Дзякуй за подзвіг! У Ляхавіцкім раёне медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў” атрымаюць 62 чалавекі

Уладзімір Максімавіч Рабцэвіч з тухавіцкімі школьнікамі.

Ляціць стралою няўмольны час. Тыдні складаюцца ў месяцы, гады – у дзесяцігоддзі. Праз паўсотню дзён іх будзе ўжо сем з часу пераможных салютаў 1945 года. Подзвіг на вякі, падзея найвялікшай значнасці і яркай знакавасці. Да важнага юбілею быў заснаваны медаль “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў”, якім ужо адзначаны ці будуць адзначаны бліжэйшым часам нашы паважаныя ветэраны – хто сваім удзелам у тых гераічных падзеях набліжаў Перамогу. Хто выжыў там і дажыў да дзён сённяшніх.

У нашым раёне медаль атрымаюць 62 чалавекі. 7 з іх пражываюць у населеных пунктах Востраўскага сельсавета. У адзін з нядаўніх дзён да ветэранаў наведаліся старшыня мясцовага сельвыканкама Уладзімір Тадра, вядучы спецыяліст мабілізацыйнай групы райваенкамата Аляксандр Русін. Місія ў вышэйшай ступені ганаровая: уручыць медалі, выказаць словы падзякі, захаплення, павіншаваць, пацікавіцца, як жывецца заслужаным людзям. У той дзень узнагароды атрымалі ветэраны Фёдар Шарапаў і Ніна Шарашавец з Вострава, Ніна Шкляр з Кулікоў, жыхар вёскі Рагачы Іосіф Лешык, тухавічанка Вера Літвінава і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Аляксандр Гунько з Заполля і жыхар Забер’я Уладзімір Рабцэвіч.

Ваенная, ды і ўвогуле біяграфія салдат Перамогі ў нечым падобная. Абодва ўзялі ў рукі зброю ўлетку 1944 года – з завяршэннем вызваленчай для Беларусіі аперацыі “Баграціён”. Аляксандр Гунько прыгадаў: да таго, як уліцца ў рады Чырвонай Арміі, змагаўся з фашыстамі як баец партызанскага атрада. Пасля – фронт. У складзе аднаго са злучэнняў 1-га Беларускага прайшоў сотні вёрст і дзясяткі малых і вялікіх населеных пунктаў. Нялёгка і небяспечна было заўсёды. Смяротна рызыкоўна – многа разоў.

Цырымонія ўручэння Уладзіміру Рабцэвічу медаля “70 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” стала падзеяй і для вучняў Тухавіцкай школы. 90-гадовы салдат стаў іх госцем. Разам з настаўнікамі хлопчыкі і дзяўчынкі падрыхтавалі і правялі сустрэчу-ўшанаванне, урок мужнасці “Дзякуй, салдаты Перамогі, за тое, што не ведаем вайны”. Ветэран узгадаў былое-баявое: расказаў пра першыя тыдні “сваёй” вайны, пра страты, агні і пажарышчы на шляху да пераможанага Берліна, быў цяжка паранены. Цішыня, увага, зацікаўленасць, што панавалі падчас расказа ветэрана, на звычайных школьных уроках, думаецца, – рэдкасць.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фото аўтара.

Аляксандр Міхайлавіч Гунько.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *