Хатка пры дарозе. Гэта ўсё, што засталося ад вёскі Літоўка

Паміж Альхоўцамі і Падсаколлем, у паўсотні метраў ад шашы, стаіць адзінокая, крыху пахіленая на бок хатка. Яблыні з замшэлымі рагатымі галінамі нібы прыкрываюць яе ад вятроў і завірух, што часта гуляюць у чыстым полі. А навокал – прастор, які дзе-нідзе перапыняецца купкай бяроз ці вербалозу (рэшткі былых сядзібаў), у далечыні — могілкі, дзе знайшлі свой апошні прытулак многія мясцовыя жыхары. Гэта ўсё, што засталося ад вёскі Літоўка.
Было бачна, што хутарок жылы: пратаптаная сцежачка, на струхнелых слупах, якія некалі былі часткай плоту, сушыліся чыгунок, каструля, ручнік. З сонечнага боку сядзібы размясціліся рознакаляровыя вуллі. Відаць, нехта з аматараў-бортнікаў папрасіўся “на пастой”, бо надта ж месца тут прыдатнае: наўкол луг з прыродным разнатраўем, непадалёку лес.
Вельмі захацелася ступіць на гэтую сцежку, адчыніць скрыпучыя дзверы старэнькай хаты і пазнаёміцца з яе насельнікамі. Але насустрач ужо ішла жанчына ў гадах – невысокага росту, вельмі рухавая, з прыветнай усмешкай і на дзіва гаваркая…

— Не часта да мяне завітваюць госці. Хто вы такія?
Пазнаёміліся і Алена Ракусевіч адразу згадзілася расказаць пра сябе, сваю вёску, якой тая была некалі, вяскоўцаў, што жылі побач, і пра прыцягненне роднай зямлі, якое яе трымае тут, у бацькоўскай хаце.
Некалі вёска Літоўка аб’ядноўвала тутэйшыя хутары: кожная сям’я мела свой зямельны надзел, які апрацоўвалі самастойна, там і хаты будавалі. Іх сядзіба аказалася непадалёку ад дарогі: бацька быў рымарам, і так зручней было людзям наведвацца за збруяй для коней, якую ён вырабляў. Маці працавала спачатку на сваёй зямлі, пасля – у калгасе. У сям’і гадавалася чацвёра дзяцей – два браты і дзве сястры. Той час Алена Дзям’янаўна ўспамінае з асаблівым замілаваннем. Цэлымі кошыкамі насілі дамоў грыбы, ягады, асабліва маліну і чарніцы (надта ж багатымі лічыліся тутэйшыя лясы). А дома бацька пасадзіў сад, які штогод радаваў сям’ю духмянымі яблыкамі. На гульні збіраліся дзеці з усіх хутароў. А як падраслі, сталі ладзіць “маёўкі”, на якія запрашалі музыкаў з Гукова. Кавалеры прыходзілі да тутэйшых дзяўчат з Крывога Сяла, Вялікіх Лукаў…
Час праляцеў, як адно імгненне: змянілася жыццё, сталі дарослымі дзеці і раз’ехаліся хто куды – у кожнага свае клопаты.
Алена таксама падалася ў Баранавічы. Яе залатыя рукі спатрэбіліся на фабрыцы мастацкіх вырабаў: вышывала прыгожыя ўзоры. У горадзе атрымала аднапакаёўку – жыві сабе
і радуйся. Але так і не змагла там прывыкнуць. Кожны дзень мроіўся бацькоўскі дом, які ўжо даўно апусцеў, але цягнуў да сябе нейкай магічнай сілай. Пераехала ў Літоўку і адразу ажыла: свежае паветра і цішыня. Дома і сцены дапамагаюць – Алена Дзям’янаўна адчувае сябе абароненай і, што самае важнае, шчаслівай.
— Мне ўжо 78 гадоў, але адчуваю сябе добра і, думаю, гэта ад таго, што я – дома, дзе ўсё мне роднае і блізкае. Не сяджу без справы: вунь там у мяне запланавана градка з бульбай, ёсць маленькая цяплічка, маліну пасадзіла, клубніцы, будуць свае агурочкі, цыбуля, моркву пасею. Бывае, стамлюся ад работы, прысяду на прызбе і пачну успамінаць… Некалі ўсе хутаране мелі па некалькі кароў, і коні былі. А пасля сталі сірацець хаты. Паглядзіце, вунь там, справа, жылі Мікола і Алена Лойкі, а там, дзе вербалоз, – Кавалёў хутар, далей Тамаш жыў, непадалёку ад яго – Кірылік… Сёння ўжо няма нікога з іх. Дзе сядзібы стаялі – быллё парасло, ад іншых хутароў і следу няма.
Але аднымі ўспамінамі не пражывеш, патрэбен і хлеб надзённы. І тут былі праблемы: шаша побач, транспарт ходзіць пастаянна, а даехаць нават да Альхоўцаў, не гаворачы пра Ляхавічы ці Баранавічы, складана. Алена Дзям’янаўна дабілася, каб зрабілі тут прыпынак аўтобуса па запатрабаванні. І сёння на абочыне шашы насупраць хутара Алены Ракусевіч такі знак стаіць. Звычайна аўтобусам Свяціца —Баранавічы яна едзе ў горад за прадуктамі і іншымі пакупкамі. Як сродак сувязі са знаёмымі і патрэбнымі службамі – мабільны тэлефон.
— Я выпісвала раённую газету “Ляхавіцкі веснік”, але цяпер гэтай магчымасці пазбаўлена: паштавікі не хочуць насіць да мяне ні газет, ні пенсію, маўляў, ”ужо такой вёскі няма”, — скардзіцца апошняя жыхарка Літоўкі. — А я была б рада, каб хоць раз у месяц завітваў паштальён…
Іншы раз, зразумела, бывае цяжка на душы: Алена Дзям’янаўна засталася не толькі апошняй жыхаркай вёскі, але і адзінокай па жыцці. Але вяртацца ў сваю гарадскую аднапакаёўку не збіраецца. З нецярпеннем чакае вясну, каб заняцца агародам. І каб кожны дзень любавацца навакольнай прыгажосцю: расцвіце бацькаў сад — не важна, што яму столькі гадоў і ўжо мала на дрэвах квецені і пладоў. Важна, што ён яшчэ жывы і радуе сваю сённяшнюю гаспадыню. І вёска Літоўка афіцыйна пакуль не знікла з карты нашага раёна.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Бацькаўшчына не адпусціла ад сябе Алену Ракусевіч.

Аматар-бортнік Часлаў Маркушэўскі заўсёды з мёдам.

One thought on “Хатка пры дарозе. Гэта ўсё, што засталося ад вёскі Літоўка

  • 16/03/2015 в 17:00
    Permalink

    Жалко что много деревень сейчас исчезают с карты.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *