Нашы дыпломы цэняць. У Расійскай Федэрацыі ведаюць пра Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж

Расіянкі ў Беларусі: Лідзія Сірак, Марыя Талчэева, Яўгенія Плявака.

У Расійскай Федэрацыі ведаюць пра Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж і пра тое, што кадры спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці з дыпломамі гэтай навучальнай установы маюць сур’ёзную тэарэтычную і практычную падрыхтоўку, а значыць, заўсёды запатрабаваныя. Не рэдкасць, калі выпускнікі расійскіх школ прымаюць рашэнне вучыцца ў Беларусі. Летась, напрыклад, заатэхнічнае аддзяленне ЛДАКа закончыла Юлія Кулікова, Аляксандр Чорны атрымаў дыплом ветфельчара і ўладкаваўся на працу ў нашай краіне. Сёлета 5 навучэнцаў з расійскім грамадзянствам спасцігаюць сельскагаспадарчыя прафесіі ў ЛДАКу. Неўзабаве дыпломы ветфельчараў атрымаюць Лідзія Сірак і Марыя Талчэева, заатэхнікам стане Рада Казлова, аддзяленне плодаагародніцтва заканчвае Уладзіслаў Салаўёў. Спецыялістаў з беларускімі дыпломамі чакаюць у расійскіх сельгаспрадпрыемствах, але рабяты не супраць застацца працаваць і ў Беларусі.

Вялікай папулярнасцю сярод вучнёўскай моладзі краіны і, у прыватнасці, школьнікаў нашага раёна карыстаецца прадметная алімпіяда Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычнае і духоўнае адзінства”. Штогод у ёй прымае ўдзел усё больш юных ляхавічан, летась свае работы на алімпіяду прадставілі 10 нашых землякоў. Кожны год абавязкова ёсць пераможцы. Сёлета пахвальны водзыў на сваю работу атрымала гімназістка Ніно Квернадзэ.

У планах педагогаў і вучняў школ раёна выкананне агульнаадукацыйных мерапрыемстваў па развіцці супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Па-ранейшаму моладзь нашага раёна будзе прымаць удзел у міжнародных спартыўных спаборніцтвах, арганізаваных у Расійскай Федэрацыі, а таксама сустракаць у Ляхавічах расійскіх юных аматараў спорту.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *