Парадак там, дзе працуюць. Тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама — выкананне патрабаванняў Дэкрэта №18

Выкананне патрабаванняў Дэкрэта №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях” – асноўная тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.

Як праінфармавала намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень, па стане на 1 красавіка ў нашым раёне 47 сем’яў знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 7 з іх зарэгістраваны ў райцэнтры. На ўліку тых, каму патрабуецца дзяржаўная абарона, – 4 непаўналетнія з 3 сем’яў. Па-ранейшаму асноўныя прычыны, якія прыводзяць да таго, што дзеці трапляюць у прытулкі – п’янства бацькоў, іх нежаданне працаваць і выхоўваць сваіх сыноў і дачок.

Што датычыцца спагнання з абавязаных асоб расходаў, панесеных дзяржавай на ўтрыманне іх дзяцей, то ў мінулым годзе працэнт кампенсацыі зменшыўся і склаў 51 працэнт замест 56 у 2013 годзе. У першым квартале гэтага года і наогул 39 працэнтаў. Аналізуючы сітуацыю, Дзіяна Трысцень сярод асноўных прычын змяншэння кампенсацыі сродкаў дзяржаве назвала нізкую заработную плату абавязаных асоб пры павелічэнні сумаў дзяржаўнага забеспячэння; несвоечасовае пералічэнне ці адсутнасць пералічэння спагнаных сумаў прадпрыемствамі, якія знаходзяцца за межамі Ляхавіцкага раёна; павелічэнне колькасці прагулаў абавязаных асоб, недастатковы кантроль за выхадамі іх на работу з боку наймальнікаў, слабую работу па прафілактыцы прагулаў з боку раённага аддзела ўнутранных спраў.

Са станоўчага боку ацэнена дзейнасць СВК “Шлях новы” па зніжэнні колькасці такіх прагулаў, СВК “Жарабковічы” – па арганізацыі адпрацоўкі, дапушчаных прагулаў. Па-ранейшаму не прымаюцца меры па папярэджванні прагулаў і арганізацыі іх адпрацоўкі ў “Востраве-Агра”, ПМК-17, ПМК-13. Да таго ж, у “Востраве-Агра” і “Тальмінавічах” застаюцца праблемы са справаздачнасцю, што не дазваляе аператыўна рэагаваць на сітуацыю. У якасці станоўчага прыкладу зноў “Жарабковічы”, дзе наладжана належная работа з абавязанымі: кантроль за іх яўкай на працоўнае месца вядзецца на кожным участку, агульныя даныя накіроўваюцца ў аддзел кадраў.

Старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч даў даручэнні кіраўнікам вышэйзгаданых прадпрыемстваў, упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама на месцы пракантраляваць ход справы. Пры гэтым заўважыў, што неабходна актывізаваць работу судовых выканаўцаў па спагнанні запазычанасці. Ні ў якім разе нельга забываць, што за кожным канкрэтным выпадкам стаяць дзеці. Самая пільная ўвага павінна надавацца тым сем’ям, дзе яны знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Каб пазбегнуць трагічнай сітуацыі, часам лепшым выйсцем бывае забраць іх ад такіх гора-бацькоў…

Другім пытаннем апаратнай нарады быў ход месячніка па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *