У Конькі на «агледзіны». У 13 населеных пунктах Конькаўскага сельсавета пражывае 1740 чалавек

Аб рабоце Конькаўскага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, навядзенні парадку на зямлі і добраўпарадкаванні населеных пунктаў – тэма апошняга выязнога семінара-нарады ў фармаце Дня Савета ўспрымаецца ўжо як радок з класікі. У тым сэнсе, што, як і сам факт правядзення падобных мерапрыемстваў, стала ўжо традыцыйнай. І практычна выніковай, у чым і “чытаецца” іх асноўная сутнасць. А яна хоць бы і ў тым, што сустрэчы гасцей заўсёды папярэднічае падрыхтоўка з мэтай надання максімальнай прывабнасці свайму дому, двару – сваёй зямлі, калі размова заходзіць аб адміністрацыйнай тэрыторыі. У якасці “гасцей” выступілі кіраўніцтва раёна і раённых службаў, старшыні сельвыканкамаў.

Юбілей Вялікай Перамогі абавязвае нас удзяліць максімальна вялікую ўвагу ўсяму, з гэтай падзеяй звязанаму. У тым ліку памятным месцам, абеліскам і помнікам той вайны. Гэтага старшыня райсавета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч запатрабаваў ад удзельнікаў семінара – усё прывесці ў належны стан. А вось яго ацэнка “вельмі многа беспарадку” была дадзена, калі семінар зрабіў прыпынак на ўскрайку аграгарадка Конькі: кювет уздоўж адной з дарог “назбіраў” за зіму нямала таго, месца чаму на сметніку. Кінутыя пэт-бутэлькі, мінулагодняя пажоўклая трава сустракаліся на шляху неаднойчы. Відавочна, у чаканні сезоннага ўпарадкавання. Але, як гучала падчас падвядзення вынікаў Дня, – гэта ледзь прыкметныя “драпіны”, у параўнанні з бруднымі язвамі, што з’яўляюцца ў шэрагу месцаў на тэрыторыі сельсавета. Вакол садова-дачных таварыстваў, на блізкіх да Баранавіч з’ездах дарог перыядычна ўзнікаюць несанкцыянаваныя сметнікі: рэшткі, што застаюцца пасля ўборкі агародаў, будаўнічы “злом”, традыцыйныя адходы. Убіраюцца, у тым ліку, і намаганнямі СВК “Шлях новы”, аднак, многае і не ў лепшым выглядзе паўтараецца зноў.

Конькаўскі магазін харчовых тавараў атрымаў ад удзельнікаў семінара станоўчую адзнаку. Заслужана: добразычлівая загадчык магазіна, вытрыманы асартыментны рад, прывабная раскладка тавару. Звярнула на сябе ўвагу разнастайнасць прадукцыі мясцовага кансервавага завода. Адпаведна таму і выручка, якая істотна перавышае нарматыўна вызначаную. “Усё залежыць ад прадаўца”, – пракаменціраваў сітуацыю старшыня райпо Васілій Некрашэвіч.

Фельчарска-акушэрскі пункт аграгарадка сваю функцыю выконвае толькі ў дні прыезду ўрача – некалькі разоў на месяц, паколькі пастаяннага медработніка на ФАПе няма. А вельмі патрэбен, як заўважыла адна з мясцовых жыхарак: для некаторых – не самых маладых і не надта здаровых – проста памераць ціск становіцца праблемай. Часткова парушаную плітку ганка ФАПа таксама можна “спісаць” на адсутнасць ва ўстановы гаспадара.

А вось у Конькаўскім СДК гаспадарская рука адчуваецца яшчэ на падыходзе. Заўважаеш прыбранасць тэрыторыі, зіхаціць свежая пабелка. Чыста і ў Доме культуры.

Шэраг нараканняў “заслужыла” памяшканне сельскай адміністрацыі. Столь над лесвічнымі пралётамі, што вядуць на другі паверх, істотна страціла свой першачаргова белы колер, некаторыя з пліт падвясной столі ў зале для ўрачыстасцяў вісяць яўна не па стандарце. “Месяц тэрміну, і каб усё было прыведзена ў парадак”, – распарадзіўся старшыня райсавета дэпутатаў.

Конькаўскі – адзін з двух сельсаветаў раёна, на тэрыторыі якіх знаходзіцца па 2 аграгарадкі. “Маніторыць” сацкультбыт Дарава ўдзельнікі нарады пачалі з наведвання гандлёвага комплексу. Магазін райпо, а з нядаўняга часу на арандаваных у апошняга плошчах размясцілася прыватнае кафэ-бар. За вялікай шыльдай з кідкай назвай – утульны інтэр’ер, пачастункі на розны густ і кашалёк.

Далей на маршруце зона летняга адпачынку, аддзяленне паштовай сувязі і далей – да фінішнай кропкі маршрута Дараўскага СДК. Старшыня райсавета засяродзіў увагу на неўпарадкаванасці вуліц, дарог, тэрыторый і на прыкладах таго, як быць павінна.

У выніковым выступленні старшыня сельвыканкама Рамуальд Бубен акцэнтаваў увагу на праблемных пытаннях функцыянавання адміністрацыйнай тэрыторыі. Добраўпарадкаванне, магчымасць асвятлення адной з вуліц вёскі Літва, агульны стан дарог і вуліц. Апошняе асабліва актуальна. Досыць вобразна і жорстка тэма дарог гучала і ў выступленні старшыні СВК “Шлях новы” Аляксандра Вашчука: “Шмат пытанняў. Па галоўных дарогах у Дараве легкавому транспарту праехаць амаль немагчыма”. Але, калі парадак, да якога заклікаў і чаго запатрабаваў ад усіх удзельнікаў семінара старшыня райсавета, часам не каштуе нічога, то таннага шляху да добрых дарог, бадай, не існуе.

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *