Там, дзе курцікі жывуць… Мікратапонімы вёскі Падлессе

У Падлескім народным хоры – самыя таленавітыя мясцовыя спевакі і спявачкі.

“Твары вёсак, якія знікаюць” – фотаальбом з такой назвай пабачыў свет напрыканцы мінулага года і стаў вынікам дзейнасці міжнароднага культурнага праекта “Вёска, якая не павiнна знiкнуць”. Ляхавіччыну згаданы праект не закрануў, аднак пра адлюстраванне вясковага каларыту нашай мясцовасці рупіцца раённая газета. Рубрыка “Кропка на карце” папаўняецца ўсё новымі матэрыяламі. Да таго ж, у бягучым годзе супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы бяруць удзел у конкурсе па зборы мікратапонімаў “Мова маёй зямлі”. І сёння хацелася б расказаць пра лакальныя назвы, якія сабрала бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі Ларыса Глеб.

Падлессе – вёска, якая мае вельмі адметны твар, а таксама голас, душу. Апякуюць гэтыя землі Святадухаўская царква і Серафім Жыровіцкі – адзін з 23 навамучанікаў Беларусі, зямны шлях якога пачаўся ў Падлессі ў 1901 годзе. Тут нарадзіліся паэт Анатоль Бярозка, мастак Мікалай Таранда, прафесар, доктар медыцынскіх навук Віталій Ракуць, вучоны-фізік Міхаіл Петух, вядомы савецкі спявак Мікалай Пігулеўскі. У Падлессі не пераставалі спяваць нават у самыя цяжкія гады. Вольга Федчык успамінае, што падчас вайны ў сяле было вельмі многа бежанцаў. Гэтыя людзі перажылі страшныя выпрабаванні, смерць блізкіх, голыя былі, босыя. Але збіраліся і спявалі разам з падляшанамі. Не дзіва, што на гэтых землях больш як 75 гадоў назад утварыўся легендарны Падлескі народны хор, што менавіта гэта дзецішча вядомага музыказнаўцы, кампазітара, дырыжора, улюбёнага ў фальклор Генадзя Цітовіча да сёння радуе землякоў сваёй творчасцю. А ў ранейшыя часы, дарэчы, спяваў дзяк Костка, той самы, пра якога Якуб Колас напісаў у трылогіі “На ростанях”:

— Спяваю няважна, – адказаў Лабановіч, і ў вачах яго бліснуў ледзь прыметны смех, – за практычную лекцыю па спевах у семінарыі наш Костка ледзьве тры з мінусам паставіў.

– Якая костка? – здзівілася старшая пісаранка.

– Выбачайце, не якая костка, а які Костка, – паправіў яе Лабановіч. – Гэта ў нас быў такі настаўнік у семінарыі, які выкладаў спевы і меў прозвішча Костка.

Сённяшняя «Падляшаначка» сілкуецца песеннымі традыцыямі свайго краю.

Жыццёвы шлях прывёў Костку ў Падлессе, дзе ён служыў дзякам. І мясцовай моладзі карцела даведацца, за што ж ён паставіў тройку Якубу Коласу. Бо, як ведаем, вобраз Андрэя Лабановіча класік беларускай літаратуры пісаў з самога сябе. Аднак пачнём аповяд пра мікратапонімы Падлесся, прыгадваючы сёе-тое з гісторыі вёскі.

Паданне сцвярджае, што прататыпам Падлесся было сумнавядомае сяло Падляхавічы, якое месцілася крыху бліжэй да горада. Гэта блізкасць не пайшла на карысць паселішчу. А здарылася вось што… Жылі дзве сястры, адна – у Ляхавічах, другая – у Падляхавічах. І вельмі зацята яны паміж сабою сварыліся. Ад маланкі ў горадзе загарэлася хата, пачаўся пажар. Ад пажарышча ў Падляхавічы вецер прынёс кавалак сала, ахопленага агнём, і сяло згарэла. У такім трагічным выпадку людзі ўбачылі гнеў бога на ліхіх сясцёр і ўвесь час перадавалі нашчадкам гэты аповяд як перасцярогу і заклік да мірнага суіснавання. Сяло адбудавалі на новым месцы. Для гэтага ссеклі лес, ад чаго, відавочна, і пайшла назва Падлессе.

Не так проста было неспрактыкаванаму чалавеку трапіць сюды, асабліва начной парою. І справа не толькі ў тым, што за вёскай дарога была пракладзена праз балота. Больш палохалі агні, якія хадзілі па багне. Лічылася, што нечысць сцерагла людзей і чыніла над імі кпіны… Падляшанін Зыдар вяртаўся з Ляхавіч прыцемкамі. Быў ён на добрым падпітку, прыдрамаў. Конь ведаў дарогу і прывёз гаспадара дадому цэлым і здаровым, толькі без шапкі. Жонка распрагла каня, паклала мужа спаць, ажно чуе грукат у дзверы і словы: “Дарота, на шапку твайго Зыдара!”. Жанчына адчыніла дзверы, у сені паляцеў капялюш. Гаспадыня выглянула на вуліцу. Той, каму трэба было б падзякаваць за неспадзявана вернутую рэч, уцякаў ад хаты на курыных нагах.

…Камсамольская вуліца – назва маладая, савецкая, выцесніла з ужытку мікратапонім Сярэднік. Менавіта тут – сэрца, сярэдзіна Падлесся, яго гістарычны цэнтр. Пад асфальтавым пакрыццём Камсамольскай вуліцы ляжыць старая трактавая дарога. Ездзілі па ёй балаголы (гандляры) з Клецка. Вазілі яны тавар на продаж: соль, сукно і іншыя неабходныя ў гаспадарцы рэчы. Каб падтрымліваць дарогу ў належным стане, мясцовыя жыхары адбывалі шарварку – на вазах прывозілі пясок, падсыпалі тракт. Дарога да царквы была выкладзена каменнем. Брук ляжаў таксама ў канцы сяла да моста.

Далей за Сярэднікам былі Загароддзе, Загуменне, Навоз, Заднік (апошні – каля Зубелевіч). За хатамі ляжала Сераднікова дарога, па якой ганялі ў поле свойскую жывёлу. Пасвілі яе на Рудаўцы, сенажаццю быў Гай, хоць такая “лясная” назва і не пасуе мясцовасці без дрэў.

Падлескія землі, як вядома, вельмі ўрадлівыя. Шабановай гары ў гэтым сэнсе пашчасціла менш. На ўзгорку з досыць кепскай глебай мясціўся хутар шматдзетнай сям’і Шабановічаў. Дзеці раз’ехаліся па свеце, хутар знік, але за тым узгоркам замацавалася назва Шабанова гара. Пра хутарское жыццё Падлесся нагадвае адзінокі свіран за агародамі Камсамольскай вуліцы, пабудаваны з вырабленай у Сваятычах цэглы. Кажуць, калі зносілі хутары, яго проста не далі рады раскідаць. Па другой версіі, свіран пакінулі для патрэб калгаса.

ХХ стагоддзе прынесла ў Падлессе шмат новага: калгас, электрычнасць, першы ў вёсцы радыёпрыёмнік, першы тэлевізар, аўтамабіль. Былі пабудаваны школа, сельскі Дом культуры, магазін, сталовая, іншыя аб’екты. Аднак шмат што знікла назаўжды і ператварылася ва ўспамін, у частку гісторыі мінулага стагоддзя. У пасляваенныя гады не стала двух падлескіх млыноў. Адзін з іх быў паравы, другі – вятрак. Першы згарэў, другі перастаў адпавядаць патрэбам часу і быў разабраны. Раскоп, дзе нарыхтоўвалі гліну – Глінішча, засыпаны. На яго месцы пабудавана сталовая. Каля СДК была сушня, куды вазілі сушыць і церці лён. Непадалёк “пры Польшчы” пабудавалі малачарню – прыёмны пункт, дзе сепарыравалі малако. За смятану плацілі грошы – яе вазілі ў Баранавічы. А перагон (пустое, абястлушчанае малако) вярталі людзям, якія яго аддавалі свінням.

Недалёка ад Падлесся, каля рэчкі Шавялёўкі, месціліся Старыя Ляхавічы. Гэты населены пункт быў пазначаны яшчэ на картах Ляхавіччыны XVI-XVIII стагоддзяў. Цяпер ад яго засталася толькі назва. У Падлессі памятаюць, што жыў у Старых Ляхавічах польскі легіянер (ці асаднік) Касаты. Служылі ў яго найміты-замежнікі, сярод якіх былі літоўцы Наюліс, Гаргалюнус. З часам падначаленыя Касатага перабраліся ў Падлессе, стварылі сем’і. Самога Касатага напаткаў сумны лёс. Жонка пакінула яго і з’ехала ў Польшчу. Польскі афіцэр не перажыў гэтага і застрэліўся. Стала яму беларуская зямля апошнім прытулкам.

Бадай кожная важная гістарычная падзея ХХ стагоддзя так ці інакш закранула Падлессе. Пра Першую сусветную вайну расказваюць вось што… У вёску прывозілі параненых рускіх салдат з-пад Дарава. Іх было многа. Людзі ляжалі на вуліцах, у гумнах. Патраўленыя газам салдаты прасілі кіслага малака. Шмат іх памерла. Воінаў хавалі ў брацкіх магілах на мясцовых могілках. “Вялікія такія капцы былі насыпаны…” – успамінае Вольга Федчык. На жаль, памятнага знаку пра гэта на могілках няма.

Ці ўсведамлялі жыхары навакольных вёсак унікальнасць і самабытнасць падляшан? Так. І называлі іх курцікамі за тое, што ў Падлессі было заведзена шыць і насіць менавіта такое верхняе адзенне– курцікі. У Жарабковічах насілі доўгую вопратку. Таму мясцовае насельніцтва называлі бурносамі. На зарытаўцаў казалі гупала, на шавялёўцаў – мымхалы. У Кавалях жылі гундалі, ва Улазавічах – рымцы. Спадзяёмся, нікога з жыхароў названых вёсак гэтыя словы не абразяць. Таму што ніякай іншай мэты, акрамя захавання гістарычнай памяці, у аўтараў данага артыкула няма.

Калі ж у чытача з’явілася жаданне адчуць атмасферу падлескай даўніны, раім яму завітаць у Падлескую сельскую бібліятэку. Тут сабрана шмат маўклівых сведкаў мінуўшчыны: старадаўнія ліхтары, падсвечнікі, музычныя інструменты, саламяныя корабы, дакументы, адзенне, прадметы побыту. І вы пачуеце расказ пра кожны з экспанатаў краязнаўчага міні-музея.

Матэрыял сабрала бібліятэкар Падлескай сельскай бібліятэкі Ларыса ГЛЕБ.

Уступнае слова, літаратурная апрацоўка намесніка дырэктара па рабоце з дзецьмі Ляхавіцкай РЦБС Таццяны АРЛОЎСКАЙ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА і з архіва Падлескага СДК.

Святы Серафім Жыровіцкі

З цікавасцю знаёмяцца з гісторыяй вёскі юныя падляшане

Падлеская Святадухаўская царква пабудавана ў другой палове ХVІІІ ст.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *