Расці, яблыневы сад!

Напрыканцы сакавіка Мінск сустракаў удзельнікаў рэспубліканскага форуму працуючай моладзі. Такога кшталту мерапрыемства, ініцыяванае Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі, прайшло ў нашай краіне ўпершыню. Удзельнічалі ў ім маладыя людзі з усіх рэгіёнаў Беларусі. Ляхавіччыну прадстаўлялі першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк і мастацкі кіраўнік Русінавіцкага СДК Андрэй Цямчык.

Цікавай і змястоўнай стала экскурсія для маладзёжных лідараў па цэхах Мінскага завода колавых цягачоў. Актуальныя пытанні ўздымаліся падчас адкрытага дыялогу “Моладзь Беларусі: традыцыі і будучыня” з удзелам першага сакратара ЦК БРСМ Андрэя Белякова.

Такія сустрэчы важныя і неабходныя, у першую чаргу, для зваротнай сувязі, лічыць Тамара Пракап’юк. Прадстаўнікі самай масавай маладзёжнай арганізацыі выказаліся наконт таго, якая падтрымка ім патрэбна, і пачулі, чаго краіна чакае ад іх. Наша моладзь можа рэалізаваць сябе ў розных галінах. Шмат прыкладаў, калі юнакі і дзяўчаты не толькі паспяхова працуюць на вытворчасці, але з задавальненнем і вынікова ўдзельнічаюць у разнастайных праектах і акцыях. Чаго толькі вартая ініцыятыва будаўніцтва маладзёжнага патрыятычнага цэнтра ў Брэсцкай крэпасці!

Ляхавіцкія ўдзельнікі форуму ўражаны мітынгам-рэквіем “Мы помнім і ганарымся!” у мемарыяльным комплексе “Трасцянец”. У межах рэспубліканскага патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі” юнакі і дзяўчаты пасадзілі яблыневы сад – сярод розных сартоў дрэўцаў ёсць і “слава пераможцам”.

Важна не забываць пра подзвіг нашых дзядоў і прадзедаў, пра цану, заплачаную за Вялікую Перамогу. Тамара Пракап’юк расказала пра інтэрактыўнае пасяджэнне, на якім распрацавана стратэгія паэтапнага развіцця дзейнасці БРСМ у працоўных калектывах. Найбольш актыўныя сакратары пярвічак і члены БРСМ узнагароджаны ганаровымі граматамі арганізацыі і нагруднымі знакамі.

Цудоўным завяршэннем форуму стала канцэртная праграма “Уладзімір Высоцкі. Лепшае” ў выкананні аркестра пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *