Некаторыя гандлююць цвіллю і… паветрам

У першым квартале 2015 года КДК Брэсцкай вобласці сумесна з тэрытарыяльным аддзелам кантролю ўпраўлення кантролю спажывецкага рынку – гандлёвай інспекцыяй Міністэрства гандлю Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці, Брэсцкім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі правёў шэраг пазапланавых праверак рознічных гандлёвых аб’ектаў сеткавых аператараў.

Вынікі праверкі паказалі наяўнасць “цэлага букета” парушэнняў, якія дапушчаны сеткавымі аператарамі пры ажыццяўленні рознічнага гандлю. Ва ўсіх без выключэння правераных магазінах устаноўлены парушэнні правілаў продажу тавараў і вядзення грамадскага харчавання.

Праверкі выявілі незахаванне асартыментных пералікаў, недавядзенне да ведама пакупнікоў неабходнай і праўдзівай інфармацыі пра тавары, несупадзенне інфармацыі на маркіровачных ярлыках аб даце вырабу і тэрмінах годнасці тавараў з маркіроўкай вытворцы і г. д.

Напрыклад, у гандлёвай сетцы ЗТАА “Март Інн Фуд” да пакупніка даведзена недакладная інфармацыя пра дату фасавання цвёрдых сыроў: на ярлыку ўказана дата фасоўкі… заўтрашняга дня.

Пры правядзенні праверкі вагі каўбасных вырабаў, якія прайшлі перадпрадажнае фасаванне і рэалізоўваліся ў правераных магазінах, падчас пераважвання ўстаноўлены разыходжанні ў масе і, адпаведна, у кошце.

Каўбасныя вырабы губляюць у вазе з-за ўсушкі, а каўбаса, узважаная работнікамі аднаго з магазінаў ЗТАА “Март Інн Фуд”, на момант праверкі так і засталася са старой масай і старым цэннікам, у выніку – падман пакупнікоў. Напрыклад, каўбаса варана-вэнджаная “Да чаю” безгатунковая, коштам 86000 рублёў за кілаграм аказалася з недаважваннем у 158 грамаў, розніца ў кошце – 13600 рублёў. І гэта не адзінкавы выпадак. Аналагічныя парушэнні выяўлены і па гандлёвай сетцы магазінаў “Алмі”. Можна толькі здагадвацца, колькі “каўбаснага паветра” было прададзена да прыходу кантралёраў.

Сапраўды, абсалютна абгрунтаваныя довады прадаўцоў з нагоды таго, што некаторыя гатункі каўбас, як і паказала кантрольнае ўзважванне, усыхаюць за суткі на 10 грамаў, але нельга ж гэтыя “ўсохлыя грамы” перакладваць з кішэні пакупніка ў касу магазіна.

Практычна ва ўсіх правераных магазінах прапаноўваліся да рэалізацыі тавары, якія не адпавядаюць патрабаванню захавання іх якасці і бяспекі, з парушэннем тэмпературнага рэжыму.

Праверкі выявілі факты рэалізацыі тавараў з сышоўшым тэрмінам годнасці ад 6 гадзін 30 мінут да 106 дзён, устаноўлена рэалізацыя загніўшай агародніны.

Па выніках праверак службовымі асобамі вынесены прадпісанні аб канфіскацыі недабраякаснай прадукцыі і прыпыненні дзейнасці.

Змяненні ў заканадаўстве, што рэгулююць рознічны гандаль, накіраваны, у тым ліку, на ўпарадкаванне і ўзмацненне жорсткасці ўмоў гандлю тытунёвымі вырабамі і алкагольнымі напіткамі. Так, у заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь, што рэгулююць абарот алкагольных напіткаў і тытунёвых вырабаў, унесены змяненні і дапаўненні, якія ўступаюць у сілу з 1 ліпеня г. г. Уводзяцца абмежаванні па выкладцы тытунёвых вырабаў і іх узораў у вітрынах. Інфармацыя можа размяшчацца толькі ў выглядзе пераліку тытунёвых вырабаў з указаннем іх назвы і кошту.

Таксама забараняецца рознічны гандаль тытунёвымі вырабамі: на гандлёвых месцах на рынках; пры ажыццяўленні рознічнага гандлю па ўзорах пазагандлёвага аб’екта; метадам самаабслугоўвання, іншымі спосабамі, пры якіх пакупнік мае прамы доступ да гэтых вырабаў.

КДК Брэсцкай вобласці.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *