Хто ў бытоўцы кватарант? «ЛВ» пацікавіўся асартыментам паслуг Ляхавіцкага КБА

Якая жанчына не марыць выглядаць прывабна, прыгожа і стыльна? Для таго, каб валасы, твар, рукі, ногі былі дагледжанымі, адных толькі дамашніх касметычных працэдур яўна не дастаткова. Без цырульнікаў, касметолагаў, майстроў манікюру і педыкюру не абысціся. Гэта ж самае датычыцца і рамонту адзення ці абутку – не кожны “сам сабе майстар”.

У нашым райцэнтры (пра вёскі размова нават не ідзе – там з гэтым увогуле надзвычай напружана) месцаў, дзе ўсё гэта робяць прафесіяналы, афіцыйна толькі два: цырульня “Фантазія” (прыватнага прадпрыемства “Свет паслуг”) і камбінат бытавога абслугоўвання, які год назад стаў падраздзяленнем КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”.

Пацікавімся, якія паслугі прапануе і якія ўмовы створаны для абслугоўвання кліентаў у КБА.

Будынак у цэнтры горада на вуліцы Леніна. Вакол добраўпарадкаваная тэрыторыя, нарэшце падрамантавалі і прыступкі. На першым паверсе прыватныя разнастайныя гандлёвыя кропкі, тут жа рамонт гадзіннікаў, юрыдычная кансультацыя, аўташкола – памяшканні арандуюцца. Ад “бытоўкі” засталася абутковая майстэрня. Гэта паслуга была і застаецца надзвычай запатрабаванай, хаця ў апошні час канкурэнтаў становіцца больш, нішу актыўна асвойвае прыватны бізнес. Цяпер у абутковай майстэрні працуюць 3 абутнікі і прыёмшчыца заказаў. Цэны на паслугі прымальныя. Напрыклад, набойкі металічныя на невялікі абцас каштуюць 28 тысяч рублёў, паставіць “маланку” на жаночыя боты – 26-28 тысяч рублёў. Праўда, заказаў цяпер не так многа. Паслуга, якая раней прыносіла прыбытак, сёння стратная. Прычым, як адзначыла намеснік дырэктара жылкамунгаса па эканоміцы Алена Ксёнжык, як і ўсе іншыя бытавыя паслугі.

Майстар па манікюры (з нядаўняга часу яна ж робіць карэкцыю і афарбоўку броваў і веек) працуе праз дзень, акрамя нядзелі. Цэны на паслугі – дэмакратычныя: манікюр з пакрыццём пазногцяў лакам каштуе 57900 (для параўнання: у прыватніка – 126600) рублёў. Але пастаяннага наплыву кліентаў усё ж няма. Прафесіяналізм майстра манікюрнай справы сумненняў не выклікае, жанчыны якасцю работы задаволены. Магчыма, пакуль не сезон, і летам колькасць тых, хто клапоціцца пра дагледжанасць рук, павялічыцца. Але ёсць яшчэ адзін аспект. Мала прыемнага, калі табе робяць манікюр, а побач — за фіранкай замест перагародкі — нехта мые галаву ці пахне хімікатамі для завіўкі валасоў. Адразу ўсплывае параўнанне з камунальнай кватэрай.

Што датычыцца ўмоў, то тут яны, мякка кажучы, непрывабныя. Вокны старыя, таму і скразнякі, падлога “шчарбатая”, абсталяванне служыць, мабыць, з моманту ўвядзення будынка ў эксплуатацыю. Гэта ”назапашвалася” дзесяцігоддзямі, а цяпер паўстала ”ў поўны рост”.

Як расказала майстар участка бытавога абслугоўвання Зінаіда Кумейша, 4 цырульнікі (адзін з якіх працуе ў бальніцы) выязджаюць па графіку ў 12 комплексных прыёмных пунктаў ”на раён”. Найбольш запатрабаваны іх паслугі ў Тухавічах (майстар бывае кожную суботу), Жарабковічах, Начы. Для даведкі: жаночая стрыжка ў сярэднім каштуе 64 тысячы рублёў, мужчынская — 44 тысячы.

Побач з цырульняй цэх па пашыве. Некалькі швачак (на 3,5 стаўкі) і закройшчыца – сённяшняе атэлье па-ляхавіцку. У сувязі з аптымізацыяй у ЖКГ пенсіянеры тут перастаюць працаваць з 1 красавіка.

— Апошнім часам узрасла колькасць кліентаў, якія аддаюць перавагу індывідуальнаму пашыву адзення. Паслуга ў нас танная. Пашыць спадніцу каштуе ад 100 тысяч рублёў. Закройшчык вельмі патрэбны, — зазначае Зінаіда Кумейша.

Акрамя выканання інды-відуальных заказаў, тут шыюць спецадзенне для розных структурных падраздзяленняў камунгаса.

Пракат – яшчэ адна з паслуг КБА. Тут можна ўзяць у часовае карыстанне тэлевізары, халадзільнікі, посуд. Плаці 100 тысяч рублёў — і на месяц халадзільнік твой. Бытавая тэхніка — самая запатрабаваная ў пракаце.

Нямногія ляхавічане ведаюць, што ў КБА можна здаць рэчы ў хімчыстку ці афарбоўку (праўда, апрацоўка праводзіцца ў спецыялізаваных прадпрыемствах Баранавічаў).

Здалося, што на кватэры ў якасці бедных сваякоў у КБА — …уласныя падраздзяленні бытоўкі. Магчыма, зручней было б, напрыклад, старому чалавеку прыйсці ў цырульню на першы паверх, чым падымацца па лесвіцы на другі.

Нядаўна давялося пачуць, як адміністрацыя райбальніцы скардзілася на няякасныя паслугі пральні: бялізна, якая вяртаецца пасля мыцця, непрывабнага выгляду, бывае нават парваная. Медыкі ўспамінаюць, што з гэтым не было праблем, калі адпраўлялі рэчы на мыццё ў Баранавічы. Пра ляхавіцкую пральню (яна выйграла апошні тэндар на аказанне паслуг) у іх водгукі яўна са знакам “мінус”. Хаця, як расказала Алена Ксёнжык, ёсць і адваротны бок сітуацыі:

— Бялізна, якая паступае з райбальніцы, папярэдне не апрацоўваецца неабходнымі прэпаратамі, і ўмовы дастаўкі хутчэй антысанітарныя.

З боку іншых прадпрыемстваў і арганізацый (установы адукацыі раёна, некаторыя будаўнічыя, Баранавіцкі ліцэй машынабудавання і г.д.), якія карыстаюцца паслугамі камунгасаўскай пральні, нараканняў і скаргаў няма, адзначылі ў ЖКГ.

Дарэчы, апошнім часам павялічылася магутнасць пральні. За ўласныя сродкі камунгас набыў новую пральную машыну на 35 кілаграмаў загрузкі. У бліжэйшых планах — набыццё новага гладзільнага прэса. У ЖКГ спадзяюцца, што да канца года пральня выйдзе на самаакупнасць.

Яшчэ мінулым летам дырэктар камунгаса Аляксандр Мядзвецкі сярод асноўных праблем бытоўкі назваў кадравую: “ Не хапае кваліфікаваных швачак, закройшчыкаў, цырульнікаў, майстроў па манікюры. Але і гэта набалелае пытанне плануем вырашаць”. Прайшло больш за 8 месяцаў з той размовы.

— Кадравае пытанне пачало вырашацца. Чакаем у бліжэйшы час вопытнага майстра-закройшчыка, нават ёсць пэўная канкурэнцыя на месца. На практыку прыходзяць маладыя цырульнікі. Калі паспяхова зарэкамендуюць сябе, то застануцца і надалей. Абавязкова будзем паляпшаць умовы працы работнікаў. У перспектыве плануем на першым паверсе будынка КБА, дзе пакуль аўташкола, размясціць нешта накшталт салона прыгажосці, каб ляхавічанкі маглі ў адным месцы ў сучасных зручных умовах скарыстацца прафесійнымі паслугамі цырульніка, майстра па манікюры, педыкюры і г.д. Сродкі на гэта пойдуць уласныя, камунгасаўскія, — абазначыў перспектыву Аляксандр Мядзвецкі.

— За мінулы год страты ад работы КБА склалі 1 мільярд 286 мільёнаў рублёў. Камунгасу з бюджэту было выдаткавана 197 мільёнаў. Дадаўшы яшчэ 60 мільёнаў уласных сродкаў змаглі купіць спецыялізаваны аўтамабіль для выезду на сельскія КПП і пральную машыну. На гэты год плануецца больш за 193 мільёны выдзеліць на прэс-сушылку, — расказвае Алена Ксёнжык.

На завяршэнне другой чаргі рэканструкцыі з мадэрнізацыяй будынка КБА па вуліцы Леніна (замена вокнаў, столі, сістэмы вентыляцыі, касметычнага рамонту ў цэхах), замену інжынерных сетак ў будынку па вуліцы Южакова, набыццё новага тэхналагічнага абсталявання, па падліках эканамічнай службы камунгаса, патрабуецца звыш 3 мільярдаў рублёў.

Пакуль жа задаволіць насель-ніцтва якаснымі паслугамі і камфортнымі ўмовамі іх аказання не вельмі атрымліваецца.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

4 thoughts on “Хто ў бытоўцы кватарант? «ЛВ» пацікавіўся асартыментам паслуг Ляхавіцкага КБА

  • 18/03/2015 в 21:13
    Permalink

    Согласна с тем, что условия в парикмахерской далеки от хороших. Несколько месяцев назад делала там маникюр. Мастер с работой справилась достойно. мне понравилось. Но сама обстановка неуютная. Больше пока нет желания туда идти. Лучше больше заплатить,но в более комфортных условиях .

  • 18/03/2015 в 21:17
    Permalink

    Лестница там действительно крутая. Спускалась, чуь не упала. В КБО лично сдаю только обувь в ремонт — цены тут нормальные. А вот парикмахерским больше доверяю в другом месте, в КБО больше по старинке.

  • 24/03/2015 в 15:59
    Permalink

    Объясните, почему перастали делать в КБО педикюр! Вряд ли бы ляховичанки отказалались воспользоваться и услугами профессионального косметолога. И ещё одно маленькое замечание: индпошив одежды есть, а вот закройшчик не может предложить даже эскизы модных моделей. Шьют наверное тольки юбки прямые, мужские брюки и постельное бельё?

  • 24/03/2015 в 16:02
    Permalink

    Привела в парикмахерскую сына в январе. Мастер начала подстригать и попрыскала волосы водой, так сын закричал: «Ой, холодно! И это не только было сказано от холодной воды, но и от температуры внутри помещения.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *