Датыкнуцца да святыні. Такую магчымасць мелі ляхавічане, калі ў Крыжаўзвіжанскай царкве выстаўлялася ікона Георгія Перамаганосца

У дзень, калі праваслаўная царква ўшаноўвае памяць Святога велікамучаніка Георгія Перамаганосца (6 мая), на святую гару Афон (Грэцыя) у Вялікую Лаўру тутэйшага манастыра з ўсяго свету прыязджаюць паломнікі, каб дакрануцца да святыні – абраза Святога Георгія. Незвычайнасць і асаблівасць іконы, напісанай у 13 стагоддзі ў тым, што яна самавыяўленая. Калі ікону прывозяць у храмы розных краін свету, людзі гадзінамі стаяць у чарзе, каб папрасіць у Святога Георгія заступніцтва і дапамогі.

Такую магчымасць атрымалі на мінулым тыдні ляхавічане, якія вечарам прыйшлі ў Святакрыжаўзвіжанскую царкву, куды прывезлі святыню. Архіепіскап Пінскі і Лунінецкі Сцефан расказаў пра жыццёвы шлях святога, пакуты, якія ён перанёс за хрысціянства, і цуды, якія здзейсніў. Дарэчы, як сведчаць гістарычныя дакументы, напачатку XVI стагоддзя ў Ляхавічах дзейнічала Святагеоргіеўская царква.

Як расказаў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко, велікамучаніка Георгія называюць яшчэ і Перамаганосцам за вялікую мужнасць і перамогу над мучыцелямі, якія не маглі яго прымусіць адмовіцца ад хрысціянства.

З пакалення ў пакаленне перадаюцца расказы людзей з розных краін свету і розных веравызнанняў пра цуды, што адбываюцца з тымі, каму пашчасціла датыкнуцца да абраза. Святы Георгій абараняе ад бед, пазбаўляе ад хвароб і няшчасцяў, дапамагае ва ўсіх добрых пачынаннях. Здароўя для сябе і сваіх блізкіх, дапамогі і парады прасілі ў яго і ляхавічане.

Акрамя нашага райцэнтра, ікона пабывала ў іншых прыходах Пінскай епархіі.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *