Жанчына можа ўсё. І нават больш

З 2009 года па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” у краіне штогод праходзіць конкурс “Жанчына года”. Яго галоўная мэта – ацэнка ролі жанчыны ў сучасным грамадстве, яе ўкладу ў духоўна-маральнае адраджэнне нацыі, сацыяльна-эканамічнае і гуманітарна-культурнае развіццё краіны.

Ушанаванне лепшых жанчын краіны традыцыйна праходзіць ва ўрачыстай абстаноўцы. Сёлета цырымонія ўзнагароджання пераможцаў VII рэспубліканскага конкурсу ”Жанчына года-2014” адбылася ў кангрэс-холе сталічнай гасцініцы “Вікторыя”. Тут сабраліся самыя дастойныя прадстаўніцы прыгожай паловы краіны – тыя, хто дасягнуў значных поспехаў у прафесійнай і грамадскай дзейнасці, у выхаванні дзяцей.

Да ўзнагароджання былі вылучаны 35 кандыдатур у 5 намінацыях. Сярод іх – 5 прадстаўніц Брэстчыны. Загадчыца навукова-асветнага аддзела мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Валянціна Анціпава адзначана ў намінацыі “За ўклад у духоўна-маральнае адраджэнне нацыі”. Пераможцай конкурсу ў намінацыі ”За лідарства і паспяховае кіраўніцтва” прызнана дырэктар Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта” Валянціна Пух. Стваральнік і дырэктар прыватнага педагагічнага прадпрыемства “Май Бэбі” Ларыса Маляўка – сярод пераможцаў у намінацыі “За ўклад у грамадска-патрыятычнае выхаванне моладзі”. Імя жыхаркі Баранавічаў Кацярыны Станкевіч прагучала сярод самых-самых у намінацыі “За поспехі ў выхаванні дзяцей”: у свае 30 гадоў яна не толькі бізнеслэдзі, але і шчаслівая маці… 18 хлопчыкаў і дзяўчынак, чацвёра з якіх – уласныя, а 14 – прыёмныя. Гаспадыня аграсядзібы “На Зарэчнай вуліцы” Ала Палікарпук з Кобрыншчыны падымалася на сцэну як пераможца ў намінацыі “За ўклад у адраджэнне вёскі”.

Словы ўдзячнасці за прафесіяналізм і адказнасць, актыўнасць і нераўнадушнасць, шчырыя сэрцы, у якіх хапае любові і для ўласных дзяцей, і для тых рабят, якія сталі роднымі па волі лёсу, гучалі для лепшых жанчын Беларусі – такіх розных і такіх аднолькава шчаслівых, паспяховых, прывабных. Арганізатары конкурсу падарылі ўсім ім святочны канцэрт. А яны ўсім сваім зямлячкам – упэўненасць у тым, што жанчына можа ўсё. А калі трэба, то яшчэ і больш.

Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *