Беларусы атрымаюць магчымасць праглядаць цыфравыя копіі старажытных дакументаў

Шлях сумеснага выкарыстання краінамі культурных каштоўнасцей эфектыўны. Такую думку выказаў старшыня Нацыянальнай камісіі Беларусі па справах ЮНЕСКА, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Уладзімір Шчасны 5 лютага на брыфінгу, прысвечаным супрацоўніцтву Беларусі і ЮНЕСКА па сумеснаму выкарыстанню культурнай спадчыны.
Цяпер дзякуючы сучасным тэхналогіям атрымаў распаўсюджванне такі шлях вяртання культурных каштоўнасцей, як перадача лічбавых копій дакументаў або прадастаўленне на доўгатэрміновы дэпазіт. Прыклад апошняга ў Беларусі — выстава слуцкіх паясоў з фондаў расійскіх музеяў. Спачатку экспанаты былі перададзены на дэпазіт на год, тэрмін прадоўжаны яшчэ на год, і зусім верагодна, што прадаўжэнне будзе.
Беларусь актыўна падключылася да праграмы «Памяць свету», ініцыятарам якой стала ЮНЕСКА. Вынікам стаў шэраг значных праектаў. Так, Дзяржаўнаму музею гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі перададзены на электронных носьбітах і мікрафільмах копіі архіва Міхала Клеафаса Агінскага (каля 6 тыс. старонак), які захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным архіве старажытных актаў. «Гэта вельмі багаты матэрыял, таму што ён змяшчае неапублікаваныя музычныя творы Міхала Клеафаса Агінскага, яго неапублікаваныя мемуары і вельмі цікавую перапіску бацькі Клеафаса Агінскага Андрэя Агінскага, які быў паслом Рэчы Паспалітай, з каралём Польшчы Станіславам Аўгустам Панятоўскім. Гэта матэрыял, які раней нідзе не публікаваўся, цяпер даследчыкі маюць магчымасць атрымаць доступ да яго», — расказаў Уладзімір Шчасны.
Сумесна з украінскім бокам вядзецца віртуальная рэканструкцыя бібліятэкі Храптовічаў, перададзенай на захоўванне прадстаўнікамі гэтага ўплывовага роду ў 1913 годзе Кіеўскаму універсітэту Св.Уладзіміра. Калекцыя ўключае 2 тыс. тамоў, але для Беларусі асаблівую цікавасць ўяўляюць каля 50 выданняў. Гэтыя выданні будуць пераведзены ў лічбавы варыянт і прадастаўлены Беларусі ў абмен на копіі матэрыялаў, якія цікавяць украінскіх калег, з калекцыі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Самы маштабны праект у дзейнасці па вяртанні ў Беларусь культурных каштоўнасцей пры падтрымцы ЮНЕСКА — праект па віртуальнай рэканструкцыі бібліятэкі і архіваў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў. Па ініцыятыве Беларусі праект быў рэалізаваны сумесна бібліятэкамі і архівамі шасці краін, на тэрыторыі якіх знаходзяцца захаваныя часткі архіўна-бібліятэчнага комплексу Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў: Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Фінляндыі.
Ажыццёўлены таксама шэраг больш дробных праектаў. Напрыклад, для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі атрымана віртуальная копія Евангелля Васіля Цяпінскага, якое захоўваецца ў Архангельскім абласным краязнаўчым музеі, падрыхтаваны дыск «Падпольны партызанскі друк» і іншыя.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *