Прывітанне з 1943-га. Стары здымак нагадаў пра добрага чалавека, які нямала зрабіў для Ляхавіцкага раёна ў ваенны і мірны час

Трымаю ваенны фотаздымак з імянным подпісам: “Шматпаважанаму Раману Іванавічу ад Сцепанюка Мікалая Лукіча, якому ў юнацтве давялося быць на Вашай Радзіме ў “Маскве-Свяціцы” – 1943 г. Няхай Вам у жыцці ніколі не будзе таго, што давялося паспытаць мне ў імя шчасця Радзімы і людзей…”. У рэдакцыю гэту дарагую сэрцу рэліквію прынёс наш зямляк, у мінулым старшыня райпо, заслужаны работнік спажыўкааперацыі Раман Русакевіч, якому пашчасціла мець сяброўскія стасункі з цікавейшым і шаноўным чалавекам – адным з тых, хто адлюстраваны на здымку.

…З пяцідзесяці васьмі адведзеных яму зямных гадоў дзясятак быў звязаны з Ляхавічамі. Першы сакратар райкама партыі (з сярэдзіны 60-х па 1975-ы) Мікалай Сцепанюк прыехаў у наш раён саракагадовым. І была ў яго за плячыма вайна: ураджэнец Кобрыншчыны, ён партызаніў у складзе атрада імя Шчорса Брэсцкага злучэння, затым ваяваў франтавіком. Да мірнага дзесяцігоддзя ў якасці кіраўніка раёна дадаецца час, калі ў Вялікую Айчынную даводзілася ў тым ліку і тут, на ляхавіцкай зямлі, змагацца з фашысцкімі акупантамі. Адно з імгненняў партызанскага жыцця (ля ўжо спаленай Свяціцы, удакладніў Русакевіч) выхапіў хтосьці з партызан, у каго быў фотаапарат. Пра словы “Масква-Свяціца” Раман Іванавіч патлумачыў: не выпадкова Сцепанюк выкарыстаў такую назву — “Масквой” вёску называлі таму, што была яна партызанскай.

Мне таксама пашчасціла асабіста ведаць Мікалая Лукіча. Ён нават на наш выпускны вечар у СШ № 1 прыходзіў павіншаваць юнакоў і дзяўчат з заканчэннем школы. І значна пазней на пераддыпломнай творчай практыцы ў абласной “Заре” сутыкалася з ужо загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Брэсцкага абкама КПБ, кандыдатам эканамічных навук Сцепанюком – па-ранейшаму добразычлівым і ўважлівым.

Напярэдадні слаўнага юбілея памяць сэрца, удзячная памяць назвала і прозвішча гэтага сапраўднага чалавека, які набліжаў Вялікую Перамогу, — Сцепанюка Мікалая Лукіча. А памяць сэрца – справядлівая.

Вольга БАРАДЗІНА.

One thought on “Прывітанне з 1943-га. Стары здымак нагадаў пра добрага чалавека, які нямала зрабіў для Ляхавіцкага раёна ў ваенны і мірны час

  • 03/04/2015 в 23:04
    Permalink

    Першы сакратар райкама партыі (з сярэдзіны 60-х па 1975-ы) Мікалай Сцепанюк Калі ласка удакладніце дату пачатку працы у Ляхавічах. Другое. Быў бы вельмі удзячны за спіс з датамі першых сакратароў ды і усёй вертыкалі часоў БССР у Ляхавічах з 1939 па 1991 гг. Нічога прыватнага. Для гістарычнае кнігі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *