Агонь патрабуе кантролю

Сітуацыя з веснавымі паламі ў Ляхавіцкім раёне па-ранейшаму застаецца напружанай. Толькі за мінулыя суткі падраздзяленні РАНС 3 разы выязджалі на ліквідацыю ўзгаранняў сухой травы ў в. Свяціца, Задвор’е, Волька. Выяўлены ўзгаранні травы на торфапалях і ў лясах каля Свяціцы, дзе было праведзена частковае абворванне зямель. Для ліквідацыі палаў была задзейнічана тэхніка і сілы РАНС, СВК “Ліпнянка” і лясгаса. Дзякуючы сумесным намаганням удалося папярэдзіць далейшае распаўсюджванне агню на лес і пабудовы.

Работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з прадстаўнікамі ПМС, лясгаса, экалагічнай службы правялі 182 прафілактычныя рэйды. Для моніторынгу сітуацыі ў лясах выкарыстоўваюцца 3 вышкі, у Востраўскім і Крывошынскім лясніцтвах ажыццяўляецца відэаназіранне. Паблізу населеных пунктаў уладкавана 37 мінералізаваных палосаў, абапал пажаранебяспечных участкаў – 15.

З пачаткам пажаранебяспечнага перыяду падраздзяленні РАНС 34 разы выязджалі на ліквідацыю веснавых палаў. Найбольш неспрыяльная сітуацыя складваецца ў Востраўскім, Крывошынскім, Жарабковіцкім сельсаветах. Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб пажарнай бяспецы ў экасістэмах і на прысядзібных участках прыцягнуты 35 чалавек, сумма штрафаў склала 11 млн. 250 тыс.рублёў.

Асноўная прычына пажараў – чалавечы фактар. Людзі паляць траву і не задумваюцца, да чаго гэта можа прывесці. Сонечнае надвор’е, якое ўсталявалася за акном, і вецер — спрыяльныя ўмовы для ўзнікнення пажару.

Ірына Тукай, спецыяліст РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *