Прырода парадку. Чарговая апаратная нарада прайшла ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

У цэнтры ўвагі чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама была ­ інфармацыйная запіска абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету аб стане правапарадку ў прыродаахоўнай сферы на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў 2014 годзе.

Брэсцкая абласная і Ганцавіцкая міжраённая інспекцыі падчас рэйдаў выявілі ў мінулым годзе ў Ляхавіцкім раёне 69 выпадкаў парушэння прыродаахоўнага заканадаўства. З іх 23 факты парушэння правілаў рыбалоўства, 19 ­– палявання, 22 – правілаў лесакарыстання.

Начальнік Ганцавіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Крысюк адзначыў, што лесакарыстанне на тэрыторыі лясгаса вядзецца не на належным узроўні. Як прыклад – 17 пратаколаў, складзеных супрацоўнікамі інспекцыі за парушэнне работнікамі лясгаса ляснога заканадаўства.

Да таго ж, ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”, згодна пастановы эканамічнага суда Брэсцкай вобласці, павінен кампенсаваць шкоду, нанесеную навакольнаму асяроддзю незаконнай высечкай лесу ў 2013 годзе, на суму больш за 213 мільёнаў рублёў.

Падчас справаздачы дырэктара лясгаса Міхаіла Свістуна пра вынікі работы прадпрыемства кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч звярнуў увагу на безумоўнае выкананне заканадаўства, запатрабаваў якаснай і эфектыўнай работы ў прыродаахоўнай сферы ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Старшыня райвыканкама падкрэсліў, што навядзенне парадку ў лесе – справа рук не толькі лясгаса.

На нарадзе ўзнімаліся пытанні забеспячэння дзейснага кантролю за аховай рыбалоўных угоддзяў і ляснога фонду, вядзення паляўнічай гаспадаркі, прыняцця мер па недапушчэнні парушэнняў ляснога заканадаўства.

У абмеркаванні прымалі ўдзел начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя Уладзімір Пятроўскі і дырэктар раённай арганізацыйнай структуры БТПР Валянцін Макрэцкі.

Акрамя гэтага, былі разгледжаны пытанні стану дарожнага пакрыцця і ямачнага рамонту, санітарнага стану населеных пунктаў, правядзення пусканаладачных работ на станцыі абязжалезвання і іншыя штотыднёвыя актуальныя тэмы.

Па ўсіх узнятых пытаннях дадзены канкрэтныя даручэнні.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *