Прачнуліся, аднак…

З-за цёплай зімы ў нашай вобласці ўтварыліся спрыяльныя ўмовы для выжывання кляшчоў.  1 студзеня гэтага года ў Брэсце зарэгістраваны першы пацярпелы ад укусу кляшча.

У 2014 годзе па Брэсцкай вобласці ў 1,2 раза ўзрасла колькасць кляшчоў у прыродзе ў параўнанні з 2013 годам. На 10 працэнтаў павялічылася колькасць пацярпелых ад іх укусаў, адзначаны рост захворваемасці клешчавымі інфекцыямі сярод насельніцтва.

Іксодавы клешч можа быць пераносчыкам дзевяці ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў на тэрыторыі нашай краіны. Штогод рэгіструюцца клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз.

У мінулым годзе па вобласці за медыцынскай дапамогай з выпадку прысмоктвання кляшчоў звярнуліся 4575 чалавек, у Ляхавіцкім раёне – 111 (з іх дзяцей да 17 гадоў – 23).

Вірусным клешчавым энцэфалітам у вобласці захварэлі 38 чалавек. Лайм-барэліёзам заразіліся 155 чалавек (у раёне зарэгістравана 8 выпадкаў Лайм-барэліёзу, клешчавы энцэфаліт не рэгістраваўся).

30,4 працэнта даследаваных кляшчоў аказаліся носьбітамі клешчавых інфекцый (лясны масіў паміж вёскамі Альхоўцы і Задвор’е, лясны масіў у Мыслабажы, в. Свяціца і інш), у 2013 годзе – 23 працэнты (па Брэсцкай вобласці – 35,3 працэнта).

Пашыраецца тэрыторыя знаходжання іксодавых кляшчоў ад лясоў да паркаў і лесапасадак у гарадах і сельскіх населеных пунктах, а таксама садова-агародных участкаў. Значная колькасць укусаў кляшчоў адзначаецца на дачных участках, у сельскіх населеных пунктах і на тэрыторыях новабудоўляў, там, дзе несвоечасова праводзяцца работы па добраўпарадкаванні і касьба травы, што прыводзіць да павелічэння колькасці мышападобных грызуноў, пракарміцеляў кляшчоў.

Улічваючы цёплае надвор’е ў сакавіку, на тэрыторыі раёна і вобласці можа рэзка павялічыцца колькасць “сустрэч” насельніцтва з кляшчамі (выезды на прыроду, работа на дачных участках, нарыхтоўка бярозавіку, паходы, пікнікі і іншыя мерапрыемствы) і, як вынік, рызыка захворвання людзей клешчавымі інфекцыямі.

Трэба памятаць: калі кляшчы трапляюць на адкрытыя часткі цела чалавека (рукі, ногі), яны рэдка прысмоктваюцца на бачных месцах, а часцей запаўзаюць пад адзенне. Пры гэтым дастаткова доўга (у сярэднім 30 мінут, часам і 2 гадзіны) выбіраюць месца для прысмоктвання. Клешч прысмоктваецца не адразу і можна паспець выявіць яго. Пасля наведвання лясной зоны трэба зняць усё адзенне і прагледзець складкі і швы. Добра агледзець усе прадметы, што выносяцца з лесу, а таксама жывёл.

Ступень абароны ад нападу кляшчоў можна намнога павялічыць, прымяніўшы для апрацоўкі адзення спецыяльныя хімічныя сродкі – адпужвальныя (рэпелентныя) і забіваючыя (акарыцыдныя).

Вялікае значэнне для прафілактыкі заражэння мае правільнае выдаленне кляшча. Лепш выкарыстоўваць бяспечныя спосабы: з дапамогай пінцэта, якім кляшча асцярожна выцягваюць за брушка, злёгку расхістваючы; з дапамогай пятлі з ніткі, накінутай на кляшча як мага бліжэй да хабатка, выкручваючы яго па гадзіннікавай стрэлцы.

Месца ўкусу пасля выдалення кляшча трэба апрацаваць трохпрацэнтным перакісам вадароду, ёдам або любым спіртавым растворам. Кляшча змясціць у любую невялікую ёмістасць са шчыльна прылягаючай накрыўкай.

Калі кляшча ўсё ж не дасталі, трэба як мага хутчэй звярнуцца ў лячэбна-прафілактычную ўстанову, дзе гэта зробіць урач і назначыць прафілактычнае лячэнне. Самога кляшча можна даставіць у Баранавіцкі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі па адрасе: г. Баранавічы, вул. 50 гадоў ВЛКСМ, д. 9, дзе і вызначаць, наколькі клешч небяспечны для вашага здароўя. Даследаванне платнае.

Ларыса КЕНДЫШ,

памочнік урача-эпідэміёлага.

Фота з сайта http://baikalpress.ru

One thought on “Прачнуліся, аднак…

  • 30/03/2015 в 13:01
    Permalink

    Сущая правда — клещи атакуют во всю. Живу в частном секторе, собаку укусил клещ так, что еле спасли в минской ветеринарной клинике. Подскажите, как можно обезопасить территорию приусадебного участка от этих наасекомых? Выполняет ли районный центр гигиены и эпидемиологии такие услуги?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *