Зверылі карты. У Ляхавічах адбылася сустрэча прадпрымальнікаў з кіраўніцтвам раёна

Такія сустрэчы ўжо традыцыя і паўтараюцца з гадавой перыядычнасцю. Хоць, дзеля дакладнасці адзначым, нядаўні дыялог кіраўніцтва раёна з бізнесменамі меў, усё ж, некалькі іншы фармат. У адрозненні ад ранейшай практыкі, запрашэнне да ўдзелу ў “круглым стале” з уладай атрымала больш вузкае кола прадпрымальнікаў – прыкладна тры дзясяткі прадстаўнікоў бізнесу. Хто даўно на рынку, паспяхова працуе і дае работу іншым, стабільны ў развіцці, з’яўляецца актыўным экспарцёрам, чые падатковыя адлічэнні вызначаюцца аб’ёмамі. “Звузіць” рамкі мерапрыемства было ініцыятывай саміх прадпрымальнікаў. Маўляў, такія ўмовы разнявольваюць, стымулююць актыўнасць, падштурхоўваюць да больш канструктыўнай размовы. Нешта накшталт “сустрэчы без гальштукаў”.

“Нам неабыякава, як ідуць справы ў прадпрымальніцтве, малым і сярэднім бізнесе раёна. Ваш уклад у эканоміку і сацыяльнае развіццё ўсё больш важкі, мае станоўчую дынаміку. Мы хацелі даведацца, што вас сёння хвалюе, пачуць прапановы, пытанні да ўлады. У сваю чаргу, і ў нас ёсць да бізнесу некаторыя прапановы, пытанні і пажаданні”, – адкрыў сустрэчу старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч.

Што ўяўляе сабой бізнес раёна, якая роля і ў чым яго сацыяльнасць і значнасць для эканомікі раёна? Інфармацыю такога кшталту агучыла намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кацуба.

На пачатак бягучага года ў раёне дзейнічала 146 малых і сярэдніх прадпрыемстваў прыватнай формы ўласнасці. 39 з іх аказваюць рознага роду паслугі, для 37 сферай дзейнасці з’яўляецца гандаль, 27 – вытворцы прамысловай прадукцыі, 12 спецыялізуюцца на будаўніцтве, рамонтабудаўніцтве, дрэваапрацоўка стала вытворчай вотчынай для 9 прадпрыемстваў, а сельская гаспадарка — для 22. Яшчэ 385 нашых землякоў вядуць эканамічную дзейнасць у статусе індывідуальнага прадпрымальніка. Для большага ўяўлення пра месца ў жыцці раёна бізнес-сектара эканомікі прывядзём наступныя лічбы: у малым бізнесе працуюць 1857 чалавек, што складае больш за 17 працэнтаў ад увогуле занятых у эканоміцы. Прычым, фактычна па ўсіх пазіцыях назіраецца станоўчая дынаміка. Летась, напрыклад, на полі прадпрымальніцтва ўзнікла дзве сотні новых працоўных месцаў. З іх 91 – у сельскай мясцовасці. Доля падатковых адлічэнняў суб’ектаў малога прадпрымальніцтва склала ў 2014 годзе амаль 28 працэнтаў ад агульнараённага.

Развіццё бізнесу значыцца ў ліку дзяржаўных прыярытэтаў, на што, у тым ліку, скіраваны і меры падтрымкі прыватнай ініцыятывы. У рэчышчы апошняга распрацаваны і дзейнічаюць адпаведныя рэгіянальныя праграмы. Прадугледжаны меры фінансавай падтрымкі, матэрыяльна-тэхнічнага, арганізацыйнага ды і маральнага стымулявання развіцця малога і сярэдняга бізнесу. У прыватнасці, аб’екты камунальнай уласнасці, якія не выкарыстоўваюцца або выкарыстоўваюцца неэфектыўна, прапануюцца ў якасці пляцовак для рэалізацыі бізнес-праектаў. Так у мінулым годзе новых гаспадароў, а разам з тым і надзею на новае жыццё атрымалі 3 раней не задзейнічаныя аб’екты камунальнай уласнасці: 2 будынкі былой Сваятыцкай школы і комплекс збудаванняў былога ваеннага палігона ў вёсцы Федзюкі.

Цікавасць і патэнцыяльную выгаду ўяўляюць і лоты гэтага года. Сярод іх будынак былога інтэрната ў Ганчарах, комплекс будынкаў Альхоўскай школы і былога ваеннага гарадка ў Літве, будынак ФАПа ў аграгарадку Дарава, колішні будынак РАУС у райцэнтры.

Для камерцыйнага выкарыстання прапаноўваецца таксама шэраг пляцовак і зямельных участкаў як у горадзе, так і раёне. Мэтавасць не выключае і варыянты арганізацыі на гэтых плошчах аб’ектаў бізнесу. Можна “запусціць” прыдарожны сэрвіс, лагістычны цэнтр, арганізаваць нейкую вытворчасць, аўтамабільныя стаянкі. Апошняе асабліва актуальна і патрэбна для горада. Рост колькасці аўтамабіляў у нашых людзей істотна не паспявае за будаўніцтвам гаражных месцаў. Сёння двары многіх шматпавярховак горада ператварыліся, у нейкай ступені, у машынныя двары. Яўны мінус пытанням і бяспекі, і экалогіі, і эстэтыкі ад такога суседства. Між тым, недарагое ахоўнае месца для стаянкі аўто было б у стане вырашыць праблему, хоць бы і часткова. Прадпрымальніцкі ж інтарэс заключаецца ў “незавоблачнасці” стартавых укладанняў, іх вяртанні ў параўнальна кароткія тэрміны.

Асвоіць выраб імпарта-замяшчальнай прадукцыі, наладзіць экспарт і ўтрымацца ў гэтых нішах няпроста і вялікім ва ўсіх сэнсах арганізацыям. Структурам малога бізнесу тым больш няпроста. Але ж некаторым гэта паспяхова ўдаецца. Напрыклад, ЗАТ “Ляхавіцкі завод “Металапластмас”, тэрмаўсадачныя поліэтыленавыя каўпачкі якога з’яўляюцца прадуктам імпартазамяшчальным, ЗТАА “БелДан”, ТАА “Трансэлектракамплект” і некаторым іншым, пладамі працы якіх карыстаюцца спажыўцы-замежнікі.

У 2014 годзе суб’екты малога прадпрымальніцтва выручылі з-за мяжы 3,4 мільёна долараў ЗША. Атрымліваецца, што больш як кожны чацвёрты выручаны раёнам на знешнім рынку долар – заслуга прыватнікаў.

Як адзначыў старшыня райвыканкама, законапаслухмянасць, празрыстасць работы, стварэнне належных умоў працы для наёмных работнікаў, своечасовасць і памеры заработнай платы, партнёрства пры правядзенні агульнараённых мерапрыемстваў накшталт падрыхтоўкі і хуткага ўжо святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і падобныя пытанні ў дзейнасці малога бізнесу хвалююць уладу ў прыярытэтным парадку.

Пытанняў жа асабліва не было. Бізнесмены гаварылі пра працэнтныя стаўкі па крэдытах, грувасткасць асобных працэдур, высокія, на іх думку, тарыфы на некаторыя паслугі і іншае, што знаходзіцца па-за кампетэнцыяй раённай улады. Многае з пачутага занатаваў прадстаўнік аблвыканкама, што ўдзельнічаў у сустрэчы. З абяцаннем ініцыяваць іх разгляд на больш высокім узроўні.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *