Генетыка як частка эканомікі. У мінулую пятніцу прайшло чарговае пасяджэнне Ляхавіцкага раённага выканаўчага камітэта

У  мінулую пятніцу прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. “Усе пытанні парадку дня важныя. Выступленні павінны быць прадметнымі – гаварыць не пра вялікія дасягненні, а пра праблемы і шляхі іх вырашэння”, – задаў тон старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Ход выканання мерапрыемстваў па павышэнні эфектыўнасці племянной работы і ўзнаўлення статка на 2011-2015 гады – асноўнае з разгледжаных, калі меркаваць з пазіцыі адведзенага яму месца ў парадку дня, і дастаткова праблемнае, калі абапірацца на выступленне намесніка начальніка райсельгасхарчу па вытворчасці Максіма Гульковіча.
Павышэнне ўзроўню племянной работы з’яўляецца адным з вызначальных момантаў нарошчвання вытворчасці малака. У дапаўненне да наяўнасці ў гаспадарках трывалай кармавой базы і выкарыстання прагрэсіўных тэхналогій вырошчвання і ўтрымання жывёлы.
Мэта селекцыйна-племянной работы ў малочнай жывёлагадоўлі заключаецца ў павышэнні генетычнага патэнцыялу прадукцыйнасці племянной жывёлы да ўзроўню 8-10 тысяч кілаграмаў малака ў год тлустасцю не менш за 3,8-4,0 і ўтрыманнем бялку не менш за 3,2-3,3 працэнта. Вытворчы генетычны патэнцыял прадугледжваецца падняць да ўзроўню 8,5 тысячы кілаграмаў малака, а атрымаць у бягучым годзе ў сярэднім на карову 6 тысяч кілаграмаў малака.
Па выніках мінулага года ў нашым раёне ў 6 гаспадарках сярэдняя прадукцыйнасць дойнага статка перавысіла 4 тысячы кілаграмаў малака. У іх ліку 2 – з удойнасцю больш за 7 тысяч, 4—з удойнасцю ад 5 да 6 тысяч кілаграмаў малака. Што ёсць, тое ёсць: апошнія гады назіраецца тэндэнцыя павелічэння ў сельгасарганізацыях Ляхавіччыны колькасці высокапрадукцыйных кароў. Так, на 1 студзеня мінулага года ў гаспадарках налічвалася 91 жывёліна прадукцыйнасцю 9 тысяч і больш кілаграмаў малака.
СВК “Ляхавіцкі” – адзіная ў раёне племянная гаспадарка, якая з’яўляецца базавай па ўдасканаленні генетычнай структуры жывёлы і па вырошчванні, і пастаўцы ў спецыялізаваныя структуры краіны і вобласці рамонтных бычкоў.
Былі агучаны метады, спосабы, давалася ацэнка паказчыкаў, што так ці інакш характарызуюць селекцыйна-племянную работу ў раёне ў цэлым і асобных сельгас-прадпрыемствах у прыватнасці. Іх падрабязнасці – гэта фармат спецыялізаванай літаратуры для падрыхтаванай аўдыторыі.
Калі ж простай мовай, было адзначана, што ў раёне ў наяўнасці ўсе неабходныя генетычныя рэсурсы для паляпшэння селекцыйна-племянных якасцяў жывёлы. У сваю чаргу, рэалізацыя генетычнага патэнцыялу магчыма толькі пры якаснай рабоце па ўзнаўленні статка. Як адзначыў дакладчык, для эфектыўнай работы галіны мінімальны паказчык выхаду цялят павінен складаць не менш за 80 галоў на 100 кароў. Статыстыка вельмі важная, як мінімум, трыма сваімі гранямі ўплывае на эканоміку канкрэтнай фермы, арганізацыі, усяго жывёлагадоўчага комплексу. Па-першае, карова, якая расцялілася, па вызначэнні, з’яўляецца больш прадукцыйнай, чым ялавая. Дадатковы кілаграм малака – дадатковы рубель у касу. Па-другое, чым больш маладняку, тым больш манеўру для абнаўлення і павелічэння асноўнага статка. Ну і трэці момант: кожная “лішняя” галава жывёлы – гэта патэнцыяльны тавар павышанага попыту.
Па факту 80 на 100 не атрым-ліваецца. За мінулы год у раёне было атрымана 71 цяля на 100 кароў, што ўсяго толькі на адзінку больш, чым пазалетась. Але і да гэтай лічбы не дабралі 4 аграпрадпрыемствы. З іх 2 – на 10 і больш адзінак.
Як адзначалася, не на належным узроўні вядзецца работа з пагалоўем дойнайга статку ў СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. “Шлях новы” таксама трапіў у спіс гаспадарак-аўтсайдараў па выхадзе цялят на сотню кароў.
Неабгрунтаванае выбыццё кароў, неналежная ўвага пытанням прафілактыкі захворванняў і лячэнню жывёлы, невыкананне тэхналагічных параметраў вырошчвання маладняку буйной рагатай жывёлы – і, як адно з наступстваў, несвоечасовасць падыходу цялушак у стан гатоўнасці да асемянення і іншае.
У шэрагу выпадкаў прычына ўсяго вышэйсказанага – недахоп кадраў. Дэфіцыт спецыялістаў-заатэхнікаў, ветэрынарных урачоў і фельчараў, тэхнікаў-асемянатараў характэрны для многіх сельгаспрадпрыемстваў нашага раёна. Так, заатэхнікамі-селекцыянерамі раён забяспечаны на 63 працэнты, ветурачамі-гінеколагамі толькі на чвэрць ад штатнай патрэбнасці. Найбольшы кадравы “голад” на спецыялістаў названых катэгорый адчуваюць “Ліпнянка”, райаграсэрвіс, “Тальмінавічы”.
Магчыма, сітуацыю выправіць міжгаспадарчая мабільная група па ўзнаўленні статка БРЖ? З патрабаваннем аб распрацоўцы прапаноў і арганізацыі падобнай структуры выступіў старшыня райвыканкама. Да сярэдзіны красавіка адпаведныя раённыя службы павінны выступіць з напрацоўкамі. “Але, калі не будзе матэрыяльнай зацікаўленасці, – не будзе і работы”, – адзначыў Вячаслаў Сельмановіч.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *