Дзяржкантроль і давер. Першы намеснік старшыні КДК Рэспублікі Беларусь Іван Рамановіч правёў у Ляхавічах “прамую тэлефонную лінію” і прыём па асабістых пытаннях

Усе звароты грамадзян першы намеснік старшыні КДК Рэспублікі Беларусь Іван Рамановіч вывучаў дэталёва.

У мінулы аўторак жыхары раёна мелі магчымасць задаць свае пытанні, падзяліцца набалелымі праблемамі з адным з кіраўнікоў Камітэта дзяржкантролю. Першы намеснік старшыні КДК Рэспублікі Беларусь Іван Рамановіч правёў у Ляхавічах “прамую тэлефонную лінію” і прыём па асабістых пытаннях.

Кожны жадаючы мог патэлефанаваць на “прамую лінію” са сваімі пытаннямі і прапановамі. Такой магчымасцю скарысталіся некалькі жыхароў нашага раёна. Усе звароты вывучаліся ўважліва і дасканала. На некаторыя з іх адказы даваліся адразу, па іншых неабходны больш дэталёвы разбор.

Інваліда-калясачніцу, якая жыве ў райцэнтры, цікавіла, калі нарэшце будзе заасфальтавана вуліца Куйбышава. Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч патлумачыў, што рамонт гэтай вуліцы запланаваны на бліжэйшыя гады. Іван Рамановіч, уважліва выслухаўшы сутнасць праб-лемы, зазначыў, што яна будзе вывучацца, застанецца на кантролі да вырашэння.

Жыхар аграгарадка Ліпск лічыць, што адна з яго суседак самавольна завалодала зямлёй, нямэтава яе выкарыстоўвае, да таго ж стварае нязручнасці асабіста яму: “ні трактар, ні машына ў двор заехаць не могуць”. Першы намеснік старшыні КДК даў даручэнне старшыні Камітэта дзяржкантролю Брэсцкай вобласці Дзмітрыю Баско праверыць разам з прадстаўнікамі землеўпарадкавальнай і іншых службаў агучаныя факты і ўстанавіць, ці былі парушэнні.

Як зазначыў Іван Рамановіч, практыка правядзення “прамых тэлефонных ліній” пацвярджае, што жывы дыялог дае нямала важнай інфармацыі для работы. Супрацоўнікі КДК дасканала разбіраюцца па кожным звароце грамадзян, каб аказаць людзям своечасовую дапамогу, калі ўшчамляюцца іх законныя правы і інтарэсы.

Пасля завяршэння “прамой лініі” першы намеснік старшыні КДК правёў прыём грамадзян.

Неаднойчы ў розныя інстанцыі ад імя жыхароў вёсак Карані, Тумашы, Дайнякі звяртаўся іх зямляк з просьбай аб дапамозе ў газіфікацыі. Дэталёва азнаёміўшыся з усімі акалічнасцямі справы, якой, дарэчы, ужо 9 гадоў, Іван Рамановіч паабяцаў трымаць пытанне на кантролі, параіў вяскоўцам сваю частку грошай, што будуць накіраваны на газіфікацыю, укласці ў распрацоўку праект-на-каштарыснай дакументацыі.

Звярталіся ляхавічане і з іншымі набалелымі праблемамі, якія датычылі добраўпарадкавання, прыватызацыі, рамонту жылля, налічэння пенсій, стажу, працаўладкавання, аказання адраснай сацыяльнай дапамогі і г.д.

Былая работніца абласной псіхіятрычнай бальніцы “Крывошын” не згодна з тым, на якіх падставах яе звольнілі з работы больш за 2 гады назад, ёсць у жанчыны пытанні і па афармленні пенсіі.

86-гадовая ляхавічанка не адно дзесяцігоддзе імкнецца дабіцца прызнання яе членам сям’і незаконна рэпрэсіраваных і пазней рэабілітаваных. Яна шчыра падзякавала першаму намесніку старшыні КДК за разуменне і добрыя словы, а таксама раённай уладзе за падтрымку і аказанне матэрыяльнай дапамогі з бюджэту.

У доме № 12 па вуліцы Южакова (ведамаснае жыллё ПМК-17) усяго 6 кватэр, астатняя частка былога інтэрната сёння пустуе. 40 гадоў тут не было капітальнага рамонту. У кватэрах холадна, дах цячэ. За ўласныя сродкі памянялі ўваходныя дзверы, сіламі ПМК-17 зроблены рамонт часткі даху, уцяпленне дома. На парадку дня – бягучы рамонт дома і добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол яго. Жыльцы гатовы прыватызаваць кватэры, але ім не даюць такой магчымасці. Непакоіць іх і тое, у якім непрыглядным стане знаходзіцца пустуючая частка дома. Старшыня райвыканкама ўзяў пад асабісты кантроль гэты зварот, адзначыўшы: “усё, што знаходзіцца ў кампетэнцыі ўлады, будзе вырашана станоўча. Ужо ў бліжэйшы час змены адчуюцца”.

Пенсіянерка з аграгарадка Жарабковічы, якая раней працавала на чыгунцы, прыйшла на прыём вельмі ўзрушанай: праўленне СВК “Жарабковічы” адмовіла ёй у выдзяленні зямлі пад пасадку бульбы, хаця раней давала такую магчымасць. Заяўніца ў роспачы, сур’ёзна заклапочана, чым карміць 3 каровы, частку малака ад якіх яе сям’я, дарэчы, прадае дзяржаве. Першы намеснік старшыні КДК даў даручэнне разабрацца ў сітуацыі і адзначыў, што самаўпраўства ні з боку кіраўніцтва гаспадаркі, ні з боку сельсавета не павінна быць. І нагадаў, што развіццё асабістых падсобных гаспадарак неабходна заахвочваць, а не наадварот.

Жыхарку вуліцы Матросава ў райцэнтры непакоіць тое, што вада, якая сцякае з вуліцы, разбурае фундамент яе дома. Як запэўніў старшыня райвыканкама , у бліжэйшыя дні камісія вывучыць праблему з выездам на месца.

—Відавочна, што грама-дзяне звяртаюцца ў КДК, як у інстанцыю, у якой выслухаюць і абавязкова паспрабуюць дапамагчы. Гэта гаворыць, перш за ўсё, пра давер людзей, сведчыць пра адкрытасць, празрыстасць і публічнасць работы супрацоўнікаў Дзяржкантролю на розных узроўнях, — рэзюмаваў Іван Рамановіч.

Дзмітрый Баско адзначыў, што з кожным годам усё менш зваротаў паступае ад жыхароў Брэстчыны ў вышэйшыя інстанцыі. Гэта сведчыць, што мясцовыя чыноўнікі сталі больш увагі надаваць менавіта праблемам грамадзян.

Першы намеснік старшыні КДК станоўча адзначыў работу кіраўніка раёна Вячаслава Сельмановіча, яго неабыякавасць да праблем людзей, уменне знаходзіць выйсце з праблемных сітуацый.

Пасля асабістага прыёму Іван Рамановіч пабываў на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» і адзначыў сучасную мадэрнізаваную вытворчасць і выдатныя ўмовы працы на прадпрыемстве. Добрыя ўражанні засталіся і пасля наведвання новага цэха ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Мадэрнізацыя вытворчасці зрабіла льнозавод сучасным прадпрыемствам.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *