Не ўсякая вадзіца для купання гадзіцца. Як зрабіць, каб купальны сезон у Ляхавіцкім раёне быў бяспечным і камфортным?

Зона адпачынку ў Дараве на сенняшні дзень мае такі выгляд...

Пытанне аб мерах па паляпшэнні аховы жыцця людзей на вадаёмах і падрыхтоўцы да купальнага сезона 2015 года значылася на парадку дня сакавіцкага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта.

Афіцыйна створаныя зоны адпачынку на Ведзьме ў рысе горада, на рацэ Шчара ў Дараве і вадаём у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Чайка” з прыходам купальнага сезона трапляюць пад забарону для купання. Прычыны ва ўсіх трох выпадках прынцыпова не адрозніваюцца і заключаюцца ў звышнарматыўнай забруджанасці вады. І так з году ў год, чым Ляхавіччына нявыгадна адрознівалася ад іншых рэгіёнаў вобласці. У жніўні мінулага года старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч запатрабаваў ”дакапацца” да прычын такой сітуацыі. Была створана камісія ў складзе спецыялістаў шэрага раённых профільных службаў. Правялі адпаведны маніторынг, прааналізавалі, узнікла версія, што ўсяму пачатак — водарасці. Шчыльнае зарастанне імі вадаёмаў, наступнае іх адміранне і гніенне павышаюць утрыманне ў вадзе арганічных злучэнняў. Чым гарачэй становіцца надвор’е і, адпаведна, расце градус вады, тым больш актыўным і інтэнсіўным становіцца гэты працэс. Версію ўскосна пацвярджае і тое, што на пачатку сезона ўсе пробныя адборы і даследаванні гавораць аб адпаведнасці вады неабходным стандартам. Вадаёмы атрымліваюць допуск, з якім вымушаны развітацца ў самы пік сезона…

Як прагучала пры абмеркаванні пытання, паўплываць на сітуацыю можна двума спосабамі. “Скарміць” водарасці рыбам і пазбавіцца ад іх механічна. Ва ўмовах адкрытасці вадаёмаў першае можа не спрацаваць: спецыяльна запушчаную рыбу не прывяжаш да канкрэтных берагоў, вельмі верагодна яе міграцыя ў мясціны больш “глыбокія”.

Застаецца касіць. Летась такая практыка мела месца на Ведзьме. Але толькі адзін раз за сезон, чаго, здаецца, яўна мала. Чаротакасілку неабходна пускаць 3-4 разы за лета. Абавязковай умовай з’яўляецца і выграбанне скошанага з вады.

Па вадаёме ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Чайка” нямала зроблена яшчэ мінулым годам пасля завяршэння аздараўленчага сезона. Але кропка не пастаўлена: шэраг работ запланаваны і на гэты год.

У зоне адпачынку ў аграгарадку Дарава стаіць задача арганізацыі часовага выратавальнага паста. На 4 месяцы, пачынаючы з мая. Патрэбна памяшканне, камплект спецыяльных прылад і абсталявання, плавальны сродак, штат выратавальнікаў у складзе двух чалавек.

У гарадской зоне адпачынку пост бяспекі арганізаваны. На працягу трох летніх месяцаў, калі працуе лагер, дзейнічае ён і ў “Чайцы”. Але наспела неабходнасць у яго даўкамплектаванні.

Канешне, усім тром пляжам напярэдадні купальнага сезона “паказаны” рамонт і абнаўленне. Афарбоўка, напрыклад, лавак, ”грыбкоў”, іх рамонт у выпадку неабходнасці, аднаўленне інфармацыйных стэндаў, іншай інфраструктуры.

Акрамя ўзаконеных, так скажам, зон адпачынку, ёсць на тэрыторыі раёна шэраг іншых, прыцягальных у летнюю спякоту мясцін. Напрыклад, па перыметры аднаго толькі вадасховішча “Мінічы” можна налічыць не адзін падобны астравок адпачынку. Нярэдка падобныя месцы вельмі хутка ператвараюцца далёка не ў востраў чысціні. Наадварот, абгорткі, бутэлькі ўсіх памераў і відаў, сляды вогнішчаў становяцца іх візітоўкай. “Неабходна прымаць меры па недапушчэнні засмечвання прыбярэжных палос”, – адзначыў у сувязі з гэтым намеснік старшыні аблкамітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Маслабоеў, які прыняў удзел у пасяджэнні. Старшыня аблсавета Асвод Рамуальд Садоўскі звярнуў увагу на пытанні бяспекі, на бездакорнае выкананне правілаў паводзін ля вады і на вадзе. Алкаголь і вада з’яўляюцца несумяшчальнымі рэчамі. Дзеці павінны знаходзіцца пад пастаяннай пільнай увагай дарослых, ніякага свавольства. Ніколі і ні ў якім выпадку нельга заплываць за буйкі. Усе гэтыя вядомыя правілы стаяць на варце нашай бяспекі.

Падрыхтоўка да купальнага сезона павінна быць завершана да 1 мая.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота  Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *