася.

Ірына Страмавус зазначае, што ў некаторых сельгаспрадпрыемствах вельмі высокі сабекошт нарыхтаваных кармоў — эканамічна нявыгадны. Напрыклад, вытворчы сабекошт тоны сена па раёне складае 270,5 тысячы рублёў, а ў СВК “Ліпнянка” – 549,6 тысячы рублёў, “Востраў-Агра” – 280 тысяч. Намнога вышэйшы за сярэднераённы і сабекошт тоны сенажу.

Усё гэта, зразумела, адбіваецца на сабекошце атрыманай прадукцыі жывёлагадоўлі. У СВК “Ліпнянка”страты ад рэалізацыі малака склалі 1 мільярд 816 мільёнаў рублёў, у “Востраве-Агра” – 739 мільёнаў, “Тальмінавічы”—746 мільёнаў рублёў. На атрыманне страт ад рэалізацыі малака паўплываў і высокі расход кармоў на цэнтнер яго вытворчасці: пры норме 1,1 цэнтнера кармавых адзінак было выкарыстана ад 1,8 да 3 цэнтнераў кармавых адзінак. Акрамя таго, страты гаспадарак узраслі і ад нізкаякаснасці малака. СВК “Ліпнянка” летась адправіў на перапрацоўку толькі 22 працэнты малака вышэйшым гатункам, “Тальмінавічы” – 46 працэнтаў. Калі падсумаваць, атрымліваецца, што ў СВК “Ліпнянка” па дойным статку недаатрымана выручкі ад рэалізацыі прадукцыі на 4 мільярды 23 мільёны рублёў, у СВК “Тальмінавічы” – на 4 мільярды 238 мільёнаў рублёў, амаль на 2 мільярды — у СВК “Востраў-Агра”. А гэта азначае, што ў “Ліпнянцы” страчана магчымасць павялічыць штомесячную зарплату работнікам амаль на 2,5 мільёна рублёў, у “Тальмінавічах” і “Востраве-Агра” – на 2 мільёны. Дарэчы, з пачатку года зарплата ў гэтых трох гаспадарках знаходзіцца ў межах 2 мільёнаў 700 тысяч рублёў – як спрацавалі, так і атрымалі.

Ірына Страмавус прывяла некалькі станоўчых прыкладаў гаспадарання, якія, па сутнасці, фарміруюць канчатковы вынік работы ўсяго раёна. У СВК “Шлях новы” рэнтабельнасць вытворчасці збожжа склала 61 працэнт (вынік самы прадукцыйны), амаль 50 – у СВК “Жарабковічы”, 45 – у ДП “Нача”, 36,6 працэнта — у СВК “Ляхавіцкі”. У СВК “Ляхавіцкі” рэнтабельнасць ад вырошчвання рапсу склала 112 працэнтаў! Гэты ж сельгаскааператыў па выніках работы за мінулы год стаў самым паспяховым па вытворчасці малака. Ад кожнай каровы надаілі па 7564 кілаграмы малака – трэці вынік у абласным спаборніцтве. Малочная жывёлагадоўля тут заўсёды была прыбытковай, а летась чысты прыбытак склаў 6 мільярдаў 418 мільёнаў рублёў. Рэнтабельнасць вытворчасці малака у СВК “Ляхавіцкі” самая высокая – 29 працэнтаў.

Амаль 8 мільярдаў рублёў прыбытку ад малочнай галіны атрымалі ў СВК “Шлях новы”. СВК “Жарабковічы” ад вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур паклаў у скарбонку гаспадаркі 6 мільярдаў 876 мільёнаў рублёў, цукровых буракоў – 10 мільярдаў 55 мільёнаў рублёў (рэнтабельнасць – 73 працэнты).

Можна і далей рабіць параўнанні і высновы. Аднак усе яны будуць зводзіцца да аднаго: добрую зарплату трэба зарабіць.

Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *